У Менску, Вільні, Кракаве і Варшаве, адзначаючыся ў картках узятых для прагляду рукапісаў, я нязьменна знаходзіў подпіс Генадзя Кісялёва. А хто пасьля яго? Піша Аляксандар Фядута.

Этнічны вялікарос, ён закахаўся ў беларускую гісторыю і культуру і прысьвяціў ім усё жыцьцё. І стаў дасьледнікам, якіх мала было ў нашых гуманітарных ведах. Каго можна прыраўнаць да яго паводле маштабу зробленага? Нябожчык Сьцяпан Александровіч, жывы і здаровы Адам Мальдзіс, хворы Ўладзімер Мархель. Як чатыры атлянты, стаяць яны ля ўваходу ў храм беларускай літаратуры ХІХ стагодзьдзя, даводзячы: народ беларускі жыў і тады, калі самое слова «Беларусь» было высокім загадам выведзена з ужытку. Жыў — і даваў сьвету вялікіх харызматыкаў-змагароў, нястомных пісьменьнікаў, самабытных і не падобных на іншых нават тады, калі ім даводзілася пісаць на чужых мовах.

У гэтым шэрагу Генадзю Кісялёву выпала адмысловая місія. Менавіта

ён давёў, што ананімных тэкстаў не бывае — што не гараць рукапісы, не зьнікаюць бязь сьледу людзі. Ён вярнуў беларусам імёны бясспрэчных нашых клясыкаў
— Вікенція Равінскага, аўтара «Энэіды», і Канстанціна Вераніцына, стваральніка «Тараса на Парнасе».

Кожны архівіст ведае: можна дзясяткі і сотні разоў праглядаць вопісы, гартаць запыленыя старыя кнігі — але ўдача стаць першаадкрывальнікам усьміхаецца толькі вялікім працаўнікам, якія цьвёрда ведаюць, што менавіта яны хочуць знайсьці. І тыя ўнікальныя знаходкі, якія выпалі на долю Кісялёва, сталі ўзнагародай за ягоную адданасьць тэме і шматгадовую цяжкую працу. Працу выдаўца і камэнтатара рукапісных помнікаў, працу карпатлівага біёграфа, які ўмеў бачыць гістарычную значнасьць кожнага факту.

Калі я ўзяў у рукі том «Кастусь Каліноўскі», падрыхтаваны спадаром Генадзем для «Беларускага кнігазбору», я зразумеў: гэта — помнік. Помнік і герою кнігі, і яе ўкладальніку і камэнтатару. Бездакорная праца Кісялёва — нібы арыенцір для будучых пакаленьняў дасьледнікаў. Усім нам ісьці — і глядзець уперад, на пабудаваны ім як адным з архітэктараў велічны будынак.

Толькі —

ці ёсьць каму ісьці наперад? ХІХ стагодзьдзе, горкае і болесна адчувальнае, палітычна «нядобранадзейнае», даўно не знаходзіцца ў полі зроку нашых дасьледнікаў.
Каму яно цікавае? Язэпу Янушкевічу, Мікалаю Хаўстовічу, Ігару Запрудзкаму. І — усё? Налета — трагічны юбілей пакараньня Каліноўскага. Хто годны адзначаць яго?

Зыход Генадзя Кісялёва — цяжкі напамін пра той вакуўм, які ўтвараецца па меры зыходу старэйшага пакаленьня. Самыя актыўныя з тых, хто мусіў прыняць эстафэту ў нашых атлянтаў, у найлепшыя гады сваёй маладосьці сышлі хто ў палітыку, хто ў бізнэс. Нехта сканцэнтраваўся на больш «удзячных» эпохах — кшталту росквіту ВКЛ.

Часткова у гэтым быў вінаваты і сам спадар Генадзь. Зробленае ім было настолькі маштабным — згадаем «Пачынальнікаў», «Сейбітаў вечнаcьці», «Радаводнае дрэва», «Герояў і муз», «Расшукваецца клясык…», «Ад Чачота да Багушэвіча» — нібы рукі апускаюцца: здаецца, ён усё ўжо знайшоў і парабіў. Па сабе ведаю: у Менску, Вільні, Кракаве і Варшаве, адзначаючыся ў картках узятых для прагляду рукапісаў, я нязьменна знаходзіў ягоны подпіс. Як сьведчаньне ягонага высокага прафэсіяналізму і сумленнасьці навукоўца: ведаю, бачыў, чытаў…

І калі сёньня я думаю пра гэтага надзіва сьціплага чалавека, які нібыта сьвядома затушоўваў уласныя заслугі, мне здаецца, што неба, якое ён так доўга і магутна ўтрымліваў, усё-ткі ня ўпадзе. Зробленага Кісялёвым і ягонымі аднагодкамі, дадзенага імі штуршка дастаткова, каб забыцьцё больш не абрынулася на беларусаў.

* * *

Генадзь Кісялёў

нар. 19 сакавіка 1931 у Каломне (Маскоўcкая вобласьць), скончыў Маскоўскі гісторыка-археаграфічны інстытут, у 1953—56, 1960—71 працаваў у архівах Вільні. З 1971 г. працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук. Дасьледаваў літаратуру і нацыянальны рух ХІХ ст., жыцьцё і творчасьць Каліноўскага, Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Вярыгі-Дарэўскага, а таксама Коласа і Купалы. У яго засталіся жонка Яніна, дочкі Лія і Натальля і ўнук Ян. Пахавалі Генадзя Кісялёва 17 лістапада на Кальварыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?