Фота Юліі Дарашкевіч. Сакавік 2008 году.
Пра гэта лідэр КХП‑БНФ заявіў у інтэрвію Эўрарадыё.
А ці збіраецеся вы вярнуцца ў Беларусь?
Гэтая думка ў мяне існуе пастаянна. Уся мая праца, уся мая работа накіраваная на тое, каб гэты час прыспешыць. Я, дарэчы, прыязджаў ужо ў Беларусь.
У 1996 годзе 26 красавіка, праз месяц пасля эміграцыі. Гэта была проста дэтэктыўная гісторыя, як мне ўдалося праехаць праз мяжу. На мітынгу я быў. Я быў з аховай, бо я ўжо ведаў, што мяне будуць браць пасля мітынгу. Закончылася гэта штурмам. Мы забарыкадаваліся ў Сядзібе, нас акружылі і потым штурмавалі. Але ж мне ўдалося выйсці з гэтага становішча.
Пасля я яшчэ два тыдні быў у падполлі ў Мінску,а потым перабраўся ва Ўкраіну, затым ў Чэхію і гэтак далей.
Так што прыезд ужо быў. Ён дакладна паказаў, што будзе.
Мне ехаць цераз гэтую мяжу — раўназначна самагубству, таму што я ведаю дакладна тыя распараджэнні, якія ідуць асабіста ад Лукашэнкі.Яны гучаць так: пры непадпарадкаванні і аказанні супраціўлення страляць на паражэнне. Так што, усе тыя размовы: вернецца, не вернецца — альбо такое інфантыльнае аматарства, альбо гэта свядома робяць людзі з правакацыйнымі мэтамі, каб у людзей, якія не вельмі разбіраюцца, пасеяць дрэннае ўражанне пра чалавека. Вось ён тут не вяртаецца… Узяў бы і вярнуўся.
Па чым найбольш сумуеце ў Беларусі?
Знаеце, як не дзіўна, але не хапае краявіду. У першую чаргу. Калі глядзіш на фотаздымкі, цяперашнія, былыя, там, дзе краявід Бацькаўшчыны, — немагчыма… Сціскае за сэрца і за горла. І не толькі мяне. Кожнага беларуса, які перажывае такія цяжкасці — немагчымасць вярнуцца на Радзіму. Прырода мае вельмі вялікае значэнне. З поўным усведамленнем кажу. Я шмат, дзе быў. Нідзе няма харашэйшага краявіду, як у Беларусі. Абсалютна ўнікальны марэнны пейзаж, абсалютна ўнікальны. Такога вось дыхання, такога адчування вечнасці, адчування Бога няма нідзе. Для беларуса вельмі цяжка — расстацца са сваім краем. З тым, што стала часткай наша душы. А гэта наша зямля, наш краявід.