Фота - Юлія Дарашкевіч

Фота - Юлія Дарашкевіч

Акцыя ў падтрымку Рыгора Барадуліна, які чарговы раз трапіў у бальніцу, мае плён: на заклік дапамагчы народнаму паэту адгукнулася 400 ахвярадаўцаў. І людзі працягваюць зьвяртацца.

Вось што кажа Глеб Лабадзенка, арганізатар акцыі: «Актыўны этап бадай скончыўся. Цяпер зьвяртаюцца менш — ад 5 да 10 ахвочых дапамагчы штодня. Людзі звоняць адусюль і помач ідзе адусюль. Ёсьць і своеасаблівыя рэкорды. У Гародні журналіст Вітаўт Руднік сабраў ажно 30 заявак. Юрась Ступакоў з Баранавічаў — 15. З апошніх ахвотнікаў: Лявон Вольскі зь сям’ёй. Да таго ж ахвяраваньні прыходзяць з-за мяжы. Зь Вільні мы атрымалі 6 зваротаў, з Прагі — 5. І кажуць, што будуць дапамагаць яшчэ. Напісалі нават зь Італіі: карэнная італьянка, якая вучылася на славянскім аддзяленьні, пачуўшы пра паэта, прапанавала сваю помач хутчэй на доўгую пэрспэктыву — ў выданьні барадулінскіх кніг па-італьянску».

За сваю дабрачыннасьць усе ахвотнікі атрымліваюць кнігі з дарчым подпісам Барадуліна. Андрэй Хадановіч, які прыйшоў, каб ахвяраваць і атрымаць свой асобнік, убачыў, што рук у арганізатараў акцыі яўна не хапае, і таму застаўся разгружаць кнігі. Андрэй кажа, што акрамя дасягненьня высакароднай мэты падтрымаць дзядзьку Рыгора, у дадатак маем выдатную акцыю па папулярызацыі беларускай паэзіі. Глеб Лабадзенка дадае, што менавіта асоба Барадуліна, яго творчасьць, так узьняла людзей дапамагчы. «Канешне, калі б хто іншы трапіў у падобную сытуацыю, дык людзі таксама б дапамаглі, але гэтае багацьце водгукаў сьведчыць, што людзі рэагуюць менавіта на постаць дзядзькі Рыгора і гэтак выражаюць яму сваю ўдзячнасьць за вершы».

Сам Барадулін пачуваецца збольшага лепей, але яго яшчэ колькі дзён будуць трымаць у бальніцы. Паводле Лабадзенкі, дзядзька Рыгор «хіба трохі засмучаны гэтакай шуміхай вакол сваёй асобы». Нагадаем, што з прапановамі дапамагчы можна зьвяртацца на электронны адрас: [email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?