Піша Сяргей Дубавец.

Афіцыйна ў нас нішто беларускае не дыскрымінуецца.

Але на справе тут адбываюцца дзіўныя рэчы. Беларускім патрыятызмам прапаганда называе «картинки в твоем букваре», г.зн. тое, што да Беларусі ніякага дачыненьня ня мае. За нацыянальную сымболіку выдаюць намаляваныя ППРБ у 1995 годзе герб і сьцяг, якія ў народзе ахрысьцілі «капустай» і «закат над балотам». З такім самым посьпехам нацыянальнай жывёлай Беларусі можна прызначыць жырафа з Гарадзенскага заапарку ці, яшчэ лепш, Чабурашку. Усе песьні «За Беларусь!» насамрэч пяюцца «За СССР!» Маштабная кампанія выгнятаньня ўсяго беларускага з публічных сфэраў жыцьця з кожным днём набірае ўсё большыя абароты. Быццам нехта нябачны імкнецца «перафарматаваць» нашу краіну пад якую‑небудзь Тамбоўшчыну ці Разаншчыну. Зразумела, пры гэтым вам будуць паўтараць, што гэта — натуральны працэс.

Перасталі камэнтаваць па‑беларуску спартовыя трансьляцыі. На прадуктах і таварах пішуць ня проста па‑расейску, але і з вывертам — па‑волжску окаюць.

Нават немцы ў вайну не займаліся ліквідацыяй беларускай школы. Цяперашняя ўлада робіць гэта «засучив рукава».

Ня буду зараз адмаўляць «натуральнасьць» працэсу ў тых сфэрах, дзе пра гэта можна спрачацца. Вазьму прыклад дзяржаўнае моўнае палітыкі ў самай што ні ёсьць дысцыплінарнай галіне — у дыпляматыі. Усе пасольствы Беларусі за мяжой — а іх дзясяткі — завялі свае сайты ў сеціве. Зразумела, што ніякай самадзейнасьці тут быць ня можа, усё распрацоўвалася цэнтралізавана ў МЗС.

Сайты — рэч асабліва паказальная, бо зьяўляюцца ня толькі візытоўкай нашай краіны, але й дэкляруюць прынцыпы палітыкі дзяржавы ў дачыненьні да ўсіх праяваў жыцьця. Дык вось, за рэдкім выключэньнем сайты «беларускіх» прадстаўніцтваў за мяжой ня маюць версіі па‑беларуску. Ня маюць нават слова па‑беларуску, апрача самога гэтага слова — Беларусь. Уся інфармацыя падаецца па‑расейску + мова краіны, дзе разьмяшчаецца прадстаўніцтва. Калі браць суседзкія краіны, дык толькі пасольства ў Польшчы можна назваць беларускім, астатнія — у Латвіі, Літве, Расеі, Украіне — прадстаўляюць не краіну нашу, не народ, не культуру, а толькі тэрыторыю, квадратныя мэтры, прычым, мяркуючы па мове, мэтры расейскія.

Мяне дзівіць ня столькі гэтае ўпартае ігнараваньне мовы тытульнай нацыі, колькі гатовасьць выглядаць «ущербно» ў вачах усяго сьвету,
бо такой моўнай палітыкі й такіх дыпляматычных сайтаў больш нідзе ў сьвеце няма. Краіна сама дэкляруе… У чалавечай супольнасьці такія паводзіны дзяржавы можна прыраўнаць хіба што з дэманстратыўнымі паводзінамі бамжа, якому напляваць на прыстойнасьць, на тое, як ён выглядае сярод іншых і чым «пахне».

Ігнараваньне мовы свае Радзімы выклікае ў памяці менавіта гэтую формулу са сталінскіх рэпрэсіўных пратаколаў — бомж, бяз пэўнага месца жыхарства.

Зь іншага боку, такое грэбаваньне ўласным выглядам з боку дзяржавы можна растлумачыць тым, што гэтая дзяржава не разьлічвае на сваю даўгавечнасьць і «затачваецца» пад іншую дзяржаву дзеля таго, каб стаць як часткай. Праўда, у гэтым выпадку незразумела, навошта тады столькі пасольстваў і сайтаў гэтых пасольстваў, а тым больш, калі яны ўжо ёсьць, навошта ім выглядаць сярод іншых — бамжамі?

Адказу няма.

Як няма адказу на пытаньне, чаму той ці іншы чалавек становіцца дэманстратыўным бамжом і што яго ў ягоным выкліку ўсім астатнім сагравае.

Зразумела, што неўжываньне роднае мовы — праява зьнешняя. Аднак у дыпляматыі ўсё зьнешняе адлюстроўвае сутнасьць. Бо дыпляматыя — гэта дачыненьні, зносіны, паразуменьне. Калі вы на афіцыйны прыём прыходзіце «бяз гальштука», гэта ўжо значыць, што вы прыйшлі бравіраваць, а не шукаць агульную мову.

Інакш кажучы, «пратакол» дыпляматыі РБ наўмысна не стыкуецца з пратаколам дыпляматыі іншых краін. Прычым тое, што ўсе іншыя гавораць на мове сваіх народаў, дзіўна было б разглядаць як падкоп ці нейкую каверзу. Значыць, праблема тут у нашых правіцелях і дыпляматах. Паколькі беларуская вэрсія (побач з усімі астатнімі), як знак прыстойнасьці і самапавагі краіны, у матэрыяльным сэнсе адносна дзяржбюджэту не каштуе нічога, застаецца зрабіць выснову: дзяржава прынцыпова ігнаруе мову тытульнай нацыі, прынцыпова «ходзіць бяз гальштуку», прынцыпова выстаўляецца на міжнароднай арэне бамжом. Вы са мной дамаўляйцеся, але ведайце наперад, што я — «зь іншай опэры», і ўсе нашы дамоўленасьці нічога ня вартыя.

Сяргей Дубавец, Беларускія навіны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0