* * *
Мітрапаліт Філарэт (Кірыла Варфаламеевіч Вахрамееў) нарадзіўся ў 1935 г. у Маскве, у сям’і служачых. Ягоны дзед, Аляксандар Іванавіч, быў вядомы яраслаўскі купец, з 1913 г. патомны дваранін.
Бацька — выкладчыкам Гнесінскай музычнай вучэльні, маці і старэйшая сястра — музычнымі пэдагогамі.
Уладыка Філарэт скончыў маскоўскія духоўныя сэмінарыю (1957) і акадэмію (1961). У 1959 г. прыняў манаства. З 1965 г. — япіскап Ціхвінскі, у 1966—1973 гг. япіскап Дзьмітраўскі, рэктар маскоўскіх духоўных сэмінарыі і акадэміі.
З 10 кастрычніка 1978 г. — мітрапаліт Менскі і Беларускі, адначасова да 1984 г. патрыяршы экзарх Заходняй Эўропы. З 16 кастрычніка 1989 г. патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
З 1992 г. поўны тытул -- мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, сьвяшчэнна‑архімандрыт Сьвята‑Усьпенскага Жыровіцкага манастыра.