Ці адбудзецца дэвальвацыя рубля? Ці захаваюцца банкаўскія ўклады?
Магчымыя наступствы сусьветнага фінансавага крызісу для беларускай эканомікі аналізуе эканаміст Дасьледчыцкага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту Зьміцер Крук.

«Скарачэньне золатавалютных запасаў Беларусі (ЗВЗ) у пэўнай ступені ёсьць праявай наступстваў сусьветнага фінансавага крызісу, аднак ня варта перабольшваць значэньне гэтай зьявы, бо памер ЗВЗ увесь час зьмяняецца», — мяркуе эканаміст Зьміцер Крук.

На яго думку,

усё будзе залежаць ад таго, як доўга будзе трываць крызіс і наколькі сур’ёзна пацерпіць ад яго эканоміка Расеі, зь якой мы маем надзвычай шчыльныя гандлёвыя сувязі. Важным фактарам ёсьць цэны на нафту — іх падзеньне адаб’ецца і на нашай эканоміцы.

Банкаўская сыстэма Беларусі напэўна не зазнае тых клопатаў, што займелі нашыя суседзі, бо ўзровень запазычваньняў у замежных банкаў досыць невысокі, а выхад на сусьветныя банкі дастаткова абмежаваны, што натуральна для краіны, эканоміка якой разьвіваецца.

Не пацерпяць, прынамсі, бліжэйшы год, і шараговыя ўкладчыкі, лічыць эканаміст: «У банках цудоўна разумеюць, што любыя прыкметы пагрозы могуць справакаваць масавы адток дэпазытаў, таму там зробяць усё магчымае, каб пазьбегнуць панікі».

У любым разе, падкрэсьліў З. Крук,

Беларусь мае дастаткова ізаляваную ад вонкавых уплываў фінансавую сыстэму, таму на нашую эканоміку сусьветны фінансавы крызыс акажа заўважны ўплыў толькі ў тым выпадку, калі будзе трываць больш за год.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?