Алесь Міхалевіч пра прэзыдэнцкую кампанію‑2010.

«Наша Ніва»: Ці магчыма апазыцыі выйсьці на наступныя прэзыдэнцкія выбары з адзіным кандыдатам?

Алесь Міхалевіч: Я ўпэўнены, што ў меншай ступені два блёкі паўстануць на месцы сёньняшніх Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Тое, што АДС ня спраўдзіліся, бачаць усе. Будзе адзін чалавек, які прадстаўляе прарасейскія (сацыялістычныя, камуністычныя) пазыцыі і другі з праэўрапейскімі (незалежніцкімі, эканамічна лібэральнымі) пазыцыямі. Гэта добра, бо мы павінны зрабіць так, каб максымальная колькасьць людзей пабачыла сымпатычнага сабе кандыдата. Беларускае грамадзтва не знаходзіцца ў стадыі поўнай роспачы і расчараваньня Лукашэнкам, як гэта было ў Сэрбіі, калі ўсе былі супраць Мілошавіча. У Беларусі павінна быць найперш альтэрнатыва праграмная.

Калі мы дадзім праэўрапейскаму выбарцу кандыдата ў выглядзе камуніста, то яго проста не падтрымаюць.
І наадварот. Ня трэба баяцца некалькіх кандыдатаў. Ня трэба казаць, што толькі адзіны можа мець шанец перамагчы. Мы ўжо мелі адзінага Ганчарыка, які аказаўся пустышкай.

«НН»: Такім чынам, АДС сябе аджыло?

АМ: Я думаю, што супраца з усімі палітычнымі апазыцыйнымі сіламі ўсё адно павінна захавацца. Гэта супраца можа быць падчас назіраньня за выбарамі. Аднак у пытаньнях палітычных, як, скажам, вылучэньне кандыдата, я лічу няма сэнсу захоўваць сёньняшнюю кааліцыю. Адзінага кандыдата ўсё адно ня будзе. Трэба сканцэнтравацца на тым, каб грамадзтва атрымала некалькі пазнавальных для сябе фігураў, якіх яны здолеюць падтрымаць на галасаваньні. Галасы і падтрымка зможа пераходзіць праз гэтых кандыдатаў, калі нехта зь іх апынецца ў другім туры.

«НН»: Як выглядаюць прыкладныя контуры новых кааліцый?

АМ: Першая — гэта ПКБ Калякіна, ліквідаваная Партыя працы Бухвостава, сацыял‑дэмакраты Ляўковіча. Гэты актыў, найхутчэй, аб’яднаецца вакол фігуры Сяргея Калякіна. Другая — найперш Партыя БНФ, Рух за Свабоду», БХД, «Малады фронт», прадпрымальнікі.

«НН»: І якім чынам «праэўрапейская» кааліцыя будзе вызначаць свайго кандыдата?

АМ: Перш за ўсё павінна быць воля да вылучэньня аднаго чалавека. Гэта могуць быць самыя розныя сыстэмы — «праймэрыз», вылучэньне ў рэгіёнах, у рэшце рэшт можна проста дамовіцца між сабой лідэрамі.

«НН»: Зь якімі лёзунгамі варта ісьці на наступныя прэзыдэнцкія выбары?

АМ: Пытаньняў, што хвалююць грамадзтва вельмі шмат. Пачынаючы ад праблемаў сыстэмы адукацыі, заканчваючы прадпрымальнікамі. Ня трэба хаваць свайго эўрапейскага выбару. Гэта карыстаецца падтрымкай большасьці гарадзкіх жыхароў краіны.

Некаторыя мае сябры ішлі на выбары зь лёзунгам «Справядлівасьць і закон».
Вядома, што ў нас няма ні справядлівасьці, ні прававой дзяржавы.

«НН»: Думаеш, справядлівасьць для людзей важней за сацыяльныя чыньнікі?

АМ: Для людзей у тым ліку важная справядлівасьць як сацыяльны фактар. Напрыклад, кантрактная сыстэма для рабочага — гэта несправядліва, бо дае магчымасьць звольніць чалавека з працы без падачы канкрэтных прычын. Скасавалі клясы з вывучэньнем тых ці іншых прадметаў — гэта таксама несправядліва, гэта дэбілізацыя адукацыйнай сыстэмы. Пра ўсе гэтыя пытаньні можна гаварыць. Можна даць агульны лёзунг і па пунктах даносіць яго да людзей.

«НН»: Два гады да наступных выбараў — гэта многа ці мала?

АМ: Гледзячы для чаго. Для таго, каб правесьці эфэктыўную выбарчую кампаніі гэтага дастаткова. Аднак успомнім выраз, што новыя выбары пачынаюцца на наступны дзень пасьля правядзеньня мінулых. Мы павінны распачаць прэзыдэнцкую кампанію ўжо цяпер. Нават парлямэнцкія выбары найперш павінны былі быць скіраваныя на падрыхтоўку эфэктыўнай прэзыдэнцкай кампаніі.

«НН»: Што можа быць новага ў тактыцы апазыцыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў?

АМ: Могуць быць новыя людзі, якія акрэсьліваюць свае амбіцыі, паказваюць свае магчымасьці. Важна правесьці максымальна актыўную агітацыйную кампанію. Для гэтага могуць быць розныя кандыдаты — ад прадпрымальнікаў, настаўнікаў ці дактароў. Але ў нейкі момант яны будуць вымушаныя зьняцца, каб падтрымаць асноўнага кандыдата. На сёньняшні дзень ёсьць адна пазнавальная, папулярная і бачная ў краіне фігура — гэта Аляксандар Мілінкевіч.

«НН»: Што дала табе парлямэнцкая кампанія?

АМ: Яна паказала мне стан грамадзтва. Людзі хочуць бачыць прэзыдэнтам новага чалавека.

Для мяне было прыемна, што я не сустрэў ніводнага чалавека, які б заявіў, што падтрымлівае Лукашэнку.
Натуральна, мая ўручанская акруга ня самая паказальная па краіне, але, тым ня менш, гэта прыемна. Кампаніі маіх сяброў, як доктара Івана Шэгі ў Слоніме, паказалі, што людзі ў вёсках таксама масава галасуюць за апанэнтаў улады.
Пратэстны патэнцыял вёскі вельмі важны. Падчас наступнай выбарчай кампаніі мы можам зруйнаваць міф, што вёска падтрымлівае Лукашэнка.
Калі гэты міф будзе разьбіты, то мы зможам пераканаць гараджан, што грамадзтва кансалідавалася ў жаданьні зьменаў.

«НН»: Алесь, дык адкуль зьявіліся чуткі пра тое, што ты будзеш прадстаўляць апазыцыю ў парлямэнце?

АМ: Я максымальна адкрыты да кантактаў з прэсай, у тым ліку зь дзяржаўнай. Рэдактар часопісу «Беларуская думка» запрасіў мяне на інтэрвію. Да ягонага гонару ўсе мае словы былі надрукаваныя. Пасьля гэтага інтэрвію многія інтэрнэт‑рэсурсы пачалі пісаць, што Міхалевіч — здраднік, што ён прадаўся Лукашэнку. Пачалі казаць, што я знаходжуся ў сьпісе будучых дэпутатаў. Дарэчы,

было вельмі цікава адчуваць сябе ў ролі «безь пяці хвілін дэпутата».
Было прыемна, калі патэлефанавалі з праграмы «Выбар», запрасілі мяне на просты эфір. Нават яны, здаецца, лічылі, што мы з Раманчуком трапім у парлямэнт.

«НН»: А пасьля не хацелася таксама выгукнуць, што «нас кінулі»?

АМ: Я разумеў з кім і па якіх правілах гуляю. Я рабіў гэтую кампанію найперш для таго, каб працаваць з грамадзтвам, каб знайсьці новых прыхільнікаў. Калі б я байкатаваў выбары, то такая праца не была б праробленая. І эфэкт быў бы нашмат меншым.

«НН»: Дык як на сёньняшні момант выглядаюць твае прэзыдэнцкія амбіцыі? Яны ня зьніклі пасьля выключэньня з БНФ?

АМ: Як любы палітык, я гатовы служыць на любой пасадзе, дзе мае веды будуць прыносіць эфэкт. Я выказваўся, што хачу быць кандыдатам ад БНФ. Калі б Сойм Партыі скасаваў сваё рашэньне, то я б, зразумела, актыўна ўключыўся б у абраньне фронтаўскага кандыдата на выбары. Упэўнены, што я быў бы вельмі эфэктыўным і пасьпяховым кандыдатам. Я б змог далучыць вельмі шмат людзей да палітычнай працы. Гэта тое, што я ўмею. Ёсьць людзі, якія гатовыя далучыцца да кампаніі толькі пры ўмове, што кандыдатам будзе Міхалевіч. Я лічу, што маё выключэньне было вельмі істотнай памылкай. Мяне выключаў Сойм, Сойм жа ў любы момант можа адмяніць сваё рашэньне. Абсалютна ўпэўнены, што гэтае рашэньне будзе адмененае, калі не зараз, дык пасьля наступнага зьезду. Я вярнуся ў БНФ.

«НН»: Дык пакуль твае пэрспэктывы ў тумане?

АМ: Будзем глядзець. Зрэшты, каб па‑сапраўднаму змагацца за зьмену ўлады, то

трэба пазнавальны і папулярны кандыдат. Такой асобай у нашым асяродзьдзі зьяўляецца Мілінкевіч.
У той самы час мы павінны паказваць грамадзтву новыя твары, новых людзей, што ў нас ёсьць патэнцыял, ёсьць каманда. Гэтую каманду можна і трэба дэманстраваць і праз вылучэньне іншых кандыдатаў, праз паказваньне магчымасьцяў і амбіцыяў іншых кандыдатаў. Так ці іначай Партыя БНФ зьвернецца да Мілінкевіча з прапановай ягонай падтрымкі. Не сакрэт, што з БНФ сышло вельмі шмат цікавых людзей. Сёньняшні яе стан, на жаль, не такі, каб аўтаномна праводзіць выбарчую кампанію. Давайце ўзгадаем, што ў 1994 годзе за Зянона Пазьняка атрымалася сабраць каля 240 тысяч подпісаў. На сёньняшні дзень Партыя слабейшая за тую ў тры‑чатыры разы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?