Крушні сьвіслацкага замку

Крушні сьвіслацкага замку

Палац Булгакаў у Жылічах

Палац Булгакаў у Жылічах

Антычная ляпніна, дэкаратыўныя элемэнты, каміны суседнічаюць з савецкімі вітражамі і карцінамі ў стылі сацрэалізму.

Антычная ляпніна, дэкаратыўныя элемэнты, каміны суседнічаюць з савецкімі вітражамі і карцінамі ў стылі сацрэалізму.

Бабруйская фартэцыя

Бабруйская фартэцыя

Уяздная брама ў краснабярэскі палац, аздобленая ў неагатычным стылі.

Уяздная брама ў краснабярэскі палац, аздобленая ў неагатычным стылі.

Палац Козел-Паклёўскіх (канец ХІХ ст.) у Красным Беразе

Палац Козел-Паклёўскіх (канец ХІХ ст.) у Красным Беразе

Кажан (у цэнтры) — яскравы элемэнт раманскага і гатычнага стылю.

Кажан (у цэнтры) — яскравы элемэнт раманскага і гатычнага стылю.

Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

Калі ў Беларусі аднавіць хаця б палову з раскіданых па ўсёй тэрыторыі архітэктурных помнікаў, мы жылі б у іншай краіне. На жаль, прамінулыя 17 гадоў незалежнасьці былі бязьлітасна прамарнаваныя. І толькі цяпер, стаміўшыся ад бясконцых размоваў аб разьвіцьці турызму, дзяржава сям-там узялася-ткі за аднаўленьне гісторыка-культурнай спадчыны. У вандроўцы, наладжанай Беларускай асацыяцыяй журналістаў, старшыня рэспубліканскай рады ГА «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч пазнаёміў нас з малавядомым маршрутам па Магілёўшчыне, які мае ўсе шанцы стаць культавым.

Сьвіслач

Вёска Сьвіслач, цэнтар сельсавету ў Асіповіцкім раёне, стаіць на маляўнічым месцы — злучэньні рэк Сьвіслач і Бярэзіна. Калісьці яна была сталіцай удзельнага княства на паўднёвай мяжы Полацкай зямлі. Больш за 10 гадоў таму зьявіўся дакумэнт, згодна зь якім тутака мусіў паўстаць Нацыянальны парк, але «воз і ныне там».

Больш за тое, калі зазірнуць у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, вы знойдзеце там адно брацкую магілу часоў апошняй вайны ды будынак 1911 году, які належаў мясцоваму габрэю-гандляру і дзе месьцілася крамка з карчмой.

Абсурд, але галоўнай сьвіслацкай славутасьці — замчышча, культурны слой якога сягае ажно ХІІІ стагодзьдзя, у сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў няма. Чаму? «Над сьпісам, які быў зацьверджаны ў 2007 годзе, у асноўным працавала мясцовае чынавенства. Каб было менш клопату, шмат якія аб’екты папросту ігнаравалі», — тлумачыць Антон Астаповіч, які сам паходзіць з Асіповічаў.

Першапачаткова сьвіслацкі замак быў драўляны. У 1655 годзе, падчас жахлівай вайны Рэчы Паспалітай з Масквой, спалілі яго дашчэнту. Толькі ў XVІІІ стагодзьдзі на ўзгорку пабудавалі некалькі арсэнальных памяшканьняў — цайхгаўзаў, але далей справа ня рушыла. Руіны, у якіх прасочваецца традыцыйная беларуская мяшаная муроўка з разынкавым арнамэнтам, захаваліся на замчышчы да нашага часу.

«У нас модна стала гаварыць пра разьвіцьцё турыстычнай інфраструктуры. Дык вось, летась наша Таварыства некалькі разоў зьвярталася да Нацыянальнага агенцтва па турызьме зь ініцыятывай правесьці для турфірмаў сумесны сэмінар па інтэрпрэтацыі гісторыка-культурнай спадчыны. Але насамрэч іх гэта не цікавіць!» — абураецца спадар Астаповіч.

Пакуль мясцовыя ўлады марудзяць, руіны сьвіслацкага замчышча гібеюць без аховы і кансэрвацыі. Колькі яны яшчэ вытрываюць, не ведае ніхто.

Жылічы

Мала хто ведае, што ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласьці месьціцца ці не найвялікшы ў Беларусі шляхецкі двор — палац Булгакаў — помнік эпохі клясыцызму першай траціны ХІХ стагодзьдзя.

У добрым стане захаваліся парадныя памяшканьні.

Антычная ляпніна, дэкаратыўныя элемэнты, каміны суседнічаюць з савецкімі вітражамі і карцінамі ў стылі сацрэалізму.

Сёньня палац Булгакаў (разам зь Нясьвіскім і Мірскім замкамі, Краснабярэскім палацам, Каложай, Берасьцейскай і Бабруйскай крэпасьцямі і інш.) уваходзіць у сьпіс 10 нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасьцяў для прыярытэтнага фінансаваньня зь дзяржбюджэту. І адзначаны ён 1-й катэгорыяй каштоўнасьці.

Як распавяла навуковы супрацоўнік музэю Ірына Шляхтава, летась на распрацоўку праектна-каштарыснай дакумэнтацыі па рэстаўрацыі заходняй часткі палацу было выдзелена 360 млн рублёў. Сёлета там павінны распачацца рэстаўрацыйныя работы коштам больш за 1 млрд. рублёў.

Да 2010 года ў Жыліцкім палацавым комплексе плянуецца цалкам аднавіць шляхецкую сядзібу XІX стагодзьдзя. Але па інфармацыі, якую Антон Астаповіч атрымаў ад навуковага кіраўніка праекту — дырэктара Цэнтру па рэгенэрацыі гісторыка-культурных ляндшафтаў і тэрыторый Аляксандра Кропатава, фінансаваньне можа быць паменшанае, а тэрміны здачы аб’екту аднесеныя на 4-5 гадоў.

Бабруйск

Яшчэ адзін аб’ект з ТОП-10 нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі — Бабруйская фартэцыя (крэпасьць), пабудаваная на месцы старажытнага гораду на пачатку ХІХ стагодзьдзя. Ягоны стан выклікае найбольшы непакой адмыслоўцаў.

Характэрна, што самы цяжкі ўдар фартэцыя перанесла не падчас сусьветных войнаў, а ў 1950-60-я гады. Тады саветы зьнішчылі ўсе вонкавыя фартыфікацыйныя пабудовы, валы, бастыёны. Сёньня застаўся толькі 8-мы палігон уздоўж Бярэзіны, рэшткі ўмацаваньня «Фрыдрых Вільгельм», форт Апермана і шэраг казармаў.

«Самае страшнае,— распавядае Антон Астаповіч, — што ў мясцовых уладаў няма агульнай канцэпцыі ў дачыненьні да гісторыка-культурнай каштоўнасьці 2-й катэгорыі. Аб’екты Бабруйскай крэпасьці распрадаюцца нават без аўкцыёну і за гэтымі супрацьзаконнымі дзеяньнямі няма аніякага кантролю. Напрыклад, летась я размаўляў з прадпрымальнікам, які выкупіў у гарвыканкама казарму за 50 тыс. рублёў!».

Дадамо, што улетку на тэрыторыі крэпасьці быў адчынены найвялікшы ў Беларусі ўльтрасучасны лядовы палац, што, па словах экспэртаў, таксама ёсьць парушэньнем гісторыка-культурнага заканадаўства.

Красны Бераг

Краснабярэскі палац канца ХІХ ст. Козел-Паклеўскіх (2-я катэгорыя каштоўнасьці) — прыклад рамантычнай архітэктуры, якая спалучае ў сабе неараманскае аблічча — так званае «цаглянае» дойлідзтва, і комплекс інтэр’ернай аздобы пакояў і залаў палацу — у стылях антычным, гатычным, альгамбры, маньерызму, барока і г.д.

Цягам дзесяцігодзьдзяў тут месьціліся навучальныя карпусы сельгастэхнікума. У 1993-м пачалася рэстаўрацыя, але праз спарадычнае фінансаваньне будыніна пачала развальвацца на вачах. Палац уратаваў цуд. Кажуць, аднойчы ў 2003 годзе тагачасны старшыня Камітэту дзяржкантролю Анатоль Тозік вырашыў паказаць жонцы мясьціны юнацтва. Убачаны заняпад так абурыў чыноўніка, што ён надаў справе новы імпульс.

Цяпер, па словах Антона Астаповіча, рэстаўрацыя Краснабярэскага палацу ў мэтадалягічным пляне — адна з найменш праблемных у краіне. Як і ў Жылічах, падрадчыкам па рэстаўрацыі ўнікальных унутраных інтэр’ераў выступае ЗАТ НВА «Эльвіра», дзе сабраныя найлепшыя рэстаўрацыйныя кадры краіны.

Рэстаўратары спрабуюць выконваць міжнародныя мэтодыкі, але ўдаецца гэта далёка не заўсёды. Гэтак, заміж драўляных аконных праёмаў паставілі плястыкавая шклопакеты.

Перад тым, як будаваць палац, тут заснавалі сваю цагельню, але паколькі ўласных традыцыяў вытворчасьці не было, цэгла выходзіла вельмі нізкай якасьці. Праўда, сёньня ёсьць нямецкая тэхналёгія, якая дазваляе ўзмацняць гэтыя восыпы.

Гісторык архітэктуры Натальля Пятровіч, якая рыхтавала навуковую даведку Краснабярэскага палацу, перакананая, што ён мусіць быць занесены ў сьпіс ЮНЭСКА.

Падсумоўваючы, расклад з гістарычнымі пабудовамі ў Беларусі даволі просты: калі прымаецца пастанова аб наданьні сядзібе ці палацу катэгорыі каштоўнасьці (пажадана 1-й), — усё будзе добра, будуць вылучацца сродкі і пабудову будуць рэстаўраваць. Помнік застанецца па-за ўвагай дзяржавы — яго чакаюць заняпад і паступовае разбурэньне.

Антон Астаповіч (на фота) і яго нешматлікія паплечнікі з Таварыства аховы помнікаў змагаюцца за захаваньне нашай агульнай спадчыны па ўсёй краіне. «Я цудоўна разумею, што цяпер кардынальным чынам мы нічога зьмяніць не можам, — кажа ён. — У Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў ўключана больш за 4700 помнікаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры. Але праблема ў тым, што ў Беларусі хранічна парушаецца заканадаўства ў ахове помнікаў. Таму нам застаецца зьбіраць дакумэнты для будучых пакаленьняў. Бо я веру, што абавязкова прыйдзе час і ўсяму будзе дадзеная прававая ацэнка».

фатаздымкі Кастуся Лашкевіча

Кастусь Лашкевіч, TUT.by, Павал Касьцюкевіч, «Наша Ніва»

Глядзі таксама:
Ружаны. Фотарэпартаж Сямёна Печанка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0