- Усім! Усім Усім!
Шлезьвіг і Зальцбург, і далёкі Рым!
І мяшчане славутага Бэрліна!
Ідуць зь лясоў дрымучых літвіны
Вас пацяшаць, штукамі забаўляць,
Дзівосы з далёкага Княства паказваць.
- Мядзьведзь буры па вуліцах брукаваных няўклюдна ступае,
На раскошу Ганзы ляніва сабе пазірае,
На іхніх паноў і халопаў,
Страсбур і Брэмэн, золата гандляроў Эўропы.
* * *
- На плошчы, сярод кірмашнага люду,
Увечары зараўлі беларускія дуды.
- Зьдзіўляліся тамтэйшыя людзі,
Сталыя і малыя: «Што ж далей будзе?»
На мядзьведзя вучонага раты разявалі,
У далоні пляскалі, працягу чакалі,
Па-свойму сабе нешта шпрэхалі:
- «Дзіўныя гэты нетутэйшыя людзі:
З жывёлінай дзікай да нас прыблукалі,
Танцы такія нам граюць,
Што шчэ не чуваць было
Пад нашымі стрэхамі».
* * *
- Вечар удалы, зноў перамога,
Скамарошая слава, талераў многа,
Адпачыць бы літвіньнікам.
- У першыя хвіліны сну,
Пасьля келіхаў трох віна,
Думалася пад ратушныя ўдары гадзіньніка:
- «...Заўтра зноў шлях
Па буйных гарадах...
Народ пацяшаць выкрунтасамі...
- І ўсё ў іх падобна да нас...
І дуды равуць,
І карагод гэтаксама вядуць,
І да смаку былі іх каўбасы нам...
- Але дзе ў нас драўлянае — каменьне ў іх,
І балбочуць груба на наскі слых,
Эх, заснуць бы хутчэй...», — і паддаўся снам...
* * *
- Прайшлі заходнімі дарогамі многімі,
Назаўжды запомнілі гэта ногі іх,
Горад за горадам, места за местам,
Туды, дзе больш выгадная прапазыцыя.
- На кірмашах, каля ратушаў, пад гербамі,
Пад золатам праўленымі дамамі,
Пад раскошнымі камяніцамі
- Дудар не адпачываў, вадар не спаў,
Мядзьведзь соты раз сьмяхоцьце крыўляў,
Крыўляў, крыўляў, перакрыўліваў.
- Паходні палалі, бубнаў не шкадавалі,
Агмень у натоўпе мядзьведнікі раскладалі
З жартаў і танцаў,
Пачуцьцяў ніхто ня стрымліваў.
- Нямецкія назвы бессэнсоўна мільгалі,
Палацы раскошай вока стамлялі,
Вочы дарогу дамоў выглядалі...
* * *
- Брук і ліхтары, захад, кірмашы --
Адпусьцілі літвіньнікаў.
- Кіруюць на ўсход,
Палякі — гасьцінны народ.
Ідуць літвіньнікі,
Падсумоўваюць вынікі.
- Радасьці посьпехаў не адняць,
Героямі сябе мняць,
Землякоў сваіх першых вітаюць.
- Але думка ня хоча адна адпускаць:
«Ці ў Княстве дадуць нам вольна зайграць,
Скамарошыя грошыкі зарабляць?
Што магістраты нашыя да нас маюць?
* * *
- Князь не забыўся на іх,
Загад па мястэчках чытаюць услых:
- «...Разам з усімі бадзягамі...
Кожны хай восем грош дае...
Той, хто бяз справы ў нас пэўнае...»
- Вось так.... Хто бяз справы ў нас пэўнае...
Справы ім падавай... Якой?
Залатарнай, кавальскай, піўной?
- Абы грошай паболей сабраць!
Да шэлега ўсё абабраць!
Чужынцы золата сыпалі, а рабуюць — крэўныя!
- «Кінуць!» — падступіла крыўднае пачуцьцё.
«Але касалапы, хаўруснікі і дарога —
Вось яно і жыцьцё.
Куды ўжо бяз гэнага?
- Як былі, так і будзем — мядзьведнікі.
Вільня, Крэва ды Меднікі,
Кірмашы Слоніма і Гародні, —
Шляхоў хопіць на ўсё лета Гасподне».
* * *
- Па роднай Літве бадзяюцца,
Людзей весяліць не стамляюцца,
А грошы — адныя грашы
- Ды памяць трымае ўспамін стары:
Каваныя ліхтары,
Шырокія капелюшы...
- Натоўпы люду стракатага,
Халопы й паны далікатныя...
І дуда, як у нас, раве,
І вадар карагод вядзе,
Але ёсьць штось такое ў тым народзе...»
- Скончаны сказ пра літвіньнікаў.
Годзе!
* * *
Мядзьведнікі, альбо літвіньнікі — беларускія скамарохі, якія паказвалі жартоўныя прадстаўленьні з дрэсіраваным мядзьведзем. Ужо польскія летапісы XIV ст. згадваюць «літвіньнікаў», прывезеных у Кракаў беларускімі баярамі для забавы двара Ягайлы. У XVI—XVII ст. выступленьні беларускіх скамарохаў зь мядзьведзямі зафіксаваныя ў розных краінах Заходняй Эўропы, на Балканах, у Скандынавіі і Масковіі. Дзеля папулярнасьці гэтага рамяства Радзівілы стварылі г.зв. «Смургонскую акадэмію» — цэнтар скамароства і дрэсіроўкі мядзьведзяў.
У загадзе Вялікага князя Жыгімонта Аўгуста за 1566 г. аб агульным падатку пазначана: «зь людзей валачашчых, каторыя бяз службы мяшкаюць, і тэж зь мядзьведнікаў, дуднікаў, скрыпкаў, і з каждага гудка і іных, у местах мяшкаючых, хто службы пэўнае ня маець, з галавы самога і белых галоў і дзяцей па асьмі грашэй». Іншыя рамесьнікі плацілі падатак велічынёй 2—4 грашы.
* * *
Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.