На фоне бурнага абмеркаваньня ўвядзеньня плоскай шкалы падаходнага падатку засталося незаўважаным яшчэ адно новаўвядзеньне — з наступнага году фізычныя асобы будуць плаціць падаходны падатак з атрыманых ад замежных юрыдычных і фізычных асобаў крэдытаў і пазыкаў.

У адпаведнасьці з пунктам 6 артыкулу 22 новай рэдакцыі Закону, пры атрыманьні крэдытаў і пазыкаў ад замежных юрыдычных альбо фізычных асобаў, улучна з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія не адносяцца да стала пражываючых на тэрыторыі РБ, з усёй атрыманай сумы неабходна будзе сплаціць падатак па стаўцы 12 %.

Сплата падатку будзе адбывацца на падставе дэклярацыі, якую плацельшчык мусіць падаць па выніках году да 1 сакавіка і сплаціць падатак да 15 траўня. Вяртаньне падатку — пры падачы дакумэнтаў аб пагашэньні запазычанасьці.

У новай рэдакцыі закону не ўдакладняецца, ці трэба дэкляраваць суму крэдыту ці пазыкі, атрыманых і цалкам пагашаных на працягу аднаго падатковага пэрыяду. Такім чынам, калі фізычная асоба ўзяла крэдыт на тэрмін да аднаго году і на працягу падатковага пэрыяду яго цалкам пагасіла, задэкляраваць яго, верагодна, давядзецца. Але калі разам з дэклярацыяй будзе пададзена даведка аб пагашэньні крэдыту, лягічна меркаваць, што плаціць падатак не давядзецца.

Адзначым у заключэньне, што дадзеная норма закону не адносіцца да крэдытаў і пазыкаў, атрыманых ад бліжэйшых сваякоў, сужэнцаў, апекуноў, папячыцяляў, усынавіцеляў, усыноўленых і іншых прыроўненых да блізкіх катэгорыяў замежных грамадзян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?