Афіцыйных загадаў аб звальненьні дырэктара і прызначэньні новага пакуль няма. Але Мікалай Кірычэнка ў гутарцы з карэспандэнтам «НН» не хаваў, што сыходзіць у адстаўку: «Я даўно гэтага хацеў, бо адчуваў, што не магу спалучаць працу дырэктара і дзейнага актора тэатру. І гэта было вядома ўсім задоўга да кастрычніцкага крызысу. Канечне, я бяру частку віны за творчы крызіс на сябе, але крызіс, які напаткаў тэатар, — творчы, а не адміністратыўны, а пасада гэндырэктара адміністратыўная».

Нагадаем, у кастрычніку ў тэатры шугануў скандал. Нагодай стаў сход, які адбыўся пасьля зрыву аднаго са спэктакляў акторам Алегам Гарбузам. Гутарка на сходзе перайшла на агульны стан рэчаў: акторы абвінавацілі кіраўніцтва ў застоі, зашмат спэктакляў, замала якасьці. Пасада мастацкага кіраўніку тэатру была прапанаваная рэжысёру Мікалаю Пінігіну, але ягоныя ўмовы былі непрымальная для дырэкцыі.

Аляксей Стрэльнікаў, тэатральны крытык, кажа, што генэральны дырэктар фармальна ня мае права ўмешвацца ў творчы працэс, напрыклад выбіраць п’есы, але пасада ўсё адно ўплывовая. Гендырэктар здольны ўзьдзейнічаць на рашэньні мастацкага кіраўніка апасродкавана.

Сама Натальля Аўдзеева пакуль ад камэнтароў адмаўляецца. Магчымая новая кіраўнічка Купалаўскага тэатру, нарадзілася ў 1957 г. у Магілёве, скончыла Магілёўскі пэдінстытут і Беларускі ўнівэрсытэт культуры. Паводле адукацыі Н.Аўдзеева настаўніца расейскай мовы і літаратуры, культпрасьветработнік і рэжысёр сьвятаў. Яна працавала сакратаром Цэнтральнага райкаму ЛКСМБ Магілёва, інструктарам аддзелу прапаганды і агітацыі райкаму КПБ, загадчыцай аддзелам культуры гарвыканкаму, мастацкай кіраўнічкай-дырэктаркай абласнога тэатру лялек, намесьніцай старшыні Магілёўскага гарвыканкаму. Яна два тэрміны была дэпутаткай палаты прадстаўнікоў, і двойчы прызначалася намесьніцай старшыні камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Па выніках верасьнёўскіх выбараў ня трапіла ў палату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?