Мэтай І Беларускага інвэстыцыйнага форуму ў Лёндане было знаёмства прадстаўнікоў сусьветнага бізнэсу зь інвэстыцыйнымі магчымасьцямі Беларусі, а нашых урадоўцаў — з сусьветным бізнэсам. На думку прэм’ер‑міністра Сяргея Сідорскага, «форум перасягнуў усе нашы чаканьні».

16 лістапада ў лёнданскім аэрапорце «Гэтвік» высадзіўся ўнушальны дэсант беларускіх удзельнікаў першага Беларускага інвэстыцыйнага форуму — у 4‑зоркавым гатэлі «Park Plaza County Hall» для беларусаў забраніравалі 180 месцаў.

Зь беларускага боку працу форуму ўзначаліў прэм’ер‑міністар Сяргей Сідорскі. Удзел у форуме ўзялі міністры эканомікі і сельскай гаспадаркі, намесьнікі міністраў прамысловасьці і энэргетыкі, кіраўнікі галіновых канцэрнаў, банкаў, заводаў. Зьвярнула ўвагу, што ў складзе дэлегацыі быў і дырэктар Гарадзенскага гарбарнага заводу, былы кандыдат у прэзыдэнты ад апазыцыі, Сямён Домаш.

Замежных экспэртаў ды інвэстараў прадстаўлялі лорд Робэрт Скідэльскі, які акрамя ўсяго ўваходзіць у раду дырэктараў расейскай карпарацыі «Сыстэма», Супачай Панічпакдзі, генсакратар Канфэрэнцыі ААН па гандлі і разьвіцьцю, Аляхандра Хара, намесьнік гендырэктара СГА, а таксама прадстаўнікі замежных банкаў і кампаніяў, што маюць свой бізнэс у Беларусі.

***

Уласна форум быў падзелены на шэраг тэматычных сэкцыяў: «Прамысловасьць, нафтахімічны комплекс і энэргетыка», «Разьвіцьцё фінансавых рынкаў і фінансавых інстытутаў», «Аграпрамысловы комплекс, харчовая і лёгкая прамысловасьць», «Рэгіёны, свабодныя эканамічныя зоны, малы і сярэдні бізнэс». Дарэчы, сярод выступоўцаў на апошняй сэкцыі прадстаўнікоў незалежных прадпрымальніцкіх арганізацыяў заўважана не было.

Беларусы прадставілі ўвазе замежных інвэстараў больш за 70 інвэстпраектаў, сярод якіх — стварэньне марскога гандлёвага флёту Беларусі, пабудова заводу па вытворчасьці аўтобусаў на базе МАЗу, стварэньне каскадаў ГЭС на Дзьвіне і Дняпры ды інш.

На выніковай прэс‑канфэрэнцыі прэм’ер‑міністар Сяргей Сідорскі заявіў, што «форум у Лёндане перасягнуў усе нашы чаканьні».
Чым насамрэч могуць пахваліцца арганізатары форуму? Адным з самых пэрспэктыўных вынікаў форуму можна назваць пратакол аб намерах паміж беларускім Мінэканомікі і польскай кампаніяй «Кульчык Холдынг» наконт пабудовы вугальнай электрастанцыі ў Беларусі. Праект ацэньваецца прыблізна ў $1 млрд. Гаворкі пра яго вядуцца гады чатыры, ды пакуль бяз выніку. Меркавалася, што гэта будзе станцыя на польскім вугалі. Толькі ж вытворчасьць яго ў Польшчы скарачалася, краіна сама мае ператварыцца ў імпарцёра гэтага паліва.

Сярод іншага, С.Сідорскі меў перамовы зь кіраўніцтвам амэрыканскай карпарацыі «Катэрпілар». Гаворка вялася пра магчымасьці супольнай вытворчасьці рухавікоў.

Паводле словаў віцэ‑прэм’ера Андрэя Кабякова, заслуга ня раз крытыкаванага дзяржаўнага кантролю над эканомікай у тым, што сусьветны крызіс пакуль мала крануў Беларусь.

Віцэ‑прэзыдэнт банку RBS (ABN Amro) Франк Кайлаарз назваў умовы працы ў Беларусі зручнымі, бо тут «працуюць высокакваліфікаваныя і зычлівыя людзі» ды дзейнічае «дакладна адладжаная арганізацыя правядзеньня ўгодаў». Банк ABN Amro вядомы найперш па двум буйным працэсам — атрыманьні Беларусьсю краінавага крэдытнага рэйтынгу і перадпрадажнай ацэнкай «Белтрансгазу».

Ніхто зь незалежных журналістаў зь Беларусі на форум ня езьдзіў. Грошы, вядома, любяць цішу, але гэта, бадай, ня той выпадак.

Прысутнасьць карэспандэнтаў не зашкодзіла б.

«Як PR‑акцыя, форум магчыма, быў пасьпяховы» — мяркуе намесьніца рэдактара эканамічнага тыднёвіка «Белорусы и рынок» Ірына Крыловіч. Што да доўгатэрміновых яго вынікаў, то казаць нешта пакуль рана, мяркуе яна.

Аналітык Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Дзьмітрый Крук лічыць, што ў любым выпадку Лёнданскі форум наўрад ці будзе мець імгненны вынік для Беларусі.

Варта адзначыць, што форум прыпаў на няўдалы час: фінансавы крызіс не ўтаймаваны, для Беларусі горшыя часы, магчыма, яшчэ наперадзе. Таму сам момант для прыватызацыі не найлепшы — цана прадпрыемстваў падае, попыт нізкі, свабодных грошай на рынку мала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?