Ля «Макдональдзу» на Кастрычніцкай завязалася патасоўка паміж фанамі.
Міліцыі побач не было. Фота Юліі Дарашкевіч.
Адказваюць пецярбурскія футбольныя заўзятары. Апытаньне на вуліцах Менску.
Ігар, 38 гадоў:
Міліцыя ў вас ветлівая — у чатыры ночы нас сустрэлі, езьдзілі з намі паўсюды, потым нават сказалі: «Хлопцы, давайце мы вас адвязем куды трэба».
Цімафей, 19 гадоў
Файны горад, толькі нулікаў зашмат. У сэнсе на грошах. У нас таксама рублі, але неяк прасьцей. Нязвыкла: купляеш нешта, а табе кажуць: «Столькі і столькі тысяч». Хаця зь іншага боку, у кішэні таксама многа грошай: тысячы, дзясяткі тысяч.
Аляксандр, 29 гадоў
Чыста тут у вас, ахайненька. Харошая сталіца, культурны горад. Мы ходзім і вельмі стараемся ня сьмеціць. Трамваі прыгожыя, ня тое што ў нас, калі ходзяць — не грукочуць. Людзі культурнейшыя, нават не культурнейныя, а хутчэй спакайнейшыя. Сьпяшаюцца, але нетаропка.
Сьвятлана:
Калі па шчырасьці, дык чакалі што цэны будуць ніжэйшыя. Вось хацелі купіць ваш знакаміты абутак, дый проста закупіцца, але дарагавата. Ну, і шыльды вашыя (стаіць ля шапіку «Хутка-Смачна») — чытаць весела. Выглядаюць, як няправільныя нашыя. Тое, што падавалася памылкай, тут у вас буйнымі літарамі напісана.
Дзяніс, 20 гадоў
Падабаюцца найперш людзі. Усе да нас ставяцца па-сяброўску. Падыходзяць, вітаюцца, кажуць, што ім падабаецца Піцер, але сёньня будуць падтымліваць БАТЭ. Учора зь менскімі хлопцамі ў пераходзе сьпявалі песьні «Спліна». Хутка і лёгка знайшлі кватэру на пару сутак. Мы ж тут на некалькі дзён — акрамя футболу хочам зьезьдзіць у Хатынь.