Максімальны курс продажу даляра ЗША ў абменных пунктах Мінска па стане на раніцу 29 кастрычніка дасягнуў 2.185 беларускіх рублёў.

Такі курс продажу ўстанавілі адразу некалькі банкаў. Пры гэтым максімальны курс пакупкі адной адзінкі амерыканскай валюты склаў 2.150 рублёў, мінімальны — 2.115 рублёў.

У параўнанні з пачаткам тыдня курс продажу даляра ў мінскіх абменніках вырас на некалькі дзесяткаў рублёў.

Як заявіў БелаПАН прэс‑сакратар Нацыянальнага банка Міхаіл Журавовіч, усплёск попыту на наяўныя даляры з боку насельніцтва пачаў фіксавацца з пачатку гэтага тыдня. «Паўтараецца сітуацыя, якая раней сёлета ўжо назіралася з еўра, калі на фоне некаторага росту курсу еўрапейскай валюты асобныя грамадзяне кінуліся пазбаўляцца ад даляраў і скупляць еўра ў банках. Цяпер усё адбываецца з дакладнасцю да наадварот», — зазначыў прэс‑сакратар.

На яго думку, банкі ў цэлым у стане задаволіць павышаны попыт насельніцтва на даляры. Пры гэтым М.Журавовіч дапускае, што нейкія цяжкасці ў гэтым пытанні могуць узнікнуць, асабліва ў абменных пунктах, якія размешчаны ў цэнтральнай частцы горада. У рэгіёнах недахоп наяўнага даляра можа, паводле яго слоў, тлумачыцца недастатковай колькасцю саміх банкаў. «Плюс дзесьці ўзнікае сітуацыя, калі даляр у рэгіёнах скупляюць прыезджыя з Расіі і Украіны, дзе дзейнічаюць пэўныя абмежаванні, а ў нас абмежаванняў няма», — патлумачыў прадстаўнік Нацбанка.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0