Швайцарскія навукоўцы займаюцца генэтычнай мадыфікацыяй рысу, зерня і яблыкаў ужо многія гады. Але ці задумваліся яны хоць раз, наколькі зьняважлівыя для расьлінаў гэтыя экспэрымэнты?

Цяпер гэтае пытаньне да іх. Летась увесну ў гэтай альпійскай краіне распачаўся працэс у абарону гонару расьлінаў ад генэтычных экспэрымэнтаў.

«На жаль, тут няма нічога сьмешнага, — кажа Бэат Келер, ён займаецца малекулярнай біялёгіяй ва ўнівэрсытэце Цурыху. — Гэта яшчэ адна загваздка ў генэтычных дасьледаваньнях».

Кагадзе доктар Келер дамагаўся дазволу ўраду на палявыя выпрабаваньні генэтычна мадыфікаванай пшаніцы, здольнай процістаяць грыбку. Але спачатку яму трэба было адстойваць некаторыя моманты годнасьці расьлінаў перад спэцыялістамі з унівэрсытэту. Затым у пісьмовай заяве ва ўрад ён тлумачыў, чаму заплянаваныя выпрабаваньні не «паўплываюць на жыцьцёва важныя функцыі» расьлінаў. Канец канцоў дазвол ён атрымаў.

Гэтае правіла, угрунтаванае на папраўцы ў канстытуцыі, зьявілася пасьля таго, як швайцарскі парлямэнт паставіў перад групай экспэртаў, у якую ўваходзілі філёзафы, генэтыкі і тэолягі, задачу абазначыць сам панятак годнасьці расьлінаў.

«Тут мы не маглі проста расьсьмяяцца і сказаць урадоўцам, што ня будзем гэтым займацца, — кажа Маркус Шэфэр, прафэсар базэльскага ўнівэрсытэту і сябра экспэртнай групы. — Так вымагае канстытуцыя».

У красавіку група выпусьціла 22‑старонкавы трактат на тэму «ўлічваньня правоў расьлін дзеля іх карысьці».
У ім сьцьвярджаецца, што расьліннасьць мае ўласьцівую ёй каштоўнасьць і што, напрыклад, «зьнішчэньне дзікіх расьлінаў пры дарогах без належнай прычыны» ёсьць амаральным учынкам.

Што датычыць генэтычнай мадыфікацыі, бальшыня сяброў экспэртнай групы сьцьвярджала, што годнасьць расьлінаў можа быць абароненай, «калі захоўваецца іх незалежнасьць, то бок рэпрадукцыйныя здольнасьці». Іншымі словамі: нягожа генэтычна зьмяняць і стэрылізаваць расьліну.

Некаторыя навукоўцы лічаць, што правіла годнасьці расьлінаў мае дачыненьне толькі да палявых выпрабаваньняў, аднак астатнія непакояцца, што яно можа дапасоўвацца і да лябараторных досьледаў. Яшчэ адно ліха: суворыя швайцарскія законы абараняюць паддосьледных жывёл, а цяпер ужо і расьлін, ад генэтычных мадыфікацый, аднак смаўжы і мухі‑дразафілы, якіх зазвычай выкарыстоўваюць у генэтычных экспэрымэнтах, такіх выгодаў не атрымалі.

Паўстае відавочнае пытаньне: калі вы берацё моркву, чысьціце яе, шаткуеце і кідаеце ў вар — ці ж гэта не пакутніцкая сьмерць няшчаснай морквы?

«Дзе тут мяжа? — запытвае Іў Пуар’е, які займаецца малекулярнай біялёгіяй у лябараторыі расьлінных біятэхналёгій ва ўнівэрсытэце Лязаны. — Няўжо нам цяпер абараняць годнасьць мікробаў і вірусаў?»

У пошуках яснасьці доктар Пуар’е надоечы запрасіў да сябе ва ўнівэрсытэт старшыню той экспэртнай рады. У публічным абмеркаваньні Пуар’е сьцьвердзіў, што новыя правілы заганныя, бо за дзесяцігодзьдзі традыцыйнага расьлінаводзтва зьявіўся шэраг шырокадаступных стэрыльных фруктаў, напрыклад, вінаград бяз костак. «А потым адбыўся поўны сюр, калі некаторыя сябры экспэртнай рады выказалі думку, што і ў расьлінаў ёсьць пачуцьці», — кажа Пуар’е.

У 1990‑х гг. у канстытуцыю Швайцарыі была ўнесеная папраўка дзеля аховы годнасьці ўсіх стварэньняў
— ліставых таксама — ад непажаданых наступстваў генэтычных мадыфікацый. Калі папраўка набыла сілу закону — вядомага як «Акт аб генэтычных тэхналёгіях», — дык яна ня мела нічога канкрэтнага пра расьліны. Але на пачатку гэтага году ўрад загадаў экспэртнай радзе падрыхтаваць правілы і для расьлінаў.

Дэбаты ў Швайцарыі — гэта ня проста акадэмічная балбатня. Як і іншыя эўрапейскія краіны, Швайцарыя вельмі строга кантралюе генэтычныя дасьледаваньні расьлінаў, асьцерагаючыся таго, што працэсы мадыфікацыі могуць зьляцець з катушак і нашкодзіць асяродзьдзю. Швайцарскія генэтыкі кажуць, што правіла па ахове годнасьці значна ўскладняе іх работу.

Здурнець можна?

Колькі год таму Крыстоф Саўтэр, батанік з Швайцарскага фэдэральнага тэхналягічнага інстытуту не атрымаў дазволу на правядзеньне палявых дасьледаваньняў генэтычна мадыфікаванай пшаніцы — тады ён і перавёз свой экспэрымэнт у ЗША. Цяпер ён саромеецца казаць пра новыя правілы па ахове годнасьці расьлінаў сваім амэрыканскім калегам. «Могуць падумаць, што швайцарцы звар’яцелі», — кажа Крыстоф.

Прыхільнікі закону сьцьвярджаюць, што ён адлюстроўвае больш маштабныя, прагрэсіўныя дзеяньні па ахове недатыкальнасьці жывых істотаў. Кагадзе Швайцарыя надала новыя правы ўсім «сацыяльным жывёлам». Хто захоча набыць сабаку, мусіць прайсьці чатырохгадзінавы курс па догляду за жывёламі, перш як набыць сабе чатырохногага сябру, а рыбакі мусяць вучыцца лавіць рыбу гуманным спосабам. Нельга ўтрымліваць рыбу ў акварыюмах, празрыстых з усіх бакоў. Ёй патрэбны нармальны прытулак. А таксама нельга змываць ва ўнітазах акварыюмных рыбак — ім належыць спачатку даць анэстэзію з адмысловых хімікатаў, а затым умярцьвіць.

Нельга ўтрымліваць насарогаў на плошчы меншай як 500 кв.м. За невыкананьне гэтай нормы можна дастаць штрафу ў 200 швайцарскіх франкаў (каля 170 даляраў ЗША). «Правілы датычаць заапаркаў і прыватных уласьнікаў», — кажа Марсэль Фальк, прадстаўнік Фэдэральнага вэтэрынарнага аддзелу ў Бэрне.

Ці мае хто хатніх насарогаў у Швайцарыі? «Спадзяюся, што не», — кажа Фальк.

Новая канстытуцыя

Яшчэ адзін незвычайны ход зрабіў народ Эквадору, які месяц таму прагаласаваў за новую канстытуцыю, у якой упершыню прызнаюцца правы экасыстэм. Такім чынам, эквадорскія рэкі, лясы і паветра цяпер ня проста дзяржуласнасьць, а правамоцныя адзінкі з «правам на існаваньне і… рэгенэрацыю».

Але доктар Келера з Цурыху мае больш прыземленыя турботы. Ён хоча вырасьціць пшаніцу, якая зможа процістаяць сапраўднай сопкай расе (хвароба ў расьлінаў, якая выклікаецца грыбкамі. — Рэд.) У лябараторных экспэрымэнтах доктар Келер вынайшаў, што перанос некаторых генаў зь ячменю спрыяе ўстойлівасьці пшаніцы да гэтай хваробы.

Спрабуючы дастаць дазвол на палявыя выпрабаваньні, ён трапіў у вір жарснай дыскусіі аб годнасьці расьлінаў. У расьлінаў няма нэрвовай сыстэмы, і яны, магчыма, ня чуюць болю, але дакладна ніхто ня можа сказаць. Таму Келер сьцьвярджае, што, абараняючы пшаніцу ад грыбкоў, ён насамрэч дапамагае расьліне, а не замахваецца на яе годнасьць, — і тым самым дапамагае грамадзтву.

На досьледным полі пад Цурыхам ужо трэці год ідуць палявыя выпрабаваньні генэтычна мадыфікаванай пшаніцы. Паводле назіраньняў Келера, яго пшаніца добра пераносіць натуральныя ўмовы. Аднак праблемы на гэтым ня скончыліся.

У чэрвені месяцы на поле, якое належыць лябараторыі, уварваліся каля 35 чалавек з групы, якая выступае супраць генэтычнай мадыфікацыі расьлінаў. Яны былі апранутыя ў белыя ахоўныя касьцюмы і маскі. Расьліннасьць на полі яны выкасілі і патапталі, учыніўшы гэтым вялікую шкоду.

«Яны проста скасілі пшаніцу, — кажа доктар Келер, паказваючы рукой на цырбуны, што тырчэлі на полі. — Дык дзе тут годнасьць?»

Паводле Wall Street Journal

.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0