© Леанід Якуцін

“Іскандэры” — гэта цацка, патрэбная найперш дзеля ўцехі вайсковых амбіцыяў самога беларускага кіраўніцтва. Імаверная пастаўка гэтай зброі ў нашу краіну мае болей чым ускоснае дачыненьне да славутага асымэтрычнага адказу Масквы на амэрыканскую ПРА. Выснову, зробленую аўтарам гэтых радкоў у папярэднім артыкуле, фактычна пацьвердзілі адказы Лукашэнкі на пытаньні журналіста “Ўол-стрыт джорнэл”.

Калі б Масква так ужо гарэла жаданьнем паставіць у нас тыя “Іскандэры”, дык, будзьце ўпэўненыя, тутэйшае начальства ня толькі не заплаціла б за іх ні граша, але яшчэ б і садрала з Крамля дадатковыя бонусы.

А так высьвятляецца, што “зараз у нас няма на гэта сродкаў, але атрымаць такую зброю — я зараз выдам таямніцу — мы плянуем”.

Зрэшты, аматарам сэнсацыяў варта проста ўзброіцца картай ды лінейкай, каб пераканацца, што тут шмат шуму зь нічога. “Іскандэр –Э”, то бок экспартны варыянт, б'е на 280 км. Гэтымі АТРК мяркуецца ўзброіць 465-ю ракетную брыгаду ў пасёлку Цэль пад Асіповічамі. Адтуль да польскай мяжы не даб'еш — хіба што да расейскай :) Я ўжо не кажу пра чэскую тэрыторыю: ад Берасьця да палігону Брды, дзе мяркуецца паставіць радар, наўпрост аж 850 км.

Нават калі 465-ю брыгаду з-пад Асіповічаў перакінуць на нашу заходнюю мяжу, то “Іскандэрамі-Э” ўсё адно не дастаць да польскага Слупску, дзе будуць (калі будуць) шахты з антыракетамі. А вось з-пад Калінінграду — як двойчы два, тым болей што ў сваім анкляве Расея можа ставіць дальнабойную мадыфікацыю (да 500 км). Каб такія комплексы пастаўляць ў Беларусь, трэба выходзіць з дамовы пра нераспаўсюд ракетных тэхналёгій.

Дык нашто расейцам, скажэце, падвойны галаўны боль (разрыў міжнародных пагадненьняў плюс няўдзячны торг з Лукашэнкам), калі могуць самі зрабіць танна ды сярдзіта?

© ІТАР-ТАСС

У беларускім жа войску “Іскандэрамі” маюцца замяніць састарэлыя “Кропкі-У”. А ўвогуле мэта вайсковай мадэрнізацыі, палягае, бадай, выключна ў тым, каб Захад засьцерагаўся разабрацца з тутэйшым рэжымам, як некалі зь Мілошавічам ды Хусэйнам.

Зрэшты, невядома яшчэ, як будуць складвацца дачыненьні і з усходняй суседкай. Мо' тыя “Іскандэры” яшчэ і пад Воршай спатрэбяцца? :)

Ці не таму, дарэчы, расейскія абароншчыкі зараз і цьвердзяць: самім “Іскандэраў” мала, так што хутка не чакайце!

Ну а напусьціць між тым важнасьці беларускае кіраўніцтва ўмее. Сакрэт, які выдаў Лукашэнка карэспандэнту “Ўол-стрыт джорнэл”, насамрэч ёсьць сакрэтам полішынэля. Бо

пераход нашай 465-й брыгады на “Іскандэры” даўно заплянаваны дзяржаўнай праграмай узбраеньня да 2015 году. Гэта сто разоў анансавалі чыны ў пагонах, і пра тую праграму з вайсковых аглядальнікаў не пісаў толькі лайдак.

Заакіянскі журналіст, аднак, павёўся на кодавае слова “Іскандэр” і ў сваім артыкуле трохі зьмяшаў боб з гарохам. Даў кідкі загаловак “Belarus President Seeks to Deploy Russia Missiles”, хаця, калі разабрацца, ідзецца пра зброю з кляймом “Made in Russia”, і ня болей за тое.

Дарэчы, яшчэ адно тлумачэньне для калег-нэафітаў: “Іскандэр” не ракета, а менавіта ракетны комплекс. Гэта як блытаць стрэльбу з куляй. Страляць жа тыя АТРК могуць рознымі ракетамі — як балістычнымі, так і крылатымі Р-500. У тым ліку і зь ядзернымі боегалоўкамі. Вось такіх беларускаму кіраўніцтву, сто пудоў, не прададуць :)

І апошняе. Маскоўскія страшылкі — таксама блеф. Бо каб гарантавана зьнішчыць антыракету ў шахце, трэба мясіць менавіта ядзерным зарадам. А між тым Калінінградзкая вобласьць падпадае пад забавязаньні Расеі датычна бязьядзернага статусу Балтыйскага рэгіёну.

Канечне, можна ўявіць сабе, што Крэмль зусім зьедзе з глузду. Але я раіў бы сачыць за сюжэтам з ПРА ды “Іскандэрамі” як за вялікім шоў, у якім кожны актор мае свае піяраўскія дывідэнды.

ЗЫ. Што і патрабавалася давесьці. Калі гэты постынг быў напісаны, стала вядома пра заяву беларускага МЗС: амэрыканская газэта недакладна інтэрпрэтавала выказваньні Лукашэнкі пра “Іскандэры”. Са слоў прэсавага сакратара Папова, гаворка ішла не пра разьмяшчэньне расейскіх комплексаў, а пра пераўзбраеньне нацыянальнага войска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?