Нацыянальны банк Беларусі звярнуўся да Міжнароднага валютнага фонду з просьбай выдзеліць рэзервавы крэдыт у памеры 2 млрд. даляраў ЗША.

Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў.

«Гэты крэдыт неабходны для папаўнення золатавалютных рэзерваў краіны», — растлумачыў А.Драздоў.
Паводле яго слоў, «рэакцыі МФВ пакуль няма, таму што адозва была даслана на гэтым тыдні».

Як паведамлялася раней, міжнародныя рэзервавыя актывы Беларусі (золатавалютныя рэзервы) у нацыянальным вызначэнні скараціліся за верасень на 11,8 % (на 658,9 млн. даляраў) і склалі на пачатак кастрычніка 4 млрд. 944,2 млн. долараў. Паводле методыкі МВФ міжнародныя рэзервавыя актывы за верасень скараціліся амаль на 10 % (460 млн.) і склалі 4 млрд. 119,9 млн. даляраў.

Нагадаем, 21 кастрычніка міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын паведаміў аб прынцыповым рашэнні расійскага боку выдзеліць ураду Беларусі чарговы стабілізацыйны крэдыт у 2 млрд. даляраў (першы, у 1,5 млрд. даляраў, Расія выдзеліла Беларусі ў 2007 годзе).

Варта зазначыць, што ў пачатку 2004 года Беларусь заяўляла аб сваёй адмове праводзіць далейшыя перамовы з МВФ аб выдзяленні рэзервовых крэдытаў.

«Гэта было звязана з тым, што такія перамовы ішлі з 1990?х гадоў і былі вельмі складанымі і працяглымі», — сказаў А. Драздоў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

* * *

Просьба да МВФ можа сведчыць пра сур'ёзныя праблемы ў фінансавай сістэме краіны. Калі такі крэдыт будзе атрыманы, гэта давядзе замежную запазычанасць краіны да рэкорднае лічбы 19 млрд даляраў. Рост у тры разы за два гады!

У выпадку пазітыўнага рашэння МВФ запазычанасьць дасягне ўзроўню каля 1900 даляраў на кожнага грамадзяніна краіны, з малымі ўлучна.

Дагэтуль рэкордным быў атрыманы ад Расеі ў канцы 2007 году 15?гадовы крэдыт на 1,5 мільярдаў даляраў па стаўцы LIBOR + 0,75% з пяцігадовай адтэрміноўкай сплаты асноўнага доўгу. Сёлетні крэдыт пераўзышоў той папярэдні. Умовы яго пакуль не паведамляюцца.

Такі ўзровень запазычанасці яшчэ не фатальны для гаспадаркі Беларусі, але доля кароткатэрміновых пазыкаў можа выклікаць пэўныя клопаты. Затое 2-мільярдная пазыка стане надзейнай падушкай на час сусветнага фінансавага крызісу. А што будзе празь пяць гадоў, пасля нас? Можа і патоп.

* * *

Не даўней як у мінулую пятніцу Аляксандр Лукашэнка і Пятро Пракаповіч завяралі, што «стабільны стан нацыянальнай валюты будзе забяспечвацца ў поўным аб'ёме да канца года. Паводле слоў кіраўніка Нацбанка, у гэтым годзе адзначаюцца беспрэцэдэнтна высокія аб'ёмы крэдытавання. Старшыня праўлення Нацыянальнага банка асабліва падкрэсліў, што беларуская плацежная сістэма па-ранейшаму працуе ўстойліва, стабільна і без збояў. Як лічыць Пётр Пракаповіч, гэта вельмі важна на фоне тых негатыўных з'яў, што адбываюцца з укладамі насельніцтва ў суседніх краінах і ў цэлым у свеце».

Глядзі яшчэ:
Расея дае Беларусі крэдыт 2 млрд даляраў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0