Амаль усе сябры гэтай «грамадскай рады» працуюць у дзяржаўных органах і прадпрыемствах.

Урад Беларусі зацвердзіў склад грамадскага каардынацыйнага савета ў сферы масавай інфармацыі. Адпаведная пастанова Савета міністраў № 1625 ад 29 кастрычніка набудзе моц 8 лютага 2009 года. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет‑партале.

Старшынёй савета прызначаны галоўны рэдактар газеты «Советская Белоруссия» Павел Якубовіч,
сакратаром — кансультант юрыдычнага аддзела прававога ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Вікторыя Мялешка. У склад савета таксама ўвайшлі намеснік старшыні праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Андрэй Бас, начальнік правовага ўпраўлення Мінінфармацыі Лілія Богдан, дацэнт факультэта журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ Наталля Доўнар, дырэктар гэтага інстытута Сяргей Дубовік, першы намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» Віктар Дудко, выканаўчы дырэктар Тэлекамунікацыйнага галіновага саюза Сяргей Казаннікаў, старшыня ГА «Беларускі саюз журналістаў» Анатоль Лемяшонок, першы намеснік старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандр Саламаха, галоўныя рэдактары газеты «Аргументы и факты» в Белоруссии» Ігар Сакалоў і «Маладзечанскай газеты» Аляксандр Хазянін, член ГА «Саюз выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку» Аляксандр Чачора.
Савет створаны ў адпаведнасці з законам «Аб сродках масавай інфармацыі», прынятым 17 ліпеня 2008 года.
Як вынікае з пастановы Саўміна, савет з’яўляецца «грамадскім кансультацыйным і каардынацыйным органам і ствараецца ў мэтах рэалізацыі і абароны канстытуцыйных правоў грамадзян на свабоду атрымання і распаўсюджвання інфармацыі».

Асноўнымі задачамі грамадскага савета з’яўляюцца: каардынацыя ўзаемадзеяння органаў дзяржкіравання, грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у сферы масавай інфармацыі; забеспячэнне «правільнага прымянення закона аб СМІ і іншага заканадаўства ў сферы масавай інфармацыі»; «разгляд спрэчных пытанняў, што ўзнікаюць пры прымяненні закона аб СМІ».

Грамадскі савет мае права: даваць ацэнку аб наяўнасці (адсутнасці) ў прадукцыі выданых СМІ парушэнняў закона; даваць тлумачэнні па пытаннях, што ўзніклі ў працэсе выпуску СМІ; уносіць прапановы ў Міністэрства інфармацыі аб ўдасканаленні заканадаўства аб СМІ; запытваць у дзяржорганаў, грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый неабходныя дакументы, што тычацца пытанняў, якія ўносяцца на разгляд савета; запрашаць на пасяджэнні кіраўнікоў рэдакцый, заснавальнікаў СМІ, часопісаў і заслухоўваць іх паведамленні па пытаннях, што ўваходзяць у кампетэнцыю савета.

Пасяджэнні савета павінны праходзіць па неабходнасці, але не радзей разу ў квартал. Рашэнні прымаюцца шляхам адкрытага галасавання пры прысутнасці не менш як паловы членаў савета. Арганізацыйнае і інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці грамадскага савета ажыццяўляецца Мінінфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?