Беларускай апазіцыі патрэбны рашучы лідэр, структуры і салідарнасць. Такое меркаванне ў інтэрв’ю БелаПАН выказаў былы прэзідэнт Польшчы Лех Валэнса.

«Беларусам патрэбныя сур’ёзныя перамены.

Да свабодных выбараў ляжыць доўгі шлях», — лічыць Л.Валэнса.

Паводле яго слоў, сітуацыя ў Беларусі падобная да становішча ў Польшчы ў 1985 годзе. «Але мы чакаем гэтую краіну — Еўропе патрэбна свабодная і дэмакратычная Беларусь», — заявіў польскі палітык.

На думку Л.Валенсы,

ісці трэба не па шляху сілы, але праз «штодзённую цяжкую працу і ўзаемадзеянне».
У свой час прафсаюз «Салідарнасць», які ён узначальваў, «спрабаваў прыцягнуць новых асоб, людзей з лідэрскімі якасцямі». «Толькі пасля такой няўдзячнай работы, пошуку кампрамісаў мы змаглі паспяхова павесці Польшчу і іншыя краіны Усходняй Еўропы да свабоды мірным шляхам. Цяпер яшчэ засталіся краіны, якія чакаюць магчымасці паўтарыць гэты поспех», — сказаў экс‑прэзідэнт.

Каментуючы адносіны Беларусі з краінамі Захаду і Расіяй, польскі палітык зазначыў, што «падзеі ў Грузіі могуць стаць важным сігналам».

«Прэзідэнт Лукашэнка пачынае пакрысе разумець, што Беларусь не выжыве ў ізаляцыі. Свет сёння іншы, і палітыка Лукашэнкі вядзе краіну і яго самога да правалу.
У сучасным свеце аднаго, няхай нават значнага саюзніка, недастаткова», — упэўнены Л.Валэнса.

З другога боку, польскі палітык выказаў сумненне, «ці не занадта паспешна ЕС ідзе на збліжэнне з Беларуссю». «Мы дагэтуль не ведаем, ці разумее прэзідэнт Лукашэнка, што яго палітыка не будзе паспяховай і выніковай без дэмакратыі і свабоды. Таму што так званы трэці варыянт развіцця, кіруемая дэмакратыя, нічога не зменіць», — заявіў былы прэзідэнт Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?