Мэдычная вайсковая камісія прызнала сябра моладзі БНФ Франака Вячорку прыдатным для службы ў войску. Моладзевых актывістаў працягваюць забіраць у войска.

Нагадаем, летам Франаку Вячорку была зроблена апэрацыя на вачах. Мэдыкі далі яму даведку, што ён не прыдатны да службы ў войску і мае адтэрміноўку на паўгода.

Кіраўнік прызыву ваенкамата Савецкага раёну Менску палкоўнік Іваноўскі засумняваўся ў гэтай даведцы і нягледзячы на адтэрміноўку ўнёс прозьвішча Франака ў сьпісы невыязных. Двойчы моладзевага актывіста затрымлівалі на мяжы і тлумачылі, што яму забаронены выезд за мяжу.

Франака Вячорку тыдзень таму выклікалі позвай, як было пазначана, для кансультацыі ў вайсковы шпіталь. Там у яго адразу адабралі рэчы і паклалі актывіста ў стацыянар на абсьледаваньне. Сёньня камісія прызнала Франака Вячорку годным да службы ў войску і яго выпісваюць са шпіталю.

Сёлета ў войска прызвалі некалькіх моладзевых актывістаў, адлічаных раней з навучальных устаноў, сярод іх сябра партыі БНФ Зьміцер Жалезьнічэнка, старшыня Моладзі БНФ Алесь Каліта. Таксама служаць старшыня Смаргоньскай суполкі Моладзі БНФ Зьміцер Бяляеў і актывіст Рух «За Свабоду, былы кандытат у дэпутаты Віталь Каратыш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?