Паводле папярэдняе справаздачы Нацыянальнага банку Беларусі, золатавалютныя рэзэрвы Беларусі ў кастрычніку скараціліся толькі на 1,7%.Паводле стандартаў МВФ на 1 лістапада 2008 году яны склалі $4051,8 млн. Гэта вельмі аптымістычны паказчык.
Многія экспэрты прадказвалі большае зьмяншэньне запасаў.
Для параўнаньня: у Расіі за кастрычнік запасы скараціліся на $71,5 млрд даляраў, ці на 13%,да 484 млрд, паведаміў Банк Расеі. Асноўнымі прычынамі зьніжэньня ў Расіі называюцца адплыў капіталу, пераацэнка рэзэрваў празь зьніжэньне курсу эўра, а таксам перавод часткі сродкаў міжнародных рэзэрваў у Внешэкономбанк для падтрымкі расейскага бізнэсу ва ўмовах фінансавага крызісу.
Цяжка патлумачыць, чаму ў Беларусі адбылося іначай, хоць тэндэнцыі ў фінансавых сыстэмах дзьвюх краінаў назіраліся аднолькавыя.