У аўторак у гарадах Расеі адбудуцца жалобныя мерапрыемствы. Паводле вэрсіі сьледзтва, журналістка магла бачыць свайго забойцу ў твар.

7 кастрычніка 2006 году ў Маскве ў доме 8/12 па Лясной вуліцы была забітая вядомая журналістка, аглядальніца «Новой газеты» Ганна Паліткоўская. Сьледзтва дагэтуль не адшукала замоўцаў забойства. У чэрвені 2008 году сьледзтва было скончанае, абвінавачваньні прад’явілі былому супрацоўніку маскоўскай міліцыі Сяргею Хаджыкурбанаву, падпалкоўніку УФСБ Паўлу Рагузаву, а таксама братам Джабраілу ды Ібрагіму Махмудавым. Рустам Махмудаў, якога лічаць непасрэдным выканаўцам забойства, знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Паводле сьледчых, журналістка магла бачыць свайго забойцу ў твар, пра што сьведчыць запіс, зроблены камэрай відэаназіраньня.

Журналістка «Новой газеты» Ганна Паліткоўская вядомая найперш сваімі матэрыяламі на тэму Чачні і Паўночнага Каўказу. Ад ліпеня 1999 году яна шмат разоў выяжджала ў зоны баявых дзеяньняў і лягеры ўцекачоў у Дагестане, а потым у Інгушэціі ды Чачні. Аўтарка дакумэнтальнай кнігі «Падарожжа ў пекла. Чачэнскі дзёньнік». За сэрыю рэпартажаў з Чачні ў студзені 2000 году Ганна Паліткоўская была ўганараваная прэміяй «Залатое пяро Расеі». Іншыя ейныя прэміі: прэмія Саюзу журналістаў РФ «Добры ўчынак — добрае сэрца», прэмія Саюзу журналістаў за матэрыялы па барацьбе з карупцыяй, дыплём «Залаты гонг‑2000» за сэрыю матэрыялаў пра Чачню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?