29 траўня ў генэральную пракуратуру на размову быў выкліканы прафэсар Алег Манаеў – дырэктар Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, зарэгістраванага ў Літве. Тэмай гутаркі сталі вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, прысьвечаных выбарам і праведзеных у Беларусі пад кіраўніцтвам прафэсара Манаева ў сакавіку-красавіку.

30 сьнежня летась пракуратура выносіла папярэджаньне спадару Манаеву «аб недапушчальнасьці парушэньня закону».

Пра тое, як праходзіла сёньняшняя гутарка, Алег Манаеў распавёў нашаму радыё.

(Манаеў: ) «Сёньня я быў ізноў выкліканы ў рэспубліканскую пракуратуру на размову з старшым сьледчым Станіславам Новікавым. Спадар Новікаў запрашаў мяне ў і сьнежні летась на размову, а напрыканцы сьнежня ўручыў мне папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня закону. На гэты раз я пайшоў з адвакатам Верай Страмкоўскай. Размова ішла дзьве гадзіны. Сьледчы пачаў яе з публікацыі на сайце «Беларускі партызан» , дзе камэнтаваліся вынікі нашага апытаньня, якія былі прэзэнтаваныя за дзень да публікацыі ў брытанскім пасольстве.

У артыкуле на «Беларускім партызане» былі мае словы, узятыя ў двукосьсе, а таксама іншыя ацэнкі, якія належалі аўтарам публікацыі, кшталту таго, што «Лукашэнка скраў мільён 200 тысячаў галасоў у беларускіх грамадзянаў».

Спадар Новікаў - вопытны юрыст. Як мне патлумачыла Вера Страмкоўская, яго размова сам мной ішла па двух лініях. Адна - гэта тое, што я і мае калегі працягваем дзейнічаць ад імя НІСЭПІ, які ўжо больш за год зачынены, зарэгістраваны ў Літве і гэта значыць мы дзейнічаем ад імя незарэгістраванай арганізацыі. З 1 студзеня гэтага году пачалі дзейнічаць адпаведныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, паводле якіх такая дзейнасьць - крымінальнае злачынства. Я тлумачыў, што любая дзейнасьць, якую мы вядзем у Беларусі - апытаньні, прэзэнтацыі, канфэрэнцыі, гэта дзейнасьць групы грамадзян Рэспублікі Беларусь. І маем, мелі і , спадзяюся, будзем мець права дзейнічаць у гэтай якасьці. Другая лінія размовы, паводле адваката, выводзіла на артыкул аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Яна тычылася таго, як былі атрыманыя дадзеныя , ці можна ім давяраць. Я нагадаю, што паводле дадзеных Цэнтарвыбаркаму за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала 83% выбаршчыкаў, паводле дадзеных нашых апытаньняў – 63%. Я тлумачыў, што давяраць ім можна, бо яны заснаваныя на нашым прафэсійным досьведзе.

Мне здаецца, што тыя тлумачэньні, якія я даў, не павінны весьці да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулаў аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі ці аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Але і ў сьнежні мне здавалася, што мае тлумачэньні былі задавальняючымі, але атрымаў пракурорскае папярэджаньне. Будзем чакаць.

Відавочна адно - наш інстытут не застаўся па-за ўвагай органаў улады, яго дзейнасьць і дзейнасьць нас, ужо як прыватных асобаў, не задавальняе кагосьці ў кіраўніцтве краіны. Большыя лічбы тых, хто прагаласаваў за Аляксандра Лукашэнку, атрымліваюцца ў нашых дасьледаваньнях ці меншыя, бліжэй яны да афіцыйных дадзеных ці да дадзеных апазыцыі - гэта ўсё ня мае значэньне. Важны сам факт - група грамадзян, прафэсійных экспэртаў, працягваюць праводзіць несанкцыянаваныя дасьледаваньні , у прыватнасьці вывучаць грамадзкую думку і распаўсюджваць інфармацыю аб гэтым у Беларусі і за межамі. Гэты выклік у пракуратуру - сьведчаньне таго, што гэтыя людзі ня хочуць, каб мы працягвалі працу».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0