Супрацоўнік чэскага Інстытуту па вывучэньні таталітарных рэжымаў выпадкова выявіў, што ў 1950 годзе студэнт Мілан Кундэра, які стаў пазьней знакамітым пісьменьнікам, данёс паліцыі на падпольшчыка, паведамляе чэскі часопіс Respekt.

У архівах знойдзены дакумэнт, у якім паведамляецца, што 14 сакавіка 1950 году Кундэра даказаў паліцыі на сваю знаёмую студэнтку, якая прызначыла сустрэчу падпольшчыку, засланаму ў краіну чэскім урадам у выгнаньні. Кур'ера падпольля звалі Міраслаў Дворжачак. Дворжачак уцёк у Нямеччыну пасьля камуністычнага перавароту ў Чэхаславакіі ў 1948 годзе, а пасьля таемна вярнуўся.

Праз данос Кундэры 22-гадовага Дворжачка арыштавалі, асудзілі на 22 гады турмы і адправілі на ўранавыя руднікі.

Дворжачака зьвінавацілі ў дэзэрцірстве і працы на заходнія разьведкі. На самой справе ўсё было складана. Дворжачак сапраўды дэзэртаваў з войска пасьля камуністычнага перавароту 1948 году. Ён сьвядома выбраў эміграцыю, а там пачаў працаваць на спэцслужбу чэскае дзяржавы ў выгнаньні. Узначальваў яе генэрал Францішак Маравец, герой вайны і легендарны кіраўнік даваеннае чэскае выведкі. Ён і прапанаваў Дворжачаку, працаваць на «чэскія выведчыя службы, якія падтрымліваюць амэрыканцы».

У 1950 годзе Дворжачак лесам пераходзіць мяжу, і, спыніўшыся на трохі ў адной сялянскай сям'і, што давала прытулак такім кур'ерам як ён, трапляе з заданьнем у Прагу.

Камуністычныя спэцслужбы апантана палявалі на такіх сувязных між чэскай дзяржавай у выгнаньні і антыкамуністычным супрацівам у краіне, ведаючы, што бязь іх падпольле страціць лучнасьць і надзею.
У Празе ён сустракае сваю знаёмую дзяўчыну, пакідае ў яе валізку. А дзяўчына мела неасьцярожнасьць расказаць сябру-студэнту, каб той увечары не прыходзіў да яе, бо ў яе мае начаваць чалавек з Захаду. А той між справай расказаў Кундэру, чаму ўвечары ня прыйдзе начаваць у інтэрнат. А 21-гадовы Кундэра пайшоў у паліцыю...

У 1963 годзе Дворжачака вызвалілі, і ён пакінуў Чэхаславаччыну. Цяпер ён жыве ў Швэцыі.

А Кундэра?

Кундэра быў узорным маладым сацыялістычным паэтам да 1954 году. Пераломам для яго стала... паездка ў СССР.
Пабачыўшы на свае вочы, што такое рэальны саветызм, ён, па ўласным прызнаньні, прыйшоў да думкі, што Кастрычніцкая рэвалюцыя была найбольшым злачынствам ХХ стагодзьдзя.

Кундэра атрымаў літаратурную вядомасьць у 60‑я гады, пасьля публікацыі раману «Жарт» і зборніка апавяданьняў «Сьмешныя каханьні». Ён падтрымліваў камуністаў‑рэфарматараў, і Аляксандра Дубчака — ініцыятара «Праскай вясны». У 1968 годзе, пасьля ўварваньня савецкіх войскаў у Чэхаславакію Дубчака зьнялі з пасады першага сакратара ЦК Кампартыі Чэхаславакіі, а Кундэра стаў дысыдэнтам. У 1975 годзе ён перабраўся ў Францыю, неўзабаве быў пазбаўлены чэхаславацкага грамадзянства за раман «Кніга сьмеха і забыцьця». У 1981 годзе Кундэра атрымаў францускае грамадзянства.

Свой самы знакаміты раман «Невыносная лёгкасьць быцьця», у якім вядзецца пра савецкае ўварваньне ў Чэхаславакію ў 1968 годзе, — ён надрукаваў у Францыі ў 1984 годзе. Кундэра жыве ў Францыі, бывае ў Чэхіі наездамі, і піша ў асноўным па‑француску. У апошнія гады яго называлі адным з галоўных прэтэндэнтаў на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры.

Пра падзеі сваёй маладосьці Кундэра ніколі не пісаў. Ніхто з астатніх фігурантаў справы — Дворжачак і ягоная знаёмая студэнтка — аж да нашага часу не здагадваўся пра ролю Кундэры ў арышце. Дворжачак усё жыцьцё лічыў, што здрадзіла ягоная знаёмая, сама студэнтка дагэтуль ня ведала, якім чынам паліцыя дазналася аб прыходзе Дворжачка. Той жыцьцёвы эпізод мучыў яе ўсё жыцьцё.

Сам Дворжачак так і не пагадзіўся на сустрэчу з гісторыкам. Неўзабаве яго разьбіў інсульт, і ён так і ня ведае, што здрадзіла яго не знаёмая дзяўчына, а знакаміты пісьменьнік.

Кундэру яшчэ пашчасьціла, што данос праходзіў па іншым ведамстве і ня быў далучаны да асабістай справы пісьменьніка, заведзенай пазьней іншым аддзелам. У выніку ў 60-я, калі ён далучыўся да апазыцыі, чэскае КГБ не шантажавала яго колішнім даносам.

Застаецца дадаць, што Гавал і Кундэра парадаксальным чынам заўжды былі ідэйнымі праціўнікамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?