Кіраўнік аднаго з прадпрыемстваў горада так і сказаў майму сябру: «Вступайте в БРСМ или ищите работу». Піша Сяргей Брадавы з Маладзечна.

Тое, што гаварылася вечарам 29 кастрычніка з блакітнага экрана, азадачыла. Канал СТВ у сваім анонсе распавядаў пра 90 гадоў ВЛКСМ і пра 40‑ы (!) з’езд БРСМ у Мінску. Спачатку падумалася: нешта не так уразумеў. Аказваецца, што «сейчас в БРСМ 500 тысяч талантливой, креативной молодёжи». Потым спецыяльна я запытаўся ў маладых пра гэтае навамоднае, але мудрагелістае слова. Крэатыўнасць «навобмацак» хутчэй адчуваюць, чым ведаюць нямногія з маладых людзей.

У 2030 пачынаюцца навіны тэлебачання грамадскага.

Зноў анонс: «Беларускаму камсамолу – 90 гадоў». Але ж 29 кастрычніка сапраўды адбыўся Першы Ўсерасійскі з’зд моладзі названы Расійскім камуністычным саюзам моладзі. Але пры чым тое да Беларусі?
На нашай тэрыторыі існавала Беларуская Народная Рэспубліка, каторая была абвешчана 25 сакавіка 1918 года. Расія і Польшча гэта не ўзлюбілі, а Германія «разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР» («Беларуская энцыклапедыя», том другі). Наша цяперашняе кіраўніцтва таксама не надта прывячае БНР — яму болей даспадобы БССР, што з’явілася толькі 1 студзеня 1919.

Звяртаемся далей да гісторыі. У 1991 годзе ХХХ з’езд ЛКСМБ перайменаваў рэспубліканскую камсамольскую арганізацыю ў Саюз моладзі Беларусі. У 1992 годзе на І устаноўчым з’ездзе прыхільнікаў камуністычнага кірунку ЛКСМБ адроджаны як палітычная арганізацыя моладзі Беларусі і па стане на 1 студзеня 1998 года яна налічвала 1200 членаў. Гэтыя дадзеныя таксама з энцыкдапедыі. Арганізацыя БРСМ утварылася ў 2002 годзе, а ўжо мае паўмільёна адборных членаў і праводзіць саракавы з’езд. Во дзе крэатыўнасць!

Напрыканцы тэлевечара быў Першы нацыянальны канал. Ён болей салідны: пра камсамол распавёў толькі ў канцы сваёй праграмы. Нам падалі кусочак інтэрв’ю з саноўным мужчынам з кіраўнікоў БРСМ пра тое, што праз пару гадоў гэтая арганізацыя ў параўнанні з камсамолам «ни в чём не будет уступать, а превзойдёт»… Няцяжка здагадацца пра тое, у чым яна пераўзыйдзе, а можна казаць і пераўзыйшла..

…Навошта ТАК прыпамінаць камсамол! Нават правапрыемнік усея і ўсяго – Расія, на камсамол так апантана не зарыцца. Камсамол мае ЗАСЛУГІ такія, што ніякія прымітыўныя нацягі і патугі не патрэбны. Гэта — гісторыя і вялікая гісторыя. Тое, што мы бачым – гэта нервовае, дзёрганае адкопванне нежывога. Такі фальш адчуваецца на ўзроўні падсвядомасці і маладыя нават не заўважаюць старанняў ужо не надта маладых дзядзькаў і цётак. Каб гэту энергію ды на карысць справы!

А рэчаіснасць, сярмяжная і простая, як сама праўда, выглядае так: рабят (асабліва з навучальных устаноў, бо з імі прасцей) скопам заганяюць на нейкія сабранні‑зборышчы, там яны галасуюць за нейкія прапановы, выбіраюць нейкіх дэлегатаў, ім расказваюць пра нейкія лагеры, якіх яны не бачылі і г.д.
Кіраўнік аднаго з прадпрыемстваў горада так і сказаў майму сябру: «Вступайте в БРСМ или ищите работу».
Дык чаго вы хочаце ад звычайных грамадзян гэтай краіны, калі вам прама лгуць у твар і у такіх тыражах!
Якая там крэатыўнасць, калі не хапае простай адукаванасці і крышачку сумлення!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?