«Выбары, што прайшлі, выявілі шэраг слабых месцаў у арганізацыі партыйнай працы, што выклікае абгрунтаваную трывогу ў святле важных палітычных кампаній найбліжэйшага будучага», — пра гэта, паводле звестак прэс‑службы Партыі камуністаў Беларускай, гаворыцца ў пастанове Х пленума ЦК ПКБ, што прайшоў у Мінску 19 кастрычніка.

Партыя «не скарыстала наяўныя магчымасці па вылучэнні і рэгістрацыі большай колькасці сваіх кандыдатаў у дэпутаты, шэраг партарганізацый аказалі ім слабую падтрымку ў перыяд збору подпісаў грамадзян і правядзення перадвыбарнай агітацыі». Члены ПКБ, уключаныя ў склад акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, «не здолелі (за рэдкім выключэннем) выкарыстаць дадзеныя паўнамоцтвы для правядзення выбараў у строгай адпаведнасці з заканадаўствам і збору пераканаўчых доказаў недэмакратычнасці прайшоўшай выбарчай кампаніі». «Гэткай жа ацэнкі» заслугоўвае і праца «многіх назіральнікаў, дэлегаваных партыяй на выбарчыя ўчасткі».

Разам з тым, як зазначаецца ў пастанове, «рашэнне партыі аб поўнамаштабным удзеле ў выбарчай кампаніі было правільным». ПКБ «здолела выкарыстаць магчымасці, што прадастаўляюцца Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, для актыўнай працы з насельніцтвам, давядзення да людзей сваіх праграмных мэтаў і задач, прапаноў аб\’яднаных дэмакратычных сіл па змяненні сітуацыі ў краіне, крытычнага аналізу існуючага становішча спраў».

Партыя «забяспечыла вылучэнне і рэгістрацыю сваіх кандыдатаў у 14 выбарчых акругах, а таксама аказала падтрымку дэмакратычным кандыдатам у іншых рэгіёнах». Большасць кандыдатаў‑камуністаў «здолелі згуртаваць вакол сябе дзеяздольныя каманды і правялі ў сваіх акругах якасныя выбарчыя кампаніі, атрымаўшы значную падтрымку выбаршчыкаў». «Няма ніякіх сумненняў, што пры сумленным падліку галасоў, без масавых фальсіфікацый волевыяўлення грамадзян, на якія ў чарговы раз пайшоў правячы рэжым, шэраг членаў ПКБ атрымалі б мандаты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў», — сцвярджаецца ў пастанове.

Ідэю байкоту выбараў ПКБ лічыць «палітычна шкоднай у сучасных умовах». «Выяўленне і фіксацыя масавых парушэнняў беларускага заканадаўства сталі магчымымі толькі дзякуючы ўдзелу ў выбарах тых палітычных сіл, якія знайшлі ў сабе сілы прайсці ўсе этапы выбарчай кампаніі, нягледзячы на заведама няроўныя ўмовы яе правядзення», — гаворыцца ў дакуменце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?