Праект канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы падрыхтаваны і можа быць разгледжаны на бліжэйшым пасяджэньні Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. Пра гэта паведаміў БЕЛТА старшыня палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў.

Праца над праектам канстытуцыйнага акту пачалася адразу пасьля падпісаньня апошняй саюзнай дамовы ў 1999 годзе. 9 гадоў — немалы тэрмін. Чаму ж гэтая праца завяршылася менавіта цяпер? Каб адказаць на гэтае пытаньне больш упэўнена, варта было б азнаёміцца з дакумэнтам. Але з камэнтараў спадара Папова вынікае, што наўрад ці праект акту прадугледжвае надта істотны крок да палітычнай інтэграцыі, калі прадугледжвае наагул. Паводле Папова, пры распрацоўцы былі розныя прапановы, у тым ліку аб стварэньні канфэдэратыўнай дзяржавы, аб увядзеньні пасады саюзнага прэзыдэнта, «але ўсе гэтыя пытаньні вырашаюцца ў праекце ў адпаведнасьці з дамовай аб стварэньні саюзнай дзяржавы,» — паведаміў Вадзім Папоў.

Але дамова гэтых навацыяў якраз і не прадугледжвае, і ў перакладзе словаў спадара Папова на звычайную мову выходзіць, што гэтыя прапановы адкінутыя.

Нежаданьне Беларусі прызнаць незалежнасьць грузінскіх аўтаномій выклікала раздражненьне Крамля, апошнія рашэньні Эўразьвязу зьмяніць адносіны з Беларусьсю — насьцярогу. Каб залагодзіць гэтыя пачуцьці саюзьніка, Менск робіць крокі насустрач яму — можна прыгадаць учорашнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі пра згоду на стварэньне нарэшце адзінай сыстэмы супрацьракетнай абароны саюзнай дзяржавы. Магчыма, менавіта гэтае рашэньне, якое, безумоўна, ўяўляе пэўную саступку сувэрэнітэту, і будзе тым рэальным інтэграцыйным крокам, які зафіксаваны ў канстытуцыйным акце. Каб не саступаць у больш істотных пытаньнях — скажам, у пытаньні ўвядзеньня расейскага рубля, пра што расейскі прэм’ер Пуцін прыгадаў падчас свайго апошняга візыту ў Менск.

Аднак ня выключана, што ўся гэтая гісторыя з канстытуцыйным актам палягае больш у сфэры піяру, чым рэальнай палітыкі.

Для Масквы нейкая інтэграцыйная дэманстрацыя можа стаць псыхалягічнай кампэнсацыяй за той стан пэўнай міжнароднай ізаляцыі, у якім яна апынулася пасьля вайны на Каўказе. Для Менску — дэманстрацыяй ляяльнасьці, сродкам супакаеньня саюзьніка, каб таму пасьля крокаў Брусэлю насустрач Менску ня мроіліся НАТАўскія танкі пад Воршай.

Супраць вэрсіі, паводле якой акт — крок да рэальнага аб’яднаньня, гавораць менавіта падзеі гэтага тыдня: наўрад ці, атрымаўшы нарэшце нейкае падабенства «заходняга крыла» сваёй зьнешняй палітыкі, Лукашэнка зараз аддасьць Маскве тое, што не аддаваў усе папярэднія гады, ніякага такога заходняга апірышча ня маючы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?