Дзяржаўныя дзеячы яўна саступаюць артыстызму Петрасяна і Эдзі Мёрфі, што акупуюць навагодні этэр. Затое ў іх ёсьць джокер: віншаваньні пачынаюцца ў прайм-тайм, за дзесяць хвілін да бою курантаў. Аднак часьцей матэрыялізацыя на экранах мужыкоў у пафасным экстазе служыць грамадзтву ў якасьці сьвістка — час адкаркоўваць шампусік, падпальваць, рызыкуючы жыцьцём, кітайскія пэтарды і валачы на стол аліўе. Калі, натуральна, да гэтага часу вы ўжо не аскацініліся. Ніколі ня бачыў, каб ў 23.50 нехта падарваўся і зароў: «Ды ціха вы, бабы, дайце паслухаць пра яркія дасягненьні ў духоўнай сфэры, культуры і спорце!..»

Апроч таго, часам палітыкі праз свой давер да філфакаўцаў-сьпічрайтэраў выглядаюць неяк штучна. «Батанікі» ўгнойваюць іх прагоны мудрагелістымі літаратурнымі прыёмамі. Слухаеш — і проста падмывае заенчыць: «Ня веру!» Пару гадоў назад той, хто лаецца матам з падначаленымі, пачаў віншаваньне мудрай алегорыяй: «Час — гэта птушка». Той сьпічрайтэр яшчэ б уклаў яму ў вусны лацінскі афарызм. Уяўляеце — «Добры вечар, дарагія суайчыньнікі, tempora mutantur, et nos mutamur in illis».

Ну і нарэшце, такія сьпічы прадказальныя, іх канцэпты не мяняліся з часоў Мікіты Сяргеевіча: аптымістычныя вынікі году, падзякі піплу, пакет пажаданьняў з выхадам на стэрэатыпнае «З Новым годам!» І з такой хохмай канкураваць зь Філем і Алай, якія паабяцалі 31 сьнежня адкрыць сакрэт свайго разводу?

Што ж рабіць, каб вытрымаць выклік сьвету папсы? Самае прыкольнае, што выйсьце вельмі простае. Абсалютна ня трэба ісьці шляхам прадусэраў, якія намагаюцца надаць адстойным перадачам новае дыханьне. Напрыклад, яны прапанавалі б для падняцьця рэйтынгу запрасіць у студыю поп-зорку. Ну канечне: ніхто б не прайшоў міма анонсу «Віншаваньне народу ад прэзыдэнта рэспублікі X і групы «Топлес».

Не, ня трэба нічога мяняць — ні тэкст, ні выступоўцу, ні фармат.

Трэба проста падкарэктаваць тэлепраграму — няхай будзе не «Навагодняе віншаваньне прэзыдэнта РX народу», а «Гумарыстычнае віншаваньне прэзыдэнта РX народу». І ўсё.

«У нас няма рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці… І кожнаму адкрыта дарога да свайго храму», «У нас у краіне хто хоча працаваць — працуе. І зарабляе!», «Іржа карупцыі не разьядае наша грамадзтва»… Гэта цытаты з навагодняга выступу аднаго палітыка. Хіба пры адэкватным настроі на ўспрыманьне яны не гучаць весялей, чым усе пэрлы «Аншлягу»?

Ну ўсё, харэ ржаць. З Калядамі і Новым годам!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?