Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі і Лівіі ёсць магчымасці для развіцця двухбаковых адносінаў.

Пра гэта прэзідэнт заявіў 2 лістапада на сустрэчы з кіраўніком Лівійскай Арабскай Джамахірыі Муамарам Кадафі, якая адбылася ў зале афіцыйных дэлегацый Нацыянальнага аэрапорта "Мінск", паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Гэта першы візіт у Беларусь лівійскага лідэра. Беларускі прэзідэнт наведваў Лівію з афіцыйным візітам у 2000 годзе.

Сёння А.Лукашэнка пацвердзіў, што ўсе дамоўленасці з Лівіяй васьмігадовай даўніны застаюцца ў сіле.

"Вельмі рады таму, што адбываецца цяпер у вас у краіне. Лівія — краіна, якая інтэнсіўна развіваецца, і мы ўсяляк жадаем вашаму народу дабра", — цытуе БелТА прэзідэнта Беларусі.

У адказ на гэта М.Кадафі заявіў, што ў Лівіі сочаць за падзеямі ў Беларусі.

"Мы цэнім вашу прынцыповую пазіцыю, стойкасць. Мы заўважылі значны прарыў, тое, якіх вялікіх поспехаў у сваім развіцці дасягнула за гэты час Беларусь", — сказаў лівійскі лідэр.

М.Кадафі пацвердзіў намер развіваць далейшае супрацоўніцтва з Беларуссю, зазначыўшы, што ён задаволены тым, як развіваюцца адносіны Лівіі з Расіяй і іншымі краінамі СНД. "Развіццё вашага рэгіёну важнае для падтрымання балансу ў свеце", — сказаў М.Кадафі.

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта Беларусі, 3 лістапада А.Лукашэнка і М.Кадафі правядуць перамовы ў вузкім і пашыраным складзе. Паводле вынікаў сустрэч плануецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў, у тым ліку Канвенцыі аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад уплаты падаткаў у дачыненні падаткаў на даходы і маёмасць, Пратакола аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам юстыцыі Беларусі і Галоўным народным камітэтам юстыцыі Лівіі, Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Дзяржкамітэтам па стандартызацыі Беларусі і Нацыянальным цэнтрам Лівіі па стандартызацыі і метралогіі аб супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі, метралогіі і ацэнцы адпаведнасці, а таксама Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніяй Беларусі і Генеральнай асацыяцыяй тэлерадыёвяшчання Лівіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?