8 кастрычніка кіраўнік Украіны Віктар Юшчанка заявіў пра роспуск Вярхоўнай Рады шостага скліканьня, скарыстаўшыся ў якасьці падставы няздольнасьцю парлямэнту стварыць урадавую кааліцыю.
«У сувязі з гэтым я паведамляю аб спыненьні паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады і прызначэньні датэрміновых парлямэнцкіх выбараў», — заявіў В. Юшчанка.
«Дэмакратычную кааліцыю разбурыла чалавечая амбіцыя. Чалавечая амбіцыя аднаго чалавека. Прага ўлады, разыходжаньне ў каштоўнасьцях, перавага асабістых інтарэсаў над нацыянальнымі», — сказаў кіраўнік Ўкраіны, які знаходзіцца з афіцыйным візытам у Італіі. Гэтым ён намякаў на сваю былую саюзьніцу, а цяпер зацятую праціўніцу Юлію Цімашэнку.
***
9 кастрычніка Віктар Юшчанка падпісаў указ аб пазачарговых выбарах у Вярхоўную Раду, якія адбудуцца 7 сьнежня 2008 году.