Больш як 80 працэнтаў драўніны ў Беларусі плануецца рэалізоўваць праз біржавыя таргі. Адпаведныя меры змяшчаюцца ва Указе 563 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», які 16 кастрычніка падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідэра.

Дакумент, у прыватнасці, уносіць змяненні і дапаўненні ва Указ 214 ад 7 мая 2007 года «Аб некаторых мерах па ўдасканаленню дзейнасці ў сферы лясной гаспадаркі» ў частцы павелічэння аб'ёмаў рэалізацыі драўняных рэсурсаў шляхам біржавых таргоў, пераходу на рыначныя цэны, сфарміраваныя на біржавых таргах.

Лесасечны фонд будзе рэалізоўвацца на біржавых таргах ААТ «Беларуская універсальная таварная біржа», якія будуць праводзіцца штоквартальна не пазней за адзін месяц да пачатку справаздачнага квартала (лістапад, люты, май, жнівень). Стартавая цана на драўніну на пні для рэалізацыі на біржавых таргах будзе фарміравацца з улікам біржавых каціровак, што ўстанаўліваюцца ААТ «Беларуская універсальная таварная біржа» па выніках біржавых таргоў, і каэфіцыента змянення цэн на драўніну ў краінах Еўрапейскага саюза, Расіі і Украіне. Пры гэтым яна не можа быць ніжэйшай за таксы, зацверджаныя Саветам Міністраў, якія дзейнічаюць на момант правядзення біржавых таргоў.

Не прададзены два і больш разоў на біржавых таргах лесасечны фонд будзе рэалізоўвацца юрыдычным асобам, якія вядуць лясную гаспадарку, па цэнах, заяўленых на біржавых таргах.

Рэалізацыя драўніны па таксаваму кошту захоўваецца для арганізацый, якія абслугоўваюць лініі электраперадачы і іншыя лінейныя аб'екты, для фізічных і юрыдычных асоб пры нарыхтоўцы дроў, ачыстцы захламленых лясоў, ліквідацыі стыхійных бедстваў, а таксама для фізічных асоб, якія пацярпелі ў выніку пажараў.

У сувязі з продажам лесасечнага фонду па рыначных цэнах і магчымым падаражэннем драўніны ўказам прадугледжана аказанне дапамогі грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці), а таксама арганізацыям - заказчыкам будаўніцтва дамоў у сельскай мясцовасці ў адпаведнасці з дзяржаўнымі праграмамі і сельскагаспадарчым арганізацыям, якія ажыццяўляюць будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм, іншых аб'ектаў вытворчай і сацыяльнай інфраструктуры.

Акрамя таго, указам прадугледжваецца рэалізацыя лясгасамі дзелавой драўніны ў нарыхтаваным выглядзе фізічным асобам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з прымяненнем скідак. Падставай для такой рэалізацыі дзелавой драўніны будзе рашэнне выканаўчага камітэта.

Згодна з дакументам будзе праводзіцца кампенсацыя велічыні падаражэння драўніны юрыдычным асобам па выніках яе фактычнага выкарыстання па мэтаваму прызначэнню за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?