«Пекла — гэта іншыя»

Ж.‑П.Сартр

«Іншыя — гэта рай»

Сястра Эманюэль, якая памерла сёлета ў Парыжы ва ўзросьце 99 гадоў.

Горад жанчын

За некалькі дзясяткаў мэтраў ад галоўнага праспэкту сталіцы, які Артур Клінаў ахрысьціў Горадам Сонца, убаку ад велічнага гмаху з калёнамі, стаіць зусім сьціплы будынак, куды ня водзяць экскурсіі.
Гэта шпітальны будынак. Але ганарыцца перад замежнікамі тут няма чым — у архітэктурны ансамбль паміж Палацам Рэспублікі і Нацыянальнай бібліятэкай будынак яўна ня ўпісваецца. Тут, у шпітальных палатах са струхлелым лінолеўмам на падлозе і аблупленай фарбай на сьценах, ляжаць па пяць‑шэсьць чалавек у кожнай. А ў прыбіральнях цякуць унітазы з адвечна паламанымі зьліўнымі бачкамі…
Адзіная замежная дэлегацыя, якую тут можна ўявіць, гэта дэлегацыя фэміністак заходніх краінаў.
Яны, напэўна, засталіся б задаволенымі. Ня тым фактам, зразумела, што ў аддзяленьні анкахірургіі лекуецца агромністая колькасьць жанчын, якім тут аднімаюць грудзі. І ня тым, што малодшы й сярэдні мэдычны пэрсанал складаюць выключна жанчыны. А тым, што сярод прадстаўнікоў прафэсіі, якая раней лічылася выключна мужчынскай — хірургаў, усталяваўся амаль поўны парытэт. Жанчыны робяць тут штодня хірургічныя апэрацыі з такой самай цьвёрдасьцю й прафэсійнай бязьлітаснасьцю, што і іхныя калегі мужчынскага полу.
Часам у вузкім калідоры хірургічнага аддзяленьня можна сустрэць сапраўды фелініеўскіх пэрсанажаў.
Напрыклад — жанчыну сталага веку са сьлядамі былой прыгажосьці на твары, якую возіць у інваліднай калясцы сядзелка. Жанчына ўвесь час мырмоча нешта неразборлівае, амаль мыкае, але часам прамаўляе асэнсаваныя фразы, кшталту «паехалі наперад!». У жанчыны памёр каханы муж, пасьля чаго яна захварэла з гора. Сын, які жыве ў ЗША, рэгулярна высылае маці 200 даляраў, на сядзелку.
Раніцай па панядзелках, калі сюды прыбывае чарговая партыя пацыентак, і яны выстройваюцца ў вузкім паўцёмным калідоры — старыя і маладыя, прыгожыя і непрыгожыя, заплаканыя і на выгляд спакойныя, у шыкоўных хатніх халатах ці нейкіх абносках, а мэдсёстры ў белым на іх пакрыкваюць, каб хутчэй варушыліся — карціна чымсьці нагадвае этап.
Не, гэта не турма і не канцлягер. Адсюль можна выйсьці на волю, як толькі захочаш. Але часам падаецца, што над уваходам у гэтае аддзяленьне пасаваў бы надпіс: «Пакінь надзею кожны, хто сюды ўваходзіць» (вольны пераклад з Дантэ).

Цяжка глядзець у вочы жанчынаў, якія толькі кладуцца ў аддзяленьне, поўныя жаху і адчаю.

Але яшчэ цяжэй бачыць абыякавасьць і нудоцьце ў вачах некаторых наведнікаў, што прыходзяць сюды да сваіх крэўных ці сваякоў. Наведнікам так хочацца хутчэй пакінуць гэтае абіталішча пакутаў, апынуцца зноў у Горадзе Сонца, уліцца ў бясконцы паток аўтамабіляў, якія весела блішчаць фарамі, альбо ў шэрагі мінакоў, занятых сваімі справамі.

Шэсьць

У гэтым моры жанчын ёсьць выспа, на якой жывуць мужчыны.

Палата на шэсьць ложкаў нібы адмыслова створана, каб праводзіць сацыялягічныя дасьледаваньні. Вось фокус‑група.

Тры пэнсіянэры (найстарэйшаму 90 гадоў), два рабочыя (малодшаму 20) і адзін журналіст.

Найстарэйшы пэнсіянэр — адзіны ў палаце расеец. Нарадзіўся ў Ніжагародзкай губэрні, Ваяваў у Беларусі ў 41‑м, быў паранены, трапіў у нямецкі палон, потым у партызаны. Ажаніўся зь беларускай, мае дзяцей і ўнукаў. Адразу пасьля вайны пабудаваў у Менску драўляны дом, у якім жыве дагэтуль. Вельмі злуе на дзяржаву, што тая ня хоча аплачваць хоць бы частку ягоных камунальных выдаткаў. А ён жа ж інвалід Вялікай айчыннай, кроў ліў…

Другі пэнсіянэр з 12 гадоў рабіў у калгасе на трактары. Марыў стаць інжынэрам, але не хапіла адукацыі — скончыў усяго некалькі клясаў. Сам навучыўся разьбірацца ў маторах і ўсё жыцьцё рамантаваў розную тэхніку, у тым ліку легкавыя аўтамашыны. За гэта ў 70‑я гады сусед па вёсцы накатаў на яго цялегу ў органы — маўляў, той таемна рамантуе й зьбірае машыны ў сваім гаражы. Амаль што беларускі Генры Форд. У міліцыі, дзякуй Богу, толькі пасьмяяліся з таго даносу. На пэнсіі чалавек заняўся пчалярствам, мае немалую пасеку пад Менскам. Ведае пра пчолаў амаль што ўсё і фанатычна іх любіць. Асабліва яго захапляе карціна, калі летнім днём, калі матка новага рою ўжо ў вульлі, пчолы, нібы гіганцкая эскадрыльля, у строгім парадку залятаюць у яго. Распавёў народную прыкмету: калі ўвосень ці ўзімку гаспадар пасекі памірае, трэба пайсьці і пагрукаць па ўсіх вульлях, інакш пчолы ніколі больш не абудзяцца. Аматар жаночага полу. У аддзяленьні кабеты рознага ўзросту ўвесь час завіхаліся вакол яго. Некаторых ён частаваў пяргой — мёдам з цалком. Любіць сваю старэнькую жонку, увесь час сумаваў безь яе.

Наймалодшы з пэнсіянэраў (75 гадоў) працаваў некалі інжынерам‑канструктарам на заводзе ЭВМ, потым быў робататэхнікам. Інтэлігентны, адукаваны, зьедлівы й дасьціпны. У нядаўнія гады працаваў у аб’яднаньні «Квант», якое супрацоўнічала з БДУ пры Казуліну і якое абвінавацілі ў крадзяжы ў дзяржавы 30 кіляграмаў золата. Цягам сьледзтва, пра якое з гумарам распавёў былы інжынэр, ня выявілі зьнікненьня аніводнага мікраграма.

Рабочы‑мэтрабудавец пачынаў працоўную біяграфію вэтэрынарам — у вёсцы, дзе нарадзіўся. Можа гадзінамі распавядаць пра розныя выпадкі з вэтэрынарнага жыцьця, сумныя і вясёлыя. (Сумныя — бо вэтэрынар ня толькі лекуе жывёлаў, але пры неабходнасьці забівае іх. І тут важна, як ён кажа, самому ня быць быдлам.) Распавёў пра барана, які ўначы пачаў раптам біцца галавой у сьцены хлява, ледзь не разьнёс яго ўшчэнт. Выявілася, што ўдзень блізу таго месца, дзе баран пасьвіўся, працавалі зваршчыкі. Яму было цікава глядзець, як зіхаціць электразварка, а потым вочы запаліліся, і баран пачаў ад болю кідацца на сьцены. У Менску вэтэрынару прапанавалі добрую працу ў лябараторыі, па спэцыяльнасьці, абяцалі кватэру. Паслалі дакумэнты на зацьвярджэньне начальству ў Маскву (тады гэта было абавязкова). Адказу так і не дачакаўся. А тут пачалося будаўніцтва сталічнага мэтрапалітэну. Там таксама абяцалі хутка даць кватэру. Кватэру далі толькі праз гадоў пятнаццаць, але майстрам працаваць на будаўніцтве мэтро ён так і застаўся.

Пра малодшага — рабочага з маторнага заводу, амаль няма чаго сказаць. Акрамя таго, што сьвядомасьць яго ўяўляе сабой чысты ліст паперы. Усе веды абмяжоўваюцца кампутарнымі гульнямі ды мабільнымі тэлефонамі. Нічога ў жыцьці не чытаў, ніколі нават ня чуў, напрыклад, пра Рабінзона Круза ці Гулівэра. Але вельмі цікавіцца ўсім.
Пасьля таго, як пачуў у сталоўцы «смачна есьці!», адразу паспрабаваў перайсьці на беларускую мову.

Хімія і жыцьцё

Істотны недахоп сацыялягічных дасьледаваньняў у шпіталі — плыннасьць кантынгенту. Адны пацыенты сыходзяць, другія прыходзяць на іх месца. Так у адной палаце апынуліся ажно тры журналісты. Яўны перабор, тым больш, што двое зь іх мелі дачыненьне да органаў унутраных спраў. Адзін працаваў некалі ў газэце «На страже Октября», а другі здымаў на відэакамэру розныя мерапрыемствы, у тым ліку апазыцыйныя…

Зьявіўся і прадстаўнік Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта — сантэхнік.

Аднойчы ў палату прывялі хлопца гадоў 25, які выглядаў значна старэйшым за свой узрост, бо меў цэлы букет хваробаў. — Ты адкуль? — спыталіся ў яго. — Я з хіміі, — адказаў хлопец весела. — Ты што, прайшоў ужо недзе хіміятэрапію? — Ды не, — засьмяяўся ён — я адбываю пакараньне на «хіміі». Два гады абмежаваньня волі за рабаваньне.

Маладому «зэку» напачатку вельмі спадабалася ў шпіталі. Можна паспаць, нават удзень! Можна нармальна паесьці (пасьля турэмнай пайкі бальнічная ежа падаецца ня горшай за рэстаранную), паразмаўляць з нармальнымі людзьмі. На цябе ня толькі не крычаць, але дбаюць пра тваё здароўе. Вакол шмат дзяўчат, сярод якіх ёсьць вельмі прыгожыя. Празь некалькі дзён зэк пачаў гаварыць ужо ня толькі матам, але й нармальнай мовай. Ахвотна адгукаўся на жарты і сам жартаваў. Падчас тэлерэпартажу ў навінах АНТ з вайсковых вучэньняў, на якіх вярхоўны камандуючы зьявіўся разам з маленькім Міколкам, апранутым у афіцэрскую форму, адна з пажылых пацыентак запыталася: «А вам не падаецца, што наш галоўны падобны да…» І асяклася. Зэк, які стаяў побач, выцягнуўся ў фрунт і ўскінуў правую руку. «Гэтага?» Так‑так, заківала галавой жанчына…

Але ўсяго праз пару дзён «хімік», як яго ні пільнавалі сястрычкі, пачаў зьнікаць з аддзяленьня — спачатку на пару гадзінаў, потым на ўвесь дзень. Вяртаўся ён на добрым падпітку пад вечар, ледзь пасьпяваючы да «гадзіны Х». А 21‑й гадзіне тэлефанаваў дзяжурны са спэцінтэрнату, дзе адбываў пакараньне хлопец, каб праверыць, ці той на месцы. Аднойчы ён не вярнуўся ў прызначаны час…Але пра тое, чым скончылася гэтая сумная гісторыя, крыху ніжэй.

Распарадак дня

На сьценах калідору ў аддзяленьні, як і паўсюль у падобных установах, вісіць шмат інструкцыяў, плякатаў, нагляднай агітацыі, схемаў эвакуацыі, самадзейных насьценгазэтаў і іншых паперак, на якія ніхто не зьвяртае ўвагі.

«Правілы ўнутранага распарадку» вісяць тут, бадай, з хрушчоўскага часу. Паводле гэтых правілаў, напрыклад, а 7‑й раніцы хворых чакае «абуджэньне», а 9‑й — сьняданак, а аб 11.30 — другі сьняданак! Цудоўны, відаць, быў час, калі хворым падавалі «другі сьняданак» і «падвячорак», а раніцой адбываўся не «пад’ём», але «абуджэньне» і «падрыхтоўка да прыёму лекаў і працэдураў».

З усіх інструкцыяў і плякатаў на беларускай мове ёсьць толькі адзін: «Скажы не СНІДу!»
На ім мускулістыя рукі разрываюць каноплі, якія нагадваюць калючы дрот. Увогуле, плякатаў на тэму імунадэфіцыту ў шпіталі паўсюль так шмат, што можна падумаць, быццам галоўная праблема хворых — гэта неўпарадкаванае полавае жыцьцё й наркотыкі.

Між іншым, у прыбіральні, пад самай стольлю налепка па‑беларуску: «Зрабі сябе сам».

А ўвогуле, у аддзяленьні пануе моўная талеранцыя. У мужчынскай палаце вісіць інструкцыя па‑ўкраінску: «Вправи для жінок, які перенесли операцію з приводу видалення молочної залози»…

Беларуская мова, калі пачынаеш на ёй размаўляць, вабіць. Адны пачынаюць зь цікаўнасьцю прыслухоўвацца, другія спрабуюць размаўляць па‑беларуску.

Няма

З размовы паміж праваслаўнай манашкай і пажылымі пацыенткамі, выпадкова падслуханай у бальнічным калідоры. «Божая Маці — наша заступніца на нябёсах, яна намі апекуецца». Старая жанчына ў адказ (катэгарычным тонам): «Божай Маці няма».

Лінія фронту

Параўнаньне з турмой, прыведзенае на пачатку, канечне, будзе няправільным. Хутчэй гэта нагадвае ваенна‑палявы шпіталь блізу лініі фронту. Выбухаў і стрэлаў тут, праўда, не чуваць, але амаль кожны дзень у цішыні ідуць апэрацыі — па дзесяць і болей запар. Хірургі змагаюцца за жыцьцё кожнага чалавека, намагаючыся вырваць яго зь кіпцюроў падступнага й бязьлітаснага ворага. Не зважаючы на пол, узрост, сацыяльны статус, мову і палітычныя прыхільнасьці хворых. У апэрацыйнай і ў палаце ўсе абсалютна роўныя. Ніякай дыскрымінацыі ці прывілеяў.

На гэтай штодзённай нябачнай вайне, у якой не бывае замірэньня альбо адпачынку, лекары літаральна валяцца з ног ад стомы. Добра, што ёсьць сучасная імпартная апаратура й прэпараты, у асноўным нямецкія. (Цікава, што ў постчарнобыльскую Беларусь нават радыеактыўныя ізатопы ўвозяць зь Нямеччыны.) Але праца ў хірургічным аддзяленьні нагадвае канвэер, які ніколі не спыняецца. Праца на знос.

Вярхоўны галоўнакамандуючы абяцаў хірургам дабавіць зарплату. Але тыя ўжо ведаюць — у іх цяпер забяруць надбаўкі за анкалягічныя апэрацыі.
Тое на тое й выйдзе. Каб лячыць хворых, не патрэбныя палацы са сталі й шкла, патрэбныя нармальныя чалавечыя ўмовы для лекараў і пацыентаў. На гэта дзяржаве не стае грошай. Усё пайшло на гульні ў ракеты й танкі. І яшчэ на спорт. У краіне поўны хакей. А хворыя хай глядзяць яго па тэлевізары.

Deus ex machіna

Позна ўвечары, калі ўсім стала ясна, што зьбеглы хлопец у шпіталь ня вернецца, у палату ўвалілася (менавіта так — увалілася) міліцэйская брыгада.
Два сэржанты і малодшы лейтэнант — жанчына з ноўтбукам. Усе без халатаў. Адзін з сэржантаў — з агромністым жыватом і тлустым тварам — бесцырымонна пачаў дапытваць самага маладога з пацыентаў: дзе твой корэш, ці маеш ягоны тэлефон (у яго сапраўды быў нумар мабільніка таго хлопца) і гэтак далей. Потым грэбліва кінуў у бок мэдсястры: ну, і што ў вашага пацыента за хвароба была? — Я вам не магу адказаць. — Чаму? — шчыра зьдзівіўся сэржант. Маладзенькая сястра ўспыхнула, потым голасам, які зрываўся ад хваляваньня, мужна адказала: «Не забывайцеся, у якой установе Вы знаходзіцеся і як сябе трэба ў ёй паводзіць!» Міліцыянт паціснуў плячыма і выйшаў з мэдсястрой у калідор. Яму ўрэшце патлумачылі, відаць, што ў пацыента, які зьбег, цяжкая хвароба, якая патрабуе складанай апэрацыі. — Ну вось, цяпер адправяць яго лекавацца ў Жодзіна, там ён і здохне, — падсумаваў вынікі «рэйду» у шпіталь іншы міліцыянт. Міліцыянты сышлі, нават не разьвітаўшыся і не павярнуўшы галоваў да хворых.

А празь некалькі дзён, у крымінальнай хроніцы на тэлебачаньні пацыенты пазналі таго хлопца ў адным зь сюжэтаў. Ён пабіўся ў віннай краме зь нейкім іншым хлопцам. Ну, і патрапіў, зразумела, у міліцэйскі пастарунак. Адтуль дарогі назад ужо не было — толькі назад, на хімію… У палату зайшла ягоная маці, па асабістыя рэчы, якія той пакінуў. —У мяне добры сын, — сказала яна з сумам, — вось толькі надта любіць выпіць…

За ўвесь час, пакуль хлопец быў у шпіталі, ніхто ніводнага разу не зьвярнуўся да яго звысоку ці грэбліва, як і ён да іншых. Увогуле, як гэта ні парадаксальна, у палаце ўсе (ну, амаль усе) любяць адзін аднаго і дапамагаюць у выпадку патрэбы.
Свайго роду, братэрства.

Чамусьці за мурамі шпіталя ўсё гэта кудысьці зьнікае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?