Абама ўвасобіў надзеі мільёнаў пра больш дружную Амэрыку і справядлівейшы сьвет. Ён перамог, зрабіўшы сьвядомую, пралічаную стаўку на ідэалізм. Піша Рашэд Чаўдхуры.

Агромністая хваля за апошнія месяцы накрыла Амэрыку і вялікую частку сьвету і выклікала энтузіязм, заснаваны на надзеі, што ў амэрыканскай палітыцы магчымае штосьці новае і іншае. Што ідэал можа ператварыцца ў рэальнасьць. Вядома, гэта надзея ці нават упэўненасьць часткова грунтуецца на наіўнасьці. Але яна таксама складаецца з рашучасьці зьмяніць становішча ў ЗША. Таму многія гэтак моцна любяць Абаму, бо ён ужо сёньня бачыць Амэрыку такой, якой яны хочуць яе зрабіць. Гэта Амэрыка, дзе кожнаму ёсьць месца, дзе раса ёсьць спадчынаю тваіх продкаў, але не перашкодай тваім марам. Гэта Амэрыка, адкрытая ўсяму сьвету, гатовая сябе абараніць, але якая ня хоча бясконца акупаваць Ірак. Гэта Амэрыка, якая не баіцца весьці перамоваў з Кубаю, Вэнэсуэлаю ці Іранам, і якая, захоўваючы поўную падтрымку бясьпекі Ізраілю, імкнецца памагчы палестынцам дасягнуць незалежнасьці. Такой Амэрыкі яшчэ няма, але мільёны амэрыканцаў хочуць бачыць сваю краіну такою.

Жардзіна з сьмешным імем

Хто ж ён такі, Абама, і якім чынам гэтая «жардзіна з сьмешным імем», як ён сябе апісаў падчас свайго выступу, стаў увасабленьнем прагі да зьменаў? Чаму мае амэрыканскія сваякі ды сябры так ім захопленыя, разам зь мільёнамі сваіх суайчыньнікаў? Чаму мой знаёмы прафэсар арабскай мовы з Эгіпту, ці лютэранскі пастар з Ганы, ці канадзкі ўладальнік малога бізнэсу ня менш ім захопленыя?

Барак Хусэйн Абама‑малодшы нарадзіўся ў г. Ганалулу на Гавайскіх выспах у 1961 г. Ягоным бацькам быў Барак Хусэйн Абама‑старэйшы, студэнт эканомікі з Кеніі, з народу луо, атэіст з мусульманскай сям’і. А маці была 19‑гадовая Стэнлі Эн Данэм, белая амэрыканка агнастычных поглядаў, якая нарадзілася ў штаце Канзас, а ў той час жыла з бацькамі на Гаваях. Як кажа Абама, ягоны бацька быў «чорны, як смала» а маці «белая, як малако». Але ён у дзяцінстве, пра гэта асабліва не задумваўся.

Нэграў тады яшчэ лінчавалі

Яму пашанцавала: ён нарадзіўся ў штаце, які першым пачаў шлях да пострасавага грамадзтва, пра якое дагэтуль мараць шматлікія амэрыканцы. На Гаваях было столькі амэрыканцаў азіяцкага паходжаньня, што белым было цяжка замацаваць даміноўную ролю, якую яны мелі ў астатніх штатах. Там будучыя бацькі Абамы змаглі пажаніцца, і таму Абама ня стаў змалку аб’ектам дыскрымінацыі. У 1960 г., калі жаніліся бацькі, шлюб паміж прадстаўнікамі розных расаў яшчэ афіцыйна лічыўся крымінальным злачынствам у больш як палове штатаў ЗША.

Шлюб Данэм з Абамам‑старэйшым быў нетрывалы. Яны разьвяліся ў 1965 г., і Эн зноў выйшла замуж за іншаземца, на гэты раз інданэзійца‑мусульманіна Лолу Сутору, і маладая сям’я, разам з Абамам‑малодшым, зьехала ў Джакарту, дзе Абама пражыў чатыры гады.

Ісламскія карані

Там Абама быў зарэгістраваны ў сваіх школах (дзяржаўнай сьвецкай і прыватнай каталіцкай) як мусульманін і наведваў урокі ісламу. Сам ён разглядае сваё жыцьцё ў мусульманскім асяродзьдзі як досьвед, які дазволіць яму ў часе прэзыдэнцтва палепшыць зносіны ЗША з ісламскім сьветам. Не таму, што ён падзяляе мусульманскую веру, а таму, што ён разумее мусульман гэтак, як іх не разумеюць звычайныя прадстаўнікі амэрыканскай палітычнай эліты.

Вучыўся Абама ў Джакарце на інданэзійскай мове, але ягоная маці зрабіла ўсё, каб ён не забываўся ангельскай і паляпшаў яе. Пяць разоў на тыдзень яна будзіла сына а чацьвертай раніцы й вучыла яго ангельскай па тры гадзіны. Але гэтага было недастаткова і, дбаючы аб далейшай адукацыі сына, Данэм адправіла яго да сваіх бацькоў на Гаваі.

Абаму было 10 гадоў. Ён ня толькі зноў апынуўся ў амэрыканскім асяродзьдзі, але таксама, пад уплывам чарнаскурых сяброў і кніг, напісаных чорнымі інтэлектуаламі, як Уільям Дзю Бойз, перажыў унутраную эвалюцыю. Абама быў амэрыканцам афрыканскага паходжаньня. Цяпер жа ён стаў афраамэрыканцам, які сьвядома далучаў сябе да этнічнасьці й культуры, якой раней не падзяляў.

Як першаму афраамэрыканцу ў сям’і, Абаму давялося самому знаходзіць сябе ў амэрыканскім расавым кантэксьце. Пошукі цягнуліся не адзін год і задалі тон усёй далейшай кар’еры Абамы.

Пошукі сябе

Нават у сёньняшняй Амэрыцы зь яе сацыяльнымі дасягненьнямі быць сьвядомым і грамадзка актыўным афраамэрыканцам значыць змагацца за свае правы. Для некаторых чорных гэта азначае адасабленьне ад масы амэрыканцаў, хоць такі падыход становіцца сярод большасьці чорных усё больш маргінальным. Зь іншага боку, афраамэрыканскіх лідэраў заклікаюць да барацьбы за аднолькавыя правы й магчымасьці для ўсіх амэрыканцаў у імя адзінай амэрыканскай нацыі. Гэты падыход увасабляў баптысцкі пастар Марцін Лютэр Кінг. Гэтая супярэчнасьць між жаданьнем быць роўнымі з большасьцю амэрыканцаў і нежаданьнем быць яе цемнаскураю вэрсіяй відавочная ў асабістым і палітычным жыцьці Абамы.

Цэлы год у Нью‑Ёрку Абама сустракаўся зь белаю дзяўчынаю, у якую закахаўся. Аднойчы яна запрасіла яго да сваіх бацькоў, чый дом належаў ім на працягу шасьці пакаленьняў. У ім былі фота яе дзеда з «прэзыдэнтамі, дыпляматамі і прамыслоўцамі». Абама зразумеў, што, калі б яны засталіся разам, ён бы пачаў жыць у сьвеце сваёй сяброўкі, а яна ў ягоным — не. Таму ён зь ёю разьвітаўся. Перад канцом іх адносінаў яна сказала яму, што ня можа быць чорнаю, нават калі хоча, і запыталася, чаму яму недастаткова яе такой, якой яна ёсьць. З гэтага эпізоду ў Абамы засталося пачуцьцё сораму, якое часткова тлумачыць ягоную аб’яднаўчую палітыку, да якой ён потым прыйшоў.

Пратэстант

Пасьля сканчэньня Калюмбійскага ўнівэрсытэту й Гарвардзкай школы права (дзе яго прызначылі першым цемнаскурым рэдактарам тамтэйшага элітнага юрыдычнага часопісу) Абама працаваў арганізатарам грамадзкага жыцьця ў Чыкага. Увераваўшы, ён уступіў у Аб’яднаную царкву Хрыста імя Тройцы, пастар і большасьць прыхаджанаў якой былі афраамэрыканцамі. Аднойчы Абама пачуў казань тамтэйшага пастара Джэрэмаі Райта на тэму «Дзёрзкасьць надзеі», і гэты выраз потым зрабіўся ключавым у лексыконе самаго Абамы, так ён назаве адну з сваіх кніг.

Але Райт, які ажаніў Абаму і хрысьціў абедзьвюх яго дачок, праславіўся на ўсю Амэрыку іншымі словамі. У 2003 г. падчас казані Райт прамовіў: «Улады будуюць усё большыя турмы… і хочуць, каб мы сьпявалі «Божа, блаславі Амэрыку». Не, не і не. Ня «Божа, блаславі Амэрыку», а Божа, пракляні Амэрыку… за забойства невінаватых людзей…. Божа, пракляні Амэрыку за тое, што яна паводзіць сябе з нашымі грамадзянамі так, нібы яны нейкія нелюдзі». Райт таксама дадаў, што тэрарыстычная атака на ЗША 11 верасьня 2001 г. — наступства амэрыканскай замежнай палітыкі.

Жонка даляпіла ягоную ідэнтычнасьць

Ад гэтых словаў Абаму давялося адмаўляцца. Сёньня ён у першую чаргу амэрыканец, які добра ведае, хто ён і адкуль. Сваю ролю ў гэтай самаўпэўненасьці адыграў яго шлюб зь Мішэль, карэннаю жыхаркаю Чыкага зь вялікай афраамэрыканскай сям’і, да якой цяпер належыць і Абама, а таксама наладжваньне Абамам цёплых сувязяў са сваёю кенійскаю сястрою Аўмаю, а таксама неаднаразовыя вандроўкі ў Кенію, дзе Абама пазнаёміўся са шматлікімі сваякамі, наведаў магілы бацькі ды дзеда, постацяў, якія раней амаль адсутнічалі ў ягоным жыцьці.

Узьлёт пачаўся з прамовы

Усьвядоміўшы, хто ён такі, і сфармаваўшы сваю даволі складаную ідэнтычнасьць, Абама пачаў заклікаць амэрыканцаў да яднаньня. У прамове на зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ў 2004 г. Абама падаў сваё разуменьне сваёй краіны. Пад акампанэмэнт авацый ён заявіў: «Няма лібэральнай Амэрыкі й кансэрватыўнай Амэрыкі. Ёсьць Злучаныя Штаты Амэрыкі. Няма белай Амэрыкі й чорнай Амэрыкі, Амэрыкі лацінаамэрыканцаў і Амэрыкі азіятаў. Ёсьць Злучаныя Штаты Амэрыкі».

Ён нагадаў удзельнікам зьезду й тэлегледачам, што ў штатах, дзе папулярныя дэмакраты, людзі таксама моляцца «магутнаму Богу», а ў штатах, дзе папулярныя рэспубліканцы, таксама ёсьць «сябры‑геі». Іншымі словамі, ён заклікаў амэрыканцаў пазбавіцца стэрэатыпаў, якія падзяляюць іх адзін ад аднаго. Паводле Абамы, «мы — адзін народ». Гэтыя, здавалася б, простыя словы ў адзін момант зрабілі з Абамы адну зь вядучых палітычных постацяў краіны.

Дарадца кампаніі Гілары Клінтан, Джаралдын Фэрара, якая балятавалася на пасаду віцэ‑прэзыдэнта ў 1984 г., выказала меркаваньне, што калі б Абама быў белым мужчынам ці жанчынаю любой расы, ён бы не дасягнуў сваёй цяперашняй пазыцыі. Пасьля гэтага ёй давялося пакінуць кампанію Клінтан, бо ў сёньняшняй Амэрыцы такія выказваньні ад аўтарытэтнай асобы лічацца недапушчальнымі. У гэтых словах, аднак, ёсьць доля праўды.

«Мая ідэнтычнасьць на расе ня скончылася»

На грамадзкую дзейнасьць Абаму натхніла яго самаідэнтыфікацыя як афраамэрыканца. На палітычную дзейнасьць часткова натхнілі ідэі яго чорнага пастара ў афраамэрыканскай царкве. Але ці можна зьвесьці ўсю асобу Абамы да яго расы? Вядома, не. Як кажа сам Абама, «праўда, што мая ідэнтычнасьць пачалася з расы, але яна на ёй ня скончылася й не магла скончыцца. У любым выпадку, гэта тое, ува што я вырашыў верыць».

Абама стаў увасабленьнем надзеі мільёнаў амэрыканцаў, бо ён бачыць ня проста Амэрыку, дзе ўсе роўныя, якой бачаць яе будучыню многія чорныя лідэры, але таксама Амэрыку, у якой усе амэрыканцы аб’яднаныя.

Яны хочуць бачыць Амэрыку пост‑расаваю, дзе, як марыў Марцін Лютэр Кінг, пра людзей будуць судзіць «не па колеры іх скуры, а па зьмесьце іх асобаў». Яны мараць аб краіне, якую зноў будуць паважаць, а не баяцца ці бэсьціць іншаземцы, ад эўрапейцаў да афрыканцаў і азіятаў. Яны хочуць будаваць такую Амэрыку, і вераць, што Абама дапаможа ім.

Ці не заб’юць

Мабыць, галоўнае пытаньне ў тым, ці здолее Абама зьдзейсьніць тыя зьмены, якія абяцае. Абаму могуць забіць, і гэта жахлівая магчымасьць абмяркоўваецца шматлікімі прыхільнікамі Абамы, якія баяцца, што зь ім можа здарыцца тое, што здарылася з Кінгам, Эксам і Кэнэдзі. Па‑трэцяе, і больш верагодна, Абама можа апынуцца ў стане Джымі Картэра, які ня змог зьдзейсьніць большасьці сваіх плянаў, пакуль быў прэзыдэнтам, бо ня меў падтрымкі Кангрэсу. Аднак магчыма, што Абама ўнясе істотныя зьмяненьні ў амэрыканскае палітычнае поле. Дакладней, іх ён ужо ўнёс.

* * *

Рашэд Чаўдхуры гісторык. Мае бэнгальскія і беларускія карані, свабодна валодае беларускай мовай. Бездакорна піша па‑беларуску. Закончыў Грынэлеўскі коледж у штаце Аёва ў ЗША у спэцыяльнасьці «міжнародныя адносіны». Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Фонду Карнэгі ў Вашынгтоне. Пасьля атрымаў ступень магістра па ісламскіх дасьледаваньнях у МакГілеўскім унівэрсытэце ў Манрэалі (Канада). Цяпер працуе ў МакГіле над доктарскай дысэртацыяй аб Асманскай імпэрыі на пачатку ХХ ст. Поўная вэрсія гэтага тэксту была надрукавана ў часопісе ARCHE. Скарачэньне «НН».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?