Былы капітан зборнай Расіі па біятлоне Сяргей Ражкоў не будзе выступаць за зборную Беларусі.
Пра гэта паведаміў прэзідэнт Саюза біятланістаў Расіі Аляксандр Ціханаў. Ён адзначыў, што СБР ні ў якім разе не выдасць дазвол на пераход Ражкова ў нашу зборную.
“Мы многа аддавалі спартоўцаў у іншыя краіны. Годзе, хай працуюць самі.
Аддаваць спартоўцаў у іншыя краіны, калі да Алімпіяды засталося паўтара года, мы не жадаем і не будзем”, — заявіў Ціханаў у інтэрв’ю выданню “Ўвесь спорт”. Паводле яго слоў, расійскі бок не атрымліваў ніякіх запытаў наконт пераходу Сяргея Ражкова ў беларускую зборную.

Між тым, сам Ражкоў на старонках часопіса “Лыжны спорт”, назваў выказванне Ціханава лухтой, паколькі “асабіста паклаў заяву аб пераходзе на стол прэзідэнта СБР”. У той жа час дзяржаўны трэнер беларускай зборнай па біятлоне Аляксандр Бяляяў заявіў, што Беларусь накіроўвала запыт расійскаму Саюзу, аднак адказу на яго не атрымала.

Нагадаем, у пачатку мінулага сезона Ражкоў адмовіўся падпісаць дэкларацыю Саюза біятланістаў Расіі, што з'яўлялася працягам канфлікту паміж спартоўцамі нацыянальнай каманды і прэзідэнтам СБР Аляксандрам Ціханавым. У выніку біятланіста не ўзялі ў зборную. У адказ на гэта Ражкоў выказаў жаданне пераехаць у Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?