Мы жывём паводле бабілёнскага календара. У сярэдзіне ІІ тыс. да Нараджэньня Хрыстовага ў Бабілёне была прыдумана дванаццатковая сыстэма лічэньня (адтуль пайшло дзяленьне году на дванаццаць месяцаў, дня — на дванаццаць гадзін). Каляндарны год складаўся з дванаццаці месяцаў ужо ў старажытным Эгіпце. Але ў Бабілёне кожны трэці год пачалі прыбаўляць высакосны месяц — каб сума дванаццаці месячных цыкляў супадала з сонечным годам. Ужо тагачасныя астраномы ведалі, што дакладна падзяліць поўны сонечны цыкль на цотныя кавалкі немагчыма. Заўсёды будуць заставацца «лішнія» сэкунды, хвіліны, суткі. Таму астранамічны сонечны час ніколі не супадае зь зямным, нягледзячы на высакосныя гады.

За сэкунду да скону сьвету

За 3,5 тыс. гадоў чалавек няшмат даведаўся аб прыродзе часу, хоць і навучыўся дзяліць яго на нанасэкунды, як матэрыю — на элемэнтарныя часьціцы. Апрача таго, выявілася, што час залежыць ад індывідуальнага ўспрыманьня чалавека. Для некага ён цягнецца як гумка, для некага нясецца ўскач. Гэтаксама па-рознаму ўспрымаюць яго асобныя нацыі й народы.

Старажытныя індусы аднекуль ведалі (а можа, веды ім былі дадзены зь неба?), што сусьвет існуе доўга. Не бясконца доўга, але даволі шмат часу.

Адзін дзень жыцьця бога Брамы, які стварыў сусьвет, роўны дванаццаці тысячам боскіх гадоў, альбо 4 320 000 чалавечых гадоў (адзін год жыцьця чалавека — гэта суткі жыцьця багоў). Брама жыве сто сваіх боскіх гадоў. На працягу Махаюгі — аднаго дня жыцьця Брамы — існуе наш сусьвет. Калі бог засынае, сьвет гіне, а раніцай Брама стварае яго наноў. Цяпер, паводле вераваньняў індусаў, пачаўся апошні, чацьвёрты адрэзак Махаюгі — Каліюга. Гэты пэрыяд цягнецца ўсяго тысячу боскіх гадоў, і ў гэты час на зямлі, да самай яе гібелі, вяршэнствуюць загана й зло. Так што да скону сьвету застаўся які-небудзь мільён гадоў. І перамен да лепшага ня будзе. Будзе толькі горш.

Але зьвернемся да хрысьціянскага календара. Сказаць, што ўсе народы сьвету жывуць у ХХІ ст., — значыць сьвядома зьдзейсьніць памылку. Некаторыя народы яшчэ ня выбраліся зь сярэднявечча, некаторыя засталіся ў першабытнай эпосе. Гэта ня значыць, што першабытныя народы чымсьці горшыя за так званыя высокаразьвітыя нацыі. Высокі ўзровень тэхналёгіі вытворчасьці «Кока-колы» ці балістычных ракет і ўменьне карыстацца Інтэрнэтам зусім не абавязкова азначаюць, што ў чалавека розум і эмацыйны ўзровень нечым кардынальна адрозьніваюцца ад узроўню нэандэртальца.

У кожным выпадку, зямны час, час зямнога чалавека, як і ў дагістарычную эпоху, вымяраецца яго ўласным жыцьцём. У юнацтве здаецца, што часу яшчэ шмат, потым яго становіцца ўсё менш. А ў старасьці яго проста не застаецца зусім — дні мільгаюць, як тыя слупы ў акне гоначнага аўтамабіля.

Ніколі не кажы «ніколі»

Мабыць, у сілу гэтай псыхалягічнай асаблівасьці, а таксама дзеля жаданьня пераносіць асабісты досьвед на навакольную рэчаіснасьць чалавек пачынае думаць, быццам зь цягам часу ўсё вакол становіцца горш. Найлепшыя сябры паміраюць, пасаджаныя дрэвы сохнуць, каханыя прыгажуні старэюць, багацьце зьнікае, і нават сонца сьвеціць ня так, як у маладосьці (а яно ж і насамрэч паступова астывае!). Толькі зло нікуды не дзяецца.

Ніколі, здавалася якіх-небудзь трыццаць гадоў таму (менш чым адну сэкунду ў жыцьці Брамы), ня зьнікне зло пад назвай «Савецкі Саюз». Заўсёды будзе існаваць КПСС, правадыры на трыбуне Маўзалею, дні палітынфармацыі, «рыбныя дні» ў сталоўках, дапамога першакурсьнікаў на ўборцы бульбы. Ніколі БССР ня будзе Рэспублікай Беларусь — незалежнай.

Рэспубліка Беларусь ёсьць. Савецкага Саюзу няма, як няма КПСС і старых партыйных правадыроў. Палітынфармацыя і «шэфская дапамога» на ўборцы бульбы засталіся, але не выклікаюць былога раздражненьня. А шчасьця ўсё адно няма. Бо колькасьць зла ў прыродзе не зьмяншаецца. Проста зло набыло іншае аблічча. У адных выпадках яно стала яшчэ больш нахрапістым, у другіх — наадварот, больш вытанчаным.

Час зьмяніўся — каб пераканацца ў гэтым, дастаткова выглянуць у акно. Мы не зьмяніліся. Мы прызвычаіліся засоўваць уласнае жыцьцё ў пракрустава ложа зьнешніх формаў і фактараў. Некалі мы жылі «ад зьезду да зьезду». Паступова прызвычаіліся жыць ад выбараў да выбараў. Як з тымі зьездамі КПСС — чым большы быў іх парадкавы нумар, тым менш даводзілася чакаць перамен у жыцьці ад іх рашэньняў, — так і выбары зь цягам часу ўсё больш сталі ператварацца ў колішні рытуал, звычку, сьвята паслухмянасьці.

12 гадоў (аб гэтым ведалі і ў старажытным Бабілёне) — тэрмін магічны. Гэта поўны цыкль паводле ўсходняга гараскопу. Але ў тэхніцы існуе тэрмін «халасты цыкль». Апошнія 12 гадоў нашчадкі сёньняшніх беларусаў напэўна назавуць страчанымі гадамі. За гэты час, у чаканьні «справядлівых выбараў», мы страцілі цэлае пакаленьне. Гэтае пакаленьне мы навучылі толькі таму, што самі добра некалі засвоілі ад бацькоў — што трэба прыстасоўвацца. Да начальства, да абставін, да часу. Што трэба прыняць правілы гульні, прыдуманай ня намі. Толькі і ўсяго. Застаецца згадзіцца, каб і наступныя 12 гадоў пайшлі марна.

Дзяўчынка Дабро і дзяўчынка Зло

Нікому і ў галаву не прыходзіць, што можна ня проста патрабаваць, каб праціўнік гуляў па правілах. Марна чакаць ад круцяля прыстойных паводзін. Але ў любы момант можна спыніць гульню, выйсьці з-за стала і нават, калі хопіць характару, схапіць махляра за каўнер. Час тут ні пры чым. Гэта пытаньне волі.

Хтосьці некалі выдумаў, што дабро заўсёды перамагае. У нашы дні нехта прыдумаў злы жарт на гэтую тэму. Сядзелі на бальконе дзьве дзяўчынкі і плявалі на мінакоў. Адна, якую звалі Зло, аплявала пяць чалавек. А тая, якую звалі Дабро, — сем. Хто перамог?... Можна лічыць гэты жарт характэрным менавіта для нашага часу. Але насамрэч добрага ці кепскага часу не бывае. Добрыя ці кепскія ўчынкі робім мы самі.

Філязофія старажытных індусаў як быццам не пакідае нам маральнага выбару. Усё адно — эпоха Каліюгі скончыцца перамогай зла і ўсеагульнай гібельлю. Які ж сэнс кожнага разу ў новым жыцьці змагацца са злом? Але ў тым і хаваецца, як модна цяпер казаць, фішка. Калі ты робіш выбар на карысьць дабра пры ўмове яго абавязковай перамогі (хай у бясконца далёкай пэрспэктыве), яно адразу абясцэньваецца. Мала гонару змагацца на баку пераможцаў — тым больш калі ты ведаеш, што перамога загадзя забясьпечаная. Ідэяй выбару ў сытуацыі бяз выбару, у сытуацыі, калі зло перамагае, пранізаны творы Васіля Быкава. Становіцца абсалютна зразумела, што зусім не палітычныя погляды й схільнасьці Быкава выклікалі да яго інстынктыўную нянавісьць улады ў апошнія гады жыцьця, а таксама пасьля сьмерці пісьменьніка. Прычына — у ім самім, у ягонай маральнай пазыцыі. Ад быкаўскай праўды ўлада бяжыць, як нячыстая сіла ўнікае сьвятога крыжа.

Нават калі зло атрымала татальную і пагалоўную перамогу, калі ты аб гэтым ведаеш і хаця б адзін не згаджаесься з гэтым, значыць, бітва яшчэ ня скончана. Значыць, час можа спыніцца і насуперак усім законам фізыкі павярнуцца назад.

Насамрэч ня важна, хто пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі 2006-га году і ці назавуць іх выбарамі або фарсам. Гэта цікава толькі будучым гісторыкам ды сёньняшнім палітолягам з сацыёлягамі.

Важна толькі тое, за каго і за што кожны з нас гатовы аддаць голас. Выбару ўжо няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?