Магiлёўскае прыватнае прадпрыемства, якому абласны бюджэт выдзелiў пазыку ў памеры 465 мiльёнаў рублёў на набыццё лiнii па перапрацоўцы гуматэхнiчных адходаў i на стварэнне 50 працоўных месцаў, у вынiку махiнацый дырэктара засталося на бабах.

Як паведамiлi ў прэс-службе Камiтэта Дзяржкантролю, супрацоўнiкi камiтэта па Магiлёўскай вобласцi разам з упраўленнем па барацьбе з арганiзаванай злачыннасцю ўстанавiлi, што атрыманыя прадпрыемствам грошы праз рахункi шэрагу камерцыйных фiрмаў у рэшце рэшт аселi ў кiшэнях некалькiх асобаў. Да таго ж, замест новай лiнii, якая была аформлена ў заклад вяртання пазыкi, прадпрыемства па фiктыўных накладных атрымала абсталяванне, што раней працавала: яно, дарэчы, не мела заводскiх нумароў i тэхнiчнай дакументацыi. Акрамя таго высветлiлася, што прадпрыемства атрымала ў якасцi перадаплаты яшчэ 415 мiльёнаў рублёў ад адной з вiцебскiх арганiзацый за перадачу ёй у лiзiнг абсталявання па перапрацоўцы гумаўтрымлiваючых адходаў. Такiм чынам, прадпрыемства засталося не толькi без абсталявання, але не мае i грошай для разлiку з вiцебскай арганiзацыяй.

Цяпер праваахоўнiкi вядуць пошук гэтага кiраўнiка, у дачыненнi да якога ўзбуджаны крымiнальныя справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?