У панядзелак ў СІЗА на Валадарскага быў зьмешчаны моладзевы актывіст Аляксандар Баразенка. Хлопец праходзіць па крымінальнай справе за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня. Гэта першы новы палітвязень, што трапіў за краты пасьля адмены санкцый Эўрасаюзу.

Нагадаем, што тая справа атрымала неафіцыйную назву «Працэс чатырнаццаці». Аднак на лаве падсудных аказалася толькі трынаццаць чалавек. Студэнт унівэрсытэту Ўроцлава Аляксандар Баразенка прыняў рашэньне застацца ў Польшчы і не прыяжджаць на працэс. Фігуранты той справы атрымалі розныя тэрміны абмежаваньня волі без накіраваньня адбываць пакараньня, а таксама штрафы. Андрэй Кім атрымаў паўтара году калёніі.

Большасьць зь іх жыве сёньня фактычна ва ўмовах хатняга арышту. Некаторыя, як Тацяна Цішкевіч, Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, прынялі рашэньне зьехаць з краіны.

Паводле нашай інфармацыі Аляксандар Баразенка пэўны час знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Зьехаць назад на вучобу не было магчымасьці, бо расейцы аднавілі беларускую базу невыязных. Хлопца нібыта нават здымалі зь цягніка.

27 кастрычніка Аляксандар Баразенка добраахвотна разам з сваім адвакатам Паўлам Сапелкам зьявіліся да сьледчага Міхалькевіча. Там хлопцу і была прадстаўлена пастанова аб арышце, якая была выпісана яшчэ ў траўні.

«У СІЗА Баразенка правядзе час да суду, калі, канечне, ня будзе заменена мера стрыманьня.
Хадайніцтва ў пракуратуру накірую бліжэйшымі днямі», — кажа П.Сапелка.

Пакуль цяжка меркаваць, калі дакладна адбудзецца суд. Вядома толькі што ён адбудзецца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Глядзі яшчэ:
Няволя на волі: апошнія прысуды на працэсе 14-ці
Восем новых палітвязьняў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?