Гэтыя “Іскандэры” сталі ўжо нейкім унівэрсальным пудзілам. Вось і зараз пасля заяваў расейскага абароншчыка Дзімідзюка ўэб-рэсурсы застракацелі панічнымі загалоўкамі, што тыя “Іскандэры” могуць зьявіцца і ў Беларусі.

Дык не могуць, а зьявяцца абавязкова! Калі толькі беларускае кіраўніцтва не рассабачыцца з Масквой ушчэнт. Рэч у тым, што адпаведнае пераўзбраеньне нашай 465-й ракетнай брыгады пад Асіповічамі даўно заплянаванае. Арыенціровачны тэрмін: 2015—2020 гады.

Але — увага! —

гэта будуць ужо беларускія “Іскандэры”, купленыя ў расейцаў. Пад беларускім камандаваньнем.

Прычым экспартная мадыфікацыя б'е толькі на 280 км. Да радара ў Чэхіі зь іх не дастрэліш (ды і да польскіх шахтаў з супрацьракетамі, бадай, таксама), нават калі тую брыгаду перакінуць пад Берасьце.

Зьвязваць плянавае пераўзбраеньне беларускага войска зь ідэяй славутага "асымэтрычнага адказу" Масквы на амэрыканскую сыстэму супрацьракетнай абароны — вялікая нацяжка. Гэтая тэма выкарыстоўваецца найперш дзеля палітычных спэкуляцый.

Яшчэ болей. У выпадку са сьвежымі заявамі Дзімідзюка, дырэктара па асаблівых даручэньнях “Расабаронэкспарту”, атрымаўся клясычны сапсаваны тэлефон. Той, наадварот, даводзіў, што замежныя партнэры пачнуць атрымліваць "Іскандэры" з затрымкай, бо напачатку трэба ўкамплектаваць імі расейскае войска. Кажуць, цяпер усе наяўныя комплексы гэтага тыпу кінутыя на грузінскі напрамак. Ды і ўвогуле той "Іскандэр" яшчэ сыры, не даведзены да ладу.

Карацей, апраўданьне прадстаўніка расейскай “абаронкі” высілкамі журналістаў ператварылася ў пагрозу :)

Ну а ягоную заяву, што ў Беларусі можа зьявіцца расейская брыгада супрацьпаветранай абароны, наш вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін лічыць і ўвогуле надта сумнеўнай. Ён кажа: нават пры адзінай сыстэме СПА такой патрэбы няма. Болей лягічна ўзброіць навейшымі сродкамі беларускія часткі. З расейскай жа брыгадай многа тлуму і ў юрыдычным сэнсе: трэба ж надаць нейкі статус. Ствараць у нас замежную вайсковую базу ці як?

На думку Алесіна, перакінуць расейскую брыгаду СПА могуць хіба ў форс-мажорных варунках. Ну, напрыклад, каб тэрмінова закрыць украінскі напрамак, калі Кіеў надта ўжо рэзка пойдзе ў НАТО. Але і тады яшчэ вялікае пытаньне, ці захоча Аляксандар Лукашэнка псаваць дачыненьні з паўднёвымі суседзямі. Кладучы руку на сэрца, натаўскі трэнд Украіны — гэта выключна крамлёўскі галаўны боль.

Так, днём раней беларускі афіцыйны лідэр заявіў журналісту “Уол-стрыт джорнэл”, што Беларусь абсалютна падтрымлівае Расію ў яе адэкватных дзеяннях у адказ на размяшчэньне амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Чэхіі і Польшчы. Але гаворка ішла пра выключна расейскія захады — магчымае разьмяшчэньне “Іскандэраў” у калінінградзкім анкляве.

Гэты рэвэранс у бок Крамля рэальна нічога не каштуе і разам з тым ня лішні напярэдадні цяжкага паседжаньня Найвышэйшай рады саюзнае дзяржавы і торгу вакол газу на 2009 год.

Рэальна ж улазіць у канфрантацыю з Эўропай праз расейскія амбіцыі Лукашэнку зусім недарэчы.

Нездарма ён так хваліў Абаму ў згаданым інтэрвію :) Можа, малады амэрыканскі прэзыдэнт проста здыме тое пытаньне, адмовіўшыся ад плянаў ставіць радар у Чэхіі ды антыракеты ў Польшчы?

І яшчэ. Калегі-журналісты мяшаюць боб з гарохам, блытаючы супрацьпаветраную і супрацьракетную абарону. Ніякай сумеснай сыстэмы супрацьракетнай абароны Масква і Менск не плянуюць. Супольная ж супрацьпаветраная абарона дэ-факта ўжо існуе. Але ж, панове, “Іскандэрамі” не зьбіваюць самалёты! Гэтыя комплексы прызначаны для зьнішчэньня важных аб’ектаў на зямлі: варожых штабоў, пускавых шахтаў, радараў. Адпаведна, імі не ўзбройваюць аддзелы СПА. Ні расейскія, ні беларускія (вось С-400 Беларусь займела б ахвотна). Так што ня трэба рабіць сэнсацыяў на голым месцы.

І, нарэшце, апошняе.

Калі ўжо казаць пра рэальны асымэтрычны адказ на амэрыканскую супрацьракетную абарону з дапамогай Беларусі, то тут ня трэба вынаходзіць кола. Дастаткова, каб Масква атрымала ў Мачулішчах аэрадром падскоку для сваіх Ту-22М3.

Гэтыя эўрастратэгічныя бамбавікі выкарыстоўвалі беларускія вайсковыя аэрадромы за часамі СССР і трымалі ў страху ўсю Эўропу.

Але пра гэты варыянт Менск ні гу-гу. Беларускае кіраўніцтва добра разумее, што дражніць Захад такімі рэчамі было б недальнабачна. Ну а “Іскандэры” — так, агароднае пудзіла для слабанэрвовых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?