Дзяржпрадпрыемствы схапіла прыватызацыйная трасца.

«Да выбару патэнцыяльнага інвестара мы ставімся вельмі асцярожна», — заявіла на прэс‑канферэнцыі 28 кастрычніка ў Мінску дырэктар ААТ «Цэнтр моды» Любоў Манулік, адказваючы на пытанне карэспандэнта БелаПАН.

Яна паведаміла, што 60% акцый прадпрыемства належаць членам калектыву, 40% — дзяржаве ў асобе канцэрна «Беллегпрам». «Да 2010 года плануецца прадаць дзяржаўную долю ў таварыстве», — сказала Л.Манулік.

Паводле яе слоў, да Цэнтра моды «пачалі праяўляць цікавасць патэнцыяльныя інвестары з Расіі, Латвіі, Літвы». «Але нам бы хацелася знайсці такіх інвестараў, якіх цікавіла б не наша нерухомасць у цэнтры горада, а кірунак дзейнасці прадпрыемства. Мы яе хочам захаваць», — патлумачыла Л.Манулік.

«Напрыклад, нашым інвестарам мог бы стаць нейкі банк, які б інвеставаў у нас сродкі і не ўмешваўся ў нашу працу», — лічыць дырэктар ААТ.

Асноўным кірункам дзейнасці ААТ «Цэнтр моды» з’яўляецца распрацоўка прамысловых і прэзентацыйных калекцый моднага адзення пад замову, стварэнне іміджу і фірменнага стылю, распрацоўка форменнага і прадстаўнічага адзення для артыстаў, работнікаў дыпкорпусу, тэлебачання, тэатральных дзеячаў, спартоўцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?