Майкл Галдзянкоў.

Майкл Галдзянкоў.

Майкл, Міхаіл — чалавек разнаплянавы. І Смолавай тэксты складаў (калі яна яшчэ не пачала пяяць попс) і англамоўным «Лявонам». Цяпер напісаў гістарычную кнігу «Русь: другая история». Запрасіўшы пагаварыць пра навінку, я ня змог абмінуць яго былыя бэстсэлеры. Такія як «Осторожно: хот-дог!», дзе Майкл занурае нас у сьвет ангельскай мовы, якой ня вучаць у Ін’язе. Кніга, шырока вядомая на постсавецкай прасторы, вытрымала 10 рэдакцыяў і разышлася стотысячным накладам (а пірацкіх копіяў не зьлічыць). А таксама пра хуліганска-рамантычную кнігу «Полёт дубового листа» аб студэнцкім жыцьці ў Менску на парозе дзевяностых.

Асьцярожна: Майкл!

«НН»: Майкл, адкуль такая цікаўнасьць да ўсяго амэрыканскага?

МГ: Пачалося зь цікаўнасьць да мовы. Яшчэ школьнікам захапіўся інглішам. А дзе мова там і культура, хаця ў Лінгвістычным унівэрсытэце яе зь нейкай залішняй адасобленасьцю ад усяго астатняга вывучаюць. Пасьля ўнівэру паехаў у Штаты. Афіцыйна — як трэнэр па стральбе з луку, а практычна — павучыць ангельскую. Застаўся на год. Было цяжкавата, — працаваў на розных некваліфікаваных работах, але было страшэнна цікава спазнаваць сапраўдную Амэрыку. І яе мову — нястрыманую і жывую.

«НН»: І па вяртаньні завінуўся і напісаў свой мацёры бэстсэлер «Осторожно: Хот —Дог!»?

МК: Калі пасьля Штатаў я пачаў працаваць журналістам у «Знамени юности» — пра Амэрыку было ўжо панапісана-перанапісана. Але мяне настойліва папрасілі: «Ты ж толькі што адтуль!». І я пакрысе пачаў апісваць Амэрыку і мову такой, як яе ўбачыў на ўласныя вочы. Я стараўся распавядаць пра самыя звычайныя рэчы. І гэтая мая фірмовая пазнака нечакана нават для мяне мела шалёны посьпех. Людзям было цікава даведацца пра іншую, няглянцавую Амэрыку. Гэта быў эфэкт бомбы: допісы і тэлефанаваньні ішлі без перапынку. Усе пісалі «Хочам Галдзянкова!». Працягваючы посьпех, на старонках газэты пачаў распавядаць пра амэрыканскую гутарковую мову. І зноў — прыязны прыём у публікі. Некалькіх менскіх выдавецтвах адразу прапанавалі напісаць кнігу, выдаўцы палка за мяне сварыліся.

Свабоды хацелася

У Майкла незашораны погляд. Яму, прыбыламу ў Беларусь дастаткова дарослым, зь дзяцінствам у ГДР (бацька — афіцэр) і ў Сібіры, Беларусь — гэта па-першае цікава. Пра новую радзіму піша без гістэрыкі, не адмаўляючыся ад свайго дабеларускага досьведу, погляд трохі збоку, але пагарды і пыхі — ані каліва.

«Полёт дубового листа», раман, які пару год таму выйшаў у выдавецве «Логвінаў», — кніга абсалютна менская. Сталіца, бітма набіткаваная гарадзкімі легендамі, больш за якія іншыя месты чакае свае сучаснага летапісца. Так пра Менск 90-х пісаў яшчэ Някляеў у сваім раманчыку «Лабух». А той жа час — дарунак для літаратара: імпэрыя развальваецца, паводка нечаканай свабоды. А свабода пачынаецца са студэнцкай вольніцы.

«НН»: Пачатак дзевяностых у Менску, што гэта быў за час?

МГ: Людзі, прынамсі ў Менску, зрабіліся свабоднымі. Міжволі і раптоўна. І пратрывала гэтая вольнасьць гадкоў пяць, мусіць да 94-га. Тады так: нешта не падабаецца — адразу крычаць, усе гаварылі, не маўчалі, адзін аднаго не баяліся, была нейкая такая крыштальная шчырасьць у адносінах. Нават у прыватных адносінах. Цяпер быццам бы не забараняюць выказвацца, але чалавек лічыць за лепшае выразіцца як мага мягчэй, абцякальней.

А тады свабоды хацелася. Мітынгі былі па 20, па 50 тысяч. І як мне здавалася, людзі выходзілі на вуліцы бяз дай прычыны. Памятаю, як хадзіў у 1990 годзе ў красавіку на штурм тэлебачаньня, толькі каб далі слова Пазьняку ў простым этэры. Ну, і ў маладых гэта, натуральна выражалася яскравей.

А яшчэ канец 80-пачатак 90-х у Менску — гэта пара сэксуальнай рэвалюцыі. Пачалася разьняволенасьць паміж паламі. Жанчыны зрабіліся сьмялейшымі. І нас, менскіх студэнтаў, гэта ап’яняла. Інтэрнаты віравалі ад (не)растрачанай сэксуальнасьці. Памятаю, нават у кіно не хадзілі, калі загадзя даведваліся што там няма сцэнаў зь любошчамі. Калі на падваконьні ніхто нікога ня гэтае вось, то фільм губляў сэнс.

Хоць у Беларусі сьвет і цяпер па-ранейшаму мужчынскі: мужык — цар, ён усё атрымлівае, усе пасады — яго, і да таго ж нічога не зьмянілася ў статусе жанчыны. Але ў канцы 80-х нейкі злом усё ж адбыўся. Жанчына выйшла на сцэну. Таму ў маёй кнізе многа сэксу і шчырасьці.

Русь і ня Русь

«НН»: І як так пасьля культуралягічнага «Хот-Догу» і бэлетрыстычнага «Палёту дубового листа» табе собіла напісаць кнігу гістарычную?

МГ: Насамрэч гэта усё зьвязана. Культуралёгія, гісторыя — вельмі блізкія галіны. Таму лічу, што ўсё заканамерна. Калі ў восьмай клясе я прыехаў у Беларусь, мне цікава было літаральна ўсё. Усё, што было не падобна да Расеі. І цяпершчына, і мінуласьць, і культура. Я кінуўся вучыць белмову, хаця мне мае менскія сябры сказалі «ды на чорта табе гэта?». Чуць такое было дзікавата. Пачаў дазнавацца, было ў мяне нейкае такое дзіцячае жаданьне дазнацца праўды і справядлівасьці — дакапацца да сутнасьці, як гэта так стала, што ў Беларусі тугавата з гістарычнай сьвядомасьцю.

І вось па досыць няхуткім часе — толькі цяпер — зьявілася кніга, дзе я даводжу, што маскоўская вэрсія гісторыі Русі — хлусьня, якую пачала Кацярына ІІ, а працягнулі Аляксандры і Мікалаі. У мае кнізе прыведзена безьліч фактаў, што нашчадкі Старажытнай Русі — хутчэй цяперашнія Ўкраіна і Беларусь, а не Расея. Прасочваю трансфармацыю назвы Русь, русін.

Мая кніга — студня, якую я дакапаў, мне здаецца, да канца. На яе старонках абвяргаю маскоўскую вэрсію гісторыі Русі, даводжу, што праўдзівая вэрсія — поўная супрацьлегласьць таго, што выкладалі ў СССР, ды і цяпер у РФ. Пастуляты як на цяперашніх беларусаў натуральныя, а ў Расеі могуць выклікаць фурор.

«НН»: Дык гэтая кніга для нашых усходніх суседзяў ці для нас саміх? Хто будзе чытаць тваю кнігу?

МГ: Хто захоча, той і будзе. Гэтая кніга найперш для тых, хто цьвяроза мысьліць. Не хаваю — я хачу, каб кніга добра прадавалася ў Расеі. Там цяпер ідзе харошая такая хваля — у гістарычнай літаратуры разьбіваюцца міты. Па расейскіх каналах цяпер нават можна ўбачыць салідных прафэсараў (хіба не ў прайм-тайме), якія кажуць: «Так, гістарычная Літва — гэта не цяперашняя Літва, гэта таксама Русь». І да гістарычных ідалаў, такіх як Пётра Першы, ставяцца больш крытычна. Але кажучы праўду, у Расеі яе не кажуць да канца і асабліва гэта відаць па адносінах да Беларусі — напрыклад, той жа Пётра: ня гаворыцца пра яго крывавыя справы: расстрэл полацкіх сьвятароў і пагром у полацкай Сафіі. Абмінаюць увагай, што яшчэ ў XVIII ст. Беларусь і Расея былі абсалютна рознымі краінамі, дзе панавалі — і там і там — свае адметныя культуры.

У маёй кнізе я хачу сказаць, што Пётра і Кацярына — з усімі іх заганамі і перавагамі, былі валадарамі суседняй дзяржавы. І кропка. Разьвеяць усякія міты што, маўляў, беларусы ў ВКЛ былі прыгнечаным народам? Кім, прабачце? Гэта была іх краіна. Ды й і іншыя народы ў ВКЛ, татары і габрэі, пачуваліся тут спакойна, ніхто іх не прыгнятаў. Расеі на нас нападала — мы саромеемся гэта прызнаць. Мы нападалі на Расею — таксама замоўчваем. І я прыводжу шмат цікавостак, якія падымаюць гонар і трохі ніштожаць наш комплекс ніжэйшасьці.

Падсумоўваючы, хочацца сказаць у іх было пэўна, па-свойму добра і ў нас. Але ў іх было добра для іх, а ў нас — для нас. І як правільней, дык мы — мы Літва і літвіны, Украіна — Русь і русічы, а Расея — Масковія і маскавіты. Разумею, што час не вярнуць, і жывем мы ў Беларусі, а побач — Украіна і Расея, але ведаць пра гэтыя трансфармацыі неабходна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?