Прэзыдэнт Сарказі бачыць выхад з крызысу ў тым, каб на зьмену капіталізму фінансавых спэкулянтаў прыйшоў капіталізм вытворцаў. Такую праграму ён зьбіраецца прапанаваць астатнім лідэрам сьвету.

Ты пытаесься, ці закране гэты крызыс нас? Мне згадваецца эпізод з рамана Вячаслава Адамчыка «Чужая бацькаўшчына». Напярэдадні другой сусьветнай вайны ў заходнебеларускай хаце сяляне абмяркоўваюць газэтныя навіны. «Вайна ў Альбаніі». «А дзе тая Альбанія? Да нас можа й ня дойдзе».

Сапраўды, што нам у прапановах Сарказі? Нас там няма.

Як і тады, перад вайной, мы на ўзбочыне працэсаў. Нібы хутар на краі Эўропы, куды сусьветныя ўплывы даходзяць або не даходзяць — усё залежыць ад сілы прыбою.

Нехта параўнаў гэты крызыс зь бягункай. Маўляў, працэс непрыемны, але вядзе да ачышчэньня. Абы не да крыві.

Па сутнасьці абваліліся ня рынкі, а той прынцып жыцьця, калі грошы пастаўленыя ў галаву вугла. Калі прэзыдэнты дэкляруюць «прагматычны падыход» і глядзяць ня ў вочы адзін аднаму, а ў калькулятары. Калі незалежнасьць цэлых краін залежыць ад крэдытаў. Калі посьпехі артыстаў на конкурсах і спартоўцаў на чэмпіянатах тлумачацца сусьветнымі коштамі нафты. Калі ўся культура сыходзіць у «праекты» з «куратарамі», а ўвесь грамадзкі сэктар сядзіць на сэмінарах, і ўсе пры гэтым усьведамляюць, што гэта найлепшы спосаб адмыць грант. Калі фальсыфікуюць выбары не ад любові да ўладнага курсу, а таму што за гэта даецца прэмія. Калі ўсё без выключэньня купляецца й прадаецца… Нехта ж выгукнуў першым гэтае горка‑іранічнае: «бабло пераможа зло». І разразіўся глябальны фінансавы крызыс.

Гэта «бабло» каторы раз адказала, што яно — ня Бог, а хутчэй — граблі.

На Захадзе прапануюць капіталізм вытворцаў. У Расеі заклікаюць збанкруціць частку алігархаў, пакараць міністраў і правесьці значнае абдзяржаўліваньне эканомікі. (Ні першае, ні другое ніякім бокам не падключаецца да нас. Хоць пакараць каго‑небудзь, вядома, ніколі ня лішне.)

Ясна, што дзяржава на рынку гулец неэфэктыўны. Але ў часы, калі алігархі‑прагматыкі даводзяць свой прынцып да абсалюту, г.зн. да абвалу, дзяржава замест грошай ставіць у галаву вугла іншыя матывацыі — найчасьцей гэта ідэя: нацыянальная, сацыяльная, камуністычная… Ідэя можа ўзьняць народ на подзьвіг, як, да прыкладу, было, калі варшавякі адбудавалі разбураны вайной стары горад. Даведзеная да абсалюту ідэя, наадварот, вядзе народ на вайну — з кімсьці або з самім сабой — як было за Гітлерам і Сталінам.

Балянс матэрыяльнага й маральнага, «бабла» й ідэі — нестабільны, ён увесь час вагаецца. І калі аднойчы адна з шаляў рашуча пераважвае, тады здараецца крызіс.

Калі верыць у ачышчэньне і ў разумнасьць нашага беднага чалавецтва, дык пэўна знойдзецца які‑небудзь новы плян Маршала й верне вагі ў гарызантальнае становішча. Верагодна, разам з гэтым зьявяцца новыя імпульсы ў разьвіцьці літаратуры, мастацтва, грамадзкай дзейнасьці і ўсёй гуманітарнай сфэры, якая сёньня крызысуе ня менш, чым індэксы дзелавой актыўнасьці. Можа быць, зноў важней за бабло стануць такія рэчы як любоў, талент, сяброўства… Не палічыце за празьмерную наіўнасьць, але мы заўсёды пішам пра тое, чаго хацелася б.

Вось чаму адчуваеш паныласьць ад нашага маргінальнага становішча — не таму, што крызыс нас абміне, а таму, што мы застаемся па‑за тым цывілізацыйным ачышчэньнем, якое ён правакуе.

Або так або гэтак перамены могуць ударыць па тых у нас, хто корміцца звонку. Спачатку ў іх адбяруць грошы, а пасьля яшчэ й зьвінавацяць у спэкуляцыі, якая на Захадзе становіцца знакам непаліткарэктнасьці.

Што да асноўнай масы ўдзельнікаў нашай натуральнай гаспадаркі, дык яны не настолькі багатыя, каб «прагарэць» і не настолькі інтэграваныя ў гуманітарную сфэру, каб пераймацца яе застоем. Мы надзейна абароненыя прыярытэтам фізіялягічных патрэбаў. Кожны існуе ў закрытым цыклі мінімальных матэрыяльных і маральных затрат, куды не залятаюць вятры сусьветных штормаў, а калі й залятуць, дык ня будзе ім тут з чым узаемадзейнічаць.

Закрытым цыклем «чарка‑скварка» здавальняецца ня толькі матэрыяльны дабрабыт беларуса, але й яго маральны стан. У гэтым я пераканаўся на нядаўнім сьвяце беларускай песьні. Брыканьні, гіканьні ды віскі выканаўцаў ляцелі ў залю, перамежаныя выразамі звычайнага для такіх мерапрыемстваў скоцтва («Перад добрым мужыком трасе баба кумпяком»). Калі ж артысты на сцэне ў гімнавай манеры засьпявалі «Падымем чарку за Беларусь, за нашу бульбу, за нашу скварку», усе прысутныя ўсталі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?