Ня толькі паспалітых людзей у Беларусі, але й палітолягаў‑аналітыкаў менавіта гэта найперш зьдзівіла, парадавала ці абурыла. Не малады ці адукаваны ці там харызматычны, а — чорны.

Здавалася б, дарослыя людзі, і не 70‑я гады на двары, калі можна было пачуць: дзеці, не глядзіце так на дзядзю, вы што, негра ніколі ня бачылі? А ўсё адно, першае, на што рэагуюць, — колер скуры. Хоць, як па мне, дык яго элемэнтарна ўявіць сабе і белым. І што ад гэтага зьменіцца?

Яшчэ ў менскай школе ў далёкія 70‑я мяне зьдзіўлялі праявы антысэмітызму. Не таму, што яны супярэчылі маральнаму кодэксу будаўніка камунізму, а таму, што інтуітыўна адчувалася, што яны нетутэйшыя, робленыя, а то й сьмешныя. (Недзе ў тыя гады

адзін мацёры нацыяналюга распавядаў мне, што жыды ў Бабруйску вырабляюць на фабрыцы мыла з назвай «Беларусь» — каб беларусы штодня самі змыльвалі дарагое імя сваёй бацькаўшчыны…)

Як так, — думалася мне, — палова вучняў і настаўнікаў у школе габрэі, палова дзяцей у двары таксама. Людзі як людзі.

Вось ксэнафобія расейцаў ня дзівіць. Бо тое, што там скінхеды забіваюць студэнтаў з Афрыкі, дзяўчынку‑узьбечку і дворніка‑таджыка — ужо быццам бы й норма тэлевізійных навін. Яно, вядома, абурае, але ўжо ня дзівіць.

Расея, у якой замест нацыянальнай самасьвядомасьці сьвядомасьць імпэрская, ніколі й не магла быць шчырай у сваіх бясконцых здравіцах пра роўнасьць розных ды іншых. Якая роўнасьць, калі ёсьць «вялікі народ» і «вялікі язык»? Там заўсёды была Імпэрыя. А тут — санітарны кардон, «рыса аселасьці» для ўсіх, каму там было забаронена сяліцца, вучыцца, жыць. Таму тут спрадвеку быў кацёл народаў, культур, рэлігіяў, моваў і фізіягноміяў. На Палесьсі жылі самыя сапраўдныя туркі, на Гарадзеншчыне татары, у Магілёве літоўцы, а па ўсёй краіне габрэі. Людзі й людзі. Інакшасьць не станавілася падставай для эмацыйных ацэнак. Нездарма ж і слова «жыд» яшчэ ў пачатку мінулага стагодзьдзя ня мела для беларусаў адмоўнага адценьня. Толькі потым. Бо як можа быць лаянкавым імя народа?

Слова «негр» у Слоўніку беларускай мовы Івана Насовіча (1870) няма. Гэта значыць, што тады не было яго і ў рэчаіснасьці. Затое там ёсьць «мурын» — па‑расейску, «черный чаловек, арап». Прыклад ужываньня: «У пана нашага мурын служыць». Ёсьць, дарэчы, і мурынка — «Загарэла, як мурынка». Так і цяпер кажуць. Паводле М.Фасмэра, абодва гэтыя словы лацінскага паходжаньня: негр ад niger — чорны, а мурын — ад maurus, маўр. Праўда, калі мурын прыйшоў да нас у сярэднявеччы, хутчэй за ўсё, з Захаду, праз польскую мову, дык негр — у найноўшы час і, верагодна, з Усходу, з Расеі. У доказ гэтага Фасмэр прыводзіць зафіксаванае ў самарскім дыялекце слова «негра».

Беларусы, што выходзілі са свайго катла народаў, ставалі нацыянальнымі героямі ЗША ці Грэцыі ці Чылі, дзе іх таксама ніхто не прымаў за чужакоў.

У расейскай «паласе аселасьці» Беларусь была цэнтральнай тэрыторыяй. Як у свой час была ключавой у Вялікім княстве Літоўскім, дзе яшчэ Вітаўт адмяніў дыскрымінацыю ў дачыненьні да габрэяў і татар. Адмяніў бы і ў дачыненьні да мурынаў, калі б тыя на той час былі хоць неяк прадстаўленыя ў нашым краі.

Праявы фобіі ў дачыненьні да іншых караліся паводле закону. І так было на працягу, бадай, паўтысячагодзьдзя, пакуль сюды не прыйшла Расейская імпэрыя са сваімі ўяўленьнямі пра закон і этыку чалавечых адносін, са сваім «вялікім язком» і «жыдоўскімі пагромамі», з праваслаўна‑славянскай місіяй і «лицами кавказской национальности»…

Сярод парасткаў ксэнафобіі на нашай зямлі няма й каліва тутэйшага паходжаньня. Не таму, што мы такія добранькія. Проста клімат ня той і абставіны ня тыя.
Дый надта доўга ў сваёй гісторыі мы самі на сваёй зямлі для ўсякіх вялікіх і місійных былі тымі ж неграмі, мурынамі, чорнымі.

Калі ў 70‑я з экранаў тэлевізараў і з газэтных фотак не сыходзіла Анджэла Дэвіс, людзі ў нас казалі пра шкадаваньне да яе (бо апынулася ў турме), пра тое, ці прыгожая, пра фрызуру… Пра тое, што — чорная, каб так настойліва, — ня памятаю. Выходзіць, нешта зьмянілася?

Сяргей Дубавец, naviny.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0