Большасць аператараў паслуг легкавых таксі ў Мінску зарэгістравалі новыя тарыфы. Пра гэта паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення цэнавай палітыкі камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Іосіф Рачыцкі.

Паводле яго інфармацыі, у асноўнай масе аператары зарэгістравалі павышэнне тарыфаў у сярэднім на 20%. «Аднак некаторыя аператары зніжаюць цэны з‑за канкурэнтнай барацьбы», — зазначыў начальнік упраўлення.

Ён паведаміў, што «цэны на паслугі таксі змяняюцца не адначасова, не з пэўнай даты. Змяненне тарыфаў распачата з сярэдзіны кастрычніка».

Як раней паведамляў БелаПАН дырэктар асацыяцыі «Сталічнае таксі» Канстанцін Кузьмянкоў, жаданне таксістаў павысіць тарыфы звязана з ростам цэн на гаруча‑змазачныя матэрыялы і запасныя часткі. Ён зазначыў, што пра новыя тарыфы на таксі можна даведацца ў дыспетчарскіх службах фірм‑аператараў.

У службах таксі «107» і «135» БелаПАН паведамілі, што павышэнне тарыфу чакаецца 10 лістапада і ён складзе 1.580 рублёў за кіламетр.

У асацыяцыю «Сталічнае таксі» ўваходзяць 20 аператараў таксі. У горадзе працуе каля 3,5 тыс. таксі.

Як паведамлялася раней, 5 лістапада павышаны межавыя тарыфы на паслугі маршрутных таксі ў Мінску ў сярэднім на 20%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?