Уладзімер Андрэйчанка, фота БЕЛТА
Галоўным пытаньнем першага працоўнага дня першай сэсія палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня было абраньне сьпікера, ягонага намесьніка, а таксама стварэньне сталых камісій.

На пасаду старшыні быў прапанаваны толькі Ўладзімер Андрэйчанка. У выніку за ягоную кандыдатуру прагаласавала 107 дэпутатаў, супраць — 1, яшчэ адзін бюлетэнь прызнаны несапраўдным.

Уладзімер Андрэйчанка нарадзіўся ў 1949 годзе ў вёсцы Мар’янава Лёзьненскага раёну. Скончыў Лужасьнянскі саўгас‑тэхнікум, сельскагаспадарчы інстытут у Вялікіх Луках (Расея), Менскую вышэйшую партыйную школу. Працоўную дзейнасьць пачынаў аграномам у Верхнядзьвінскім раёне. На працягу семнаццаці гадоў працаваў у родным Лёзьненскім раёне: на партыйных пасадах, старшынём калгасу імя Данукалава, старшынём райвыканкаму. Быў дэпутатам Вярхоўнага савету XII скліканьня. Узначальваў камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаваньню. У лістападзе 1994 году прызначаны старшынём Віцебскага аблвыканкаму. Служыў у войску. Жанаты, мае двух дзяцей.

Уладзімер Андрэйчанка — старажыл уладнай вэртыкалі. На сваёй пасадзе ён адпрацаваў без малога 14 гадоў, ніхто зь ягоных калегаў так доўга у «губэрнатарскім» крэсьле не затрымліваўся. Многія лічаць, што прызначэньне Андрэйчанкі ў свой час стала магчыма дзякуючы тагачаснаму кіраўніку Адміністрацыі прэзыдэнта Леаніду Сініцыну.

З галоўных рысаў Андрэйчанкі адзначаюць неканфліктасьць, добрае ўменьне выконваць загады. Чыноўнік ніколі не імкнуўся на відныя ролі. У віцебскім аблвыканкаме заўсёды была невялікая людзкая цякучка, Андрэйчанка давярае толькі правераным кадрам.

За такі працяглы тэрмін чуткі пра звальненьне старшыні аблвыканкаму хадзілі неаднаразова. Апошнія папаўзьлі летась, пасьля арышту банды Рымаса.

На адной з нарадаў Лукашэнка проста сказаў: «Стаміўся губэрнатар». Проста адпраўляць на пэнсію такога паважанага чалавека палічылі немэтазгодным. Дарэчы, разам з Андрэйчанкам у палату трапіў і ягоны намесьнік Пётр Южык. Новае кіраўніцтва Віцебшчыны яшчэ не прызначанае.

Намесьнікам Андрэйчанкі абраны 53-гадовы Валеры Іваноў, які раней узначальваў Шклоўскі райвыканкам. За яго прагаласавала 105 дэпутатаў, супраць - 4.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?