Камусьці крэйсэр «Аўрора» сьніцца, камусьці — Хадановіч, а мне прысьніўся Джон Абама.

Не таму, што я за рэспубліканцаў. Беларуская эміграцыя ў ЗША традыцыйна галасуе за іх. У часы Рэйгана гэта было дарэчы.

І не таму, што мне сымпатычныя дэмакраты. Але Клінтан паставіў у Курапатах помнік. Пад сьнегам. Гэта было прыгожа.

І не таму, што я за Абаму. Хоць тэмбар голасу й тое, што ён — выліты Павал Севярынец, імпануе.

Маккейн думае пра Беларусь, і нават чытаецца яго імя не па‑чужому: ці то Макей ці то Мацей. Але нешта мне падказвае, што ягоны тыпаж — не да часу. Дапускаю, што зьявіся ён некалі замест Рэйгана, гісторыя б ад гэтага не пайшла па‑іншаму. Тады цьвёрдыя выглядалі жывей за мяккіх. Але ўсё зьмянілася. І сёньня плястычныя джазмэны выклікаюць болей надзеяў, чым зьдзервянелыя салдафоны.

Тым часам цьвёрдыя ўсіх маштабаў і мадыфікацыяў распаўсюдзіліся па ўсім сьвеце, праніклі ва ўсе сфэры, і куды нос ні сунеш — паўсюль сядзіць Маккейн. Ён украдліва зазірае табе ў душу, бо яго не хвалюе, што ты можаш, а толькі — наш ты чалавек ці ня наш. Асабістая лаяльнасьць і роля ў карпаратыўнай ерархіі — усё, што ад цябе патрабуецца, бо ад усіх патрабуецца ня рух, а стаяньне на пэўных месцах.

Гатовы прызнаць сваю памылку толькі ў адным выпадку — калі мы ўсе жывем у чаканьні грамадзянскай вайны. Але гэта ня так.

Дзераўляныя салдафоны таксама гавораць пра перамены, хоць прыйшла пара мяняць іх — зацыкленых на сабе ўзначальнікаў тваёй ідэі, якія ніколі не тлумачаць сваіх рашэньняў і трымаюць працэс іх прыняцьця ў глыбокай таямніцы, паводзячы сябе як сярэднявечныя жрацы.

Варта адкінуць таямніцу, каб на месцы забранзавелых апосталаў пабачыць усяго толькі тупаватых рахункаводаў асабістага быту. Сіла іх узьдзеяньня — у інэрцыі нашай панашы да колішніх рэвалюцыяў.

Яны са сваёй квазікансэрватывісцкай упартасьцю прынесьлі чалавецтву нямала бед, галоўная зь якіх — адмаўленьне прафэсіяналізму.

Ты наш чалавек? Значыць, будзеш рэдактарам зборніка. Ты наш і ведаеш тры мовы? Будзеш перакладчыкам. Ты наш? Будзеш прэзыдэнтам.

Калісьці хадзіла такая паўжартоўная прыказка: нашы прыйдуць, разьбяруцца. Але нашы даўно прыйшлі. І даўно хочацца, каб прыйшлі — новыя.

Іншы раз здаецца, што чым менш ты ў чымсьці петрыш, тым больш у цябе шанцаў узначаліць гэты працэс. Я не пра Сару Пэйлін, я яе ня ведаю. Але з выгляду яна — гатовы рэдактар Акту аб дэмакратыі ў Беларусі.

Гэтыя аўтарытарныя дыктатарчыкі зь лёзунгам свабоды на вуснах даўно ўжо ўвасабляюць антыпод свабоды.
І справа зусім не ва ўзросьце, а ў няздольнасьці зьмяняцца і разам з сабою зьмяняць сьвет. Яны і ў камсамольскім веку былі такімі цьвердалобымі. І добра прыдаліся, калі трэба было ілбамі штосьці прабіваць. Яны — ад пачатку апалягеты парадку. А сёньня не парадку бракуе, а гармоніі.

Лінейны парадак параўняў адным плінтусам майстра і прафана. Народнаму паэту Барадуліну зьбіраюць грошы на выжываньне. Хіба гэта ня плён дзейнасьці дзераўляных салдафонаў, якія разрульваюць працэс?

Цяперашні ўсясьветны крызыс пэрсаніфікуецца ў тыпаж — у панаваньне Урфін Джуса на ўсіх узроўнях, што вядзе да татальнай дыскваліфікацыі. Можа й калайдэр ад гэтага ламаецца. Раней у навінах мы дзівіліся прафэсійным дасягненьням творцаў, а цяпер там толькі катастрофы.

Мне шкада Буша. Ён і афарызму ніякага не сказаў, а яму за восем гадоў дасталіся адныя беды. І ён супраць іх ня здолеў зрабіць нічога. Нават не ўяўляю, як бы ўсё пайшло па‑іншаму, будзь на яго месцы Рэйган. Але Буш ня Рэйган. І ня Клінтан.

Першы граў у кіно, другі на саксафоне. Яны былі творчымі людзьмі. І не былі салдафонамі.

Сьвет зьнямогся бяз новых ідэяў. Буксуе і крызісуе ўсё. Тут новы прэзыдэнт Амэрыкі мусіў бы стаць не руцінным працягам папярэдняга, а сымбалем перамен для ўсёй нашай няшчаснай цывілізацыі.

Абаму ніхто ня ведае. А хто калі загадзя ведаў, які ён, вецер перамен?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?