Стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту ў Беларусі з 1 лістапада зніжана з $372,2 за 1 т да $287,3. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове ўрада нумар 1668, паведамілі БЕЛТА у Апараце Саўміна.

Памер пошліны скарэкціраваны ў сувязі з аналагічным зніжэннем экспартнай пошліны на нафту з 1 лістапада ў Расійскай Федэрацыі. Да ўзроўню расійскіх зменшаны і экспартныя пошліны на нафтапрадукты. Так, пошліна на светлыя нафтапрадукты (лёгкія і сярэднія дыстыляты, газойлі, звадкаваныя газы, бензол, талуол, ксілолы) складзе $205,9 за 1 т супраць ранейшых $263,1. На цёмныя нафтапрадукты (маслы, адпрацаваныя нафтапрадукты, мінеральныя воскі, кокс нафтавы, бітум нафтавы і іншыя астаткі нафтаперапрацоўкі) - $110,9 за 1 т (ранейшая стаўка - $141,7 за 1 т).

У адпаведнасці з міжурадавым беларуска-расійскім пагадненнем стаўкі экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты ў Беларусі ўстанаўліваюцца ў памеры, роўным стаўкам, што прымяняюцца ў Расіі. Уводзіцца ў дзеянне яны павінны ў тыя ж тэрміны, што і стаўкі, якія ўстанаўліваюцца адпаведнымі нарматыўнымі прававымі актамі Расійскай Федэрацыі.

Згодна з беларуска-расійскімі дамоўленасцямі пошліна на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь з Расіі, у 2008 годзе разлічваецца з прымяненнем каэфіцыента 0,335. Такім чынам, з 1 лістапада яна складае для Беларусі $96,2 за 1 т.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?