Пачынальнікі экспэрымэнтальнага року ў Беларусі вяртаюцца на сцэну. Зь лідэрам гурту «Зарціпо» Андрэем Івановым гутарыць Сяргей Будкін.

Гурт «Зарціпо» бярэ вытокі ў пачатку 80-х. У 1982 г. гурт пад назвай «Блізьняты» на чале з Андрэем Івановым даў свой першы сольны канцэрт, а ў 1983-м зрабілі першы запіс (на студыі Белдзяржрадыё!). Музыкі гралі цяжкі рок, а як вырашылі зьмяніць стылістыку — на постпанк, — то і зьмянілі назву на «Зарціпо». Здарылася гэта ў 1988 г. Тады яны гралі на буйных савецкіх ды замежных фэстывалях, нават запісалі альбом для выданьня на фірме «Мэлёдыя», але неўпрыкмет неяк зьніклі з далягляду. Сёлета, празь вялікі перапынак, «Зарціпо» выступіць у межах фэсту «Грыфаманія».

«Наша Ніва»: Андрэю, што здарылася з «Зарціпо» за апошнія гады?

Андрэй Іваноў: На пачатку 1996 г. у «Зарціпо» я застаўся адзін, бо творчы вынік апошняга складу Ляшкевіч—Зайцаў—Башкоў—Іваноў быў вельмі высокі, і я ня бачыў сэнсу зьбіраць новы, а паспрабаваў зрабіць «віртуальны гурт». Да 2002 г. працаваў над матэрыялам ды пэрыядычна выступаў як у Менску, так і ў Бэрліне. А потым спыніў дзейнасьць у Беларусі, пагрузіўся ў «плынь унутранага творчага руху». Адно толькі сыстэматычна выяжджаў у Бэрлін з клюбнымі канцэртамі для «спробы пяра» ды за творчай адваротнай сувязьзю. Але я ня думаю, што цяпер мне трэба ехаць у Нямеччыну і знаходзіцца там доўгі час. Спрабую пачаць актыўную канцэртную дзейнасьць у Менску.

«НН»: Дык калі ўбачым выступ «Зарціпо»?

АІ: Буду граць сэт у межах фэстывалю «Грыфаманія», што пройдзе ў ДК МТЗ 22—23 лістапада. Сыграю там дзьве кампазыцыі з сваёй дзьвюхгадзіннай канцэртнай праграмы, якія адабраў сам дырэктар «Грыфаманіі» Юры Рашэтнікаў. З гэтай самай праграмай і зьбіраюся даць канцэрт у Менску.

«НН»: А па тых часах бурнай актыўнасьці ў 80—90-х не сумуеце?

АІ: Не, шкадую толькі, што запіс «Зарціпо» на фірме «Мэлёдыя» ў 1991 г. так і ня быў выдадзены. Хоць быў зборнік на той жа «Мэлёдыі» з «Зарціпо» на год раней, які зрабіў сваю справу.

«НН»: Ці сочыце за тым, што адбываецца на беларускай альтэрнатыўнай сцэне?

АІ: Толькі з гэтай восені пачаў сачыць за беларускай альтэрнатывай. Магу сказаць, што яна ўся круціцца вакол хардкору і «панк-ролу», а мастацкі зьмест імкнецца да вобразу «блазнаватага прарока». Але, на мой погляд, гэта нармальная аб’ектыўная зьява для нашых мясьцінаў. У нас няма музычнага «чыстага мастацтва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?