Акрамя людзей, зь якімі штодня размаўляем, працуем і п’ем піва, ёсьць і іншыя. Вельмі іншыя. І іх багата. Адкуль яны бяруцца і чаму мы іх ня ведаем? На новым сайце ARCHE.by піша Малгажата Бухалік.

Калі ўвосень 2005 году ў мас‑мэдыях падалі вынік прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы, знаёмыя зь недаверам пыталіся адзін у аднаго: слухай, а адкуль ён узяў 54%? Ці ведаеш каго‑небудзь, хто за яго галасаваў? Не. Ну і не я. А можа нейкія знаёмыя тваіх знаёмых? Выключана. Дык хто? Раптам аказалася, што, акрамя людзей, зь якімі штодня размаўляем, працуем і п’ем піва, ёсьць і іншыя. Вельмі іншыя. І іх багата. Адкуль яны бяруцца і чаму мы іх ня ведаем?

Пра гэта разважаецца ў дзьвюх нашумелых кнігах Уладзімера Казлова «Школа» і «Варшава».

Казлоў паходзіць з Магілёва, вучыўся ў Менску і ЗША, здаўна жыве ў Маскве, піша па‑расейску.

ШКОЛА

Перабудова. Хлопец з рабочага раёну Магілёва, Сяргей, вучань дзявятай клясы.
Усё ягонае жыцьцё – гэта ўласна школа, у якой нічога не адбываецца, сустрэчы зь сябрамі з «рабочага» раёну, практыка на заводзе, дом з абыякавымі, замкнёнымі ў сабе бацькамі і дзяўчаты. Па чарзе: сябры ў такой самай сытуацыі, як Сяргей – нічым асабліва не цікавяцца (акрамя двух аднаклясьнікаў маньякаў электронікі, зь якіх кпяць астатнія), часам ідуць на нейкі матч, але пераважна папросту стаяць на вуліцы, паляць, гавораць ні пра што ці пра дзяўчат і выпіваюць пляшку самагонкі ці піва; часам б’юцца з хлопцамі з суседніх раёнаў, але неяк нязграбна. Абавязковая вакацыйная практыка на заводзе аказваецца жахліва нуднай: дарослыя паводзяць сябе абсалютна гэтаксама – гавораць ні пра што ці пра жонак, часам ходзяць на футбол і пры кожнай нагодзе дый безь яе расьпіваюць ў нейкай забягалаўцы (зразумела, у працоўны час) пляшку гарэлкі. Дом: тое самае, маразм. Ніякіх размоў і якіх‑небудзь агульных тэмаў. Бацька павучае, абкладае матам і задае жыцьцёва важныя пытаньні накшталт «ці ты наогул задумваесься, што далей, пасьля школы? Ці ня трэба ўжо падумаць?», маці гатуе, дае грошы на вопратку і наракае, але ўсё гэта безь ідэі, бяз мэты, «як ва ўсіх». Відаць, такая пасіўная схема пануе у сям’і пакаленьнямі.
Звонку ўсё ОК, у параўнаньні з навакольнымі паталягічнымі сем’ямі – ідылія (ніхто нікога ня б’е, бацькі згодна езьдзяць на лецішча, зарабляюць, сварацца, калі бацька вяртаецца нападпітку, маюць таксама нейкія плыткія інтэлектуальныя патрэбы: маці, напрыклад, выпісвае і роўненька ставіць на паліцы кнігі з сэрыі «Бібліятэка кнігалюба» – хоць не чытае, але прынамсі зьбірае). Бацькі паходзяць зь вёскі і лічаць, што шмат чаго ў жыцьці дасягнулі: кватэра ў панэльным доме і добрая праца па суседзтве.
Яны, хіба, задаволеныя гэтым, хоць чытач раптам уяўляе непазьбежны крах усёй гэтай малой стабілізацыі у наступныя гады перабудовы; ну але яны яшчэ пра гэта ня ведаюць.
Наступнае пакаленьне – Сяргей і яго аднагодкі – таксама пагарджае палітыкай і новымі шанцамі на выбар працы (гандаль, мафія, і так далей).
Відаць, што ў горадзе «яшчэ не пачалося», яшчэ не з’явіўся зачын «новага» і рабіць можна толькі тое, што бацькі: адразу пасьля школы ісьці працаваць на завод, заснаваць сям’ю і гадаваць дзетак або скончыць навучанне і вярнуцца на той жа завод з дыплёмам інжынера і крыху вышэйшымі заробкамі. Два ці тры чалавекі з клясы Сяргея адпраўляюцца вучыцца ў Маскву ці Ленінград і, пэўна, нават маюць нейкія амбіцыі і зацікаўленьні, але Сяргей аб гэтым не задумваецца, нават не стараецца іх зразумець. Для яго магчымае навучаньне ў ВНУ азначае папросту далейшы працяг школы: зазубрыць, здаць, забыць, а ня новы этап у жыцьці, не магчымасьць зразумець тое, што выходзіць па‑за схему жыцьця бацькоў. Да яго не даходзіць, што можна жыць іначай. Разам з бацькамі ён насьміхаецца зь няўклюдных аматараў электронікі (якія, пэўна, неўзабаве зоймуцца ўсталяваньнем у нейкім гаражы першых юнікс‑сэрвэраў – гэта таленты такога тыпу). Але калі ён закахаецца ў дзяўчыну з падрыхтоўчых курсаў да экзаменаў у ВНУ (на якія ходзіць зь неахвотай, каб бацькі ня нылі), адбываецца цалкам незразумелае для яго фіяска. Вось жа, дзяўчына запрашае яго да сябе на гарбату. У доме мноства кніг (бацькі – настаўнікі), слухае цікавую музыку і сапраўды спрабуе наладзіць размову хоць на якую тэму. Сяргей ня ўмее размаўляць, задае банальныя пытаньні, паўтарае цалкам бессэнсоўныя зьвесткі пра сваіх сяброў, школу, бацькоў – сытуацыя становіцца няёмкай, урэшце дзяўчына ў меру далікатна просіць яго, каб больш не спрабаваў зь ёй сутракацца, бо яны адназначна адзін да аднаго не пасуюць. Фактычна, два абсалютна розныя сьветы, але да Сяргея нават не даходзіць, што ён непрывабны. Нуль праблемы: я ёсьць такі, які ёсьць, ня хоча мяне – ну дык што зробіш. У яго лепей выходзіць зь дзяўчатамі, падобнымі да яго – «ходзіць» зь некалькімі па чарзе, без асабліва вялікіх эмоцый (марозіва ў кавярні, сэкс у адсутнасьць бацькоў, провады дадому і г.д.) і відаць, што з часам гэта скончыцца так, як у яго блізкага сябра: залётам і шлюбам. Шлюб у гэтым асяродзьдзі – натуральнае наступства залёту, нейкія іншыя прычыны не ўваходзяць у гульню, прычым ніхто (разам са згаданым сябрам) на гэта ня скардзіцца. Больш за тое, вядома, што такія людзі будуць па меры сваіх магчымасьцяў клапаціцца аб дзецях і старацца як мага прыстойней суіснаваць у насамрэч выпадковых стасунках, ‑‑ так сама, як і іх бацькі, суседзі і г.д.
З усяе кнігі б’е фаталізм, але фаталізм у досыць мяккай вэрсіі.
Сяргей‑наратар – хоць моцна абмежаваны (не інтэлектуальна, бо ён досыць спрытны хлапчына, а сацыяльна і, гмм, мэнтальна), але не ўсьведамляе сабе гэта, жыве спакойна і ў прынцыпе, здавальняюча. Ніякай экзыстэнцыяльнай пусткі, ніякіх душэўных канфліктаў, ніякіх комплексаў. У яго асяродзьдзі няма яшчэ імкненьня да фраерства, прагнасці да фірмовых шмотак і прыбамбасаў ці наогул да грошай – пара рублёў на піва і цыгарэты заўжды знойдзецца (ад бацькоў), праца на заводзе надзейная, жытло службовае або па бацьках на гарызонце – чаго больш хацець. Нічога ня зьменіцца нават, калі СССР разваліцца і Магілёў апынецца ў Беларусі.

Сяргея не цікавяць замежныя гарады і краіны. Падчас школьнай экскурсіі ў Ленінград ўся кляса пасьля стандартнага і нуднага наведваньня Эрмітажу «адрываецца» (ладзіць дыскатэку) у спортзалі школы, у якой начуе. Яны не ідуць «у горад», бо не спадзяюцца там ні на што іншае, як у Магілёве. Перад гэтым свабодную палову дня праводзяць на паляваньні па крамах на сэрвэлат і торцікі для сям’і. Бясьпечны маразм і поўная адсутнасьць фантазіі, амбіцый, хобі. Да таго ж у самым заканчэньні мілая, поўная спакою сцэна:

лета, Сяргей ляжыць зь цяперашняй дзяўчынай на даху панэльнага дому, загарае і паглядае на раён.

– Як выпускны? – пытаецца Волька.

– Я ж табе ўжо ўсё расказаў.

– Не, пытаюся ўвогуле, што ты цяпер пра гэта думаеш? Ты ж учора скончыў школу…

– Нічога я асабліва ня думаю. Скончыў – і скончыў.

Унізе нечая мама галосіць:

– Саша! Саша! Быстра дадому!

– Мяне так таксама матка дапякала, калі я быў малы – кажу я.

– Мяне мая і цяпер дапякае, калі хоча выпінацца [повыделываться].

Я выкідаю бычок. Іскры ад яго разьлятаюцца па даху.

Сунуся да Волькі, мы цалуемся ўзасос [сосемся]. Потым я бяру бутэльку, выпіваю глыток і аддаю ёй.
І канец.

ВАРШАВА

1992 год. Вова (фармальна іншы герой, як у «Школе» – тым разам сын выкладчыкаў з Магілёва, але падыход да жыцьця ідэнтычны) прыяжджае вучыцца ў Менск.
Ня мае ніякіх адмысловых плянаў, надзеяў ці патрабаваньняў; «падабалася ангельская», таму пайшоў на ангельскую філялёгію, вучыцца без запалу; атрымлівае мізэрную стыпэндыю, здымае пакой у пэнсіянэркі (пазьней, на другім курсе, пераяжджае ў інтэрнат), бярэ нейкую дробязь ад бацькоў, але ўсяго гэтага ледзьве хапае на існаваньне. Яму даводзіцца шукаць працу.
Кніга галоўным чынам пра пошукі працы.
Паволі раскручваеца свабодны рынак, узьнікаюць першыя фірмы, хоць пераважае дробны «чаўночны» гандаль, продаж на базарных латках і рэкет, г. зн. выбіцьцё даніны з дробных гандляроў. Зьяўляецца таксама матывацыя: дарагія заходнія шмоткі, алькаголь, машыны (зразумелі, патрыманыя іншамаркі). Вову гэта неяк асабліва не кранае, уласна кажучы, ён ня мае асаблівых патрэб і не зайздросьціць нечакана абагацелым знаёмым, але трэба зарабіць прынамсі на ежу і жытло. Найперш традыцыйна дабіваецца пасады начнога вартаўніка ў нейкіх дзяржаўных прадпрыемствах, але нічога з гэтага не выходзіць.
Першы шоп‑тур з магілёўскі сябруком у Маскву па сьнікэрсы таксама кончыцца фіяска (аптовыя цэны якраз падскочылі і ўся двухдзённая выправа пайшла марна, затое Вова каштуе бутэрброды з «МакДональдза», «бо так трэба»).
Адчайна бярэцца за продаж піва на вакзале (традыцыйны занятак пэнісянэрак, пару бутэлек на дзень за грашы), празь некалькі дзён адбіваецца ад рэкетэраў, а пазьней – ад міліцыі.
Урэшце вырашае ехаць на гандаль у Польшчу.

Паездкі арганізуе студэнцкі каапэратыў. У кожнай групы ёсьць свой «старшы» – дасьведчаны гандляр, які разьбіраецца ў польскіх базарах; езьдзяць людзі самых розных прафэсій і рознага ўзросту, поўны сацыяльны зрэз. Схема простая: два‑тры дні на мясцовых базарах, продаж рэшткаў тавару мясцовым гандлярам, польская гарэлка ў разьвітальны вечар (танная беларуская ўжо прадалася, таму адбываецца, як у анэкдоце: «Што зробіш з гэтым сьпіртам?» – «Прадам» – «А што з грашыма?» – «Прап’ю»), закупка ў беластоцкіх гуртоўнях і – дадому. Польшчы з гэтага гледзішча далёка да зямлі абяцанай: паліцыя «ня ўмешваецца» ў справы беларусаў (г. зн. робіць выгляд, што ня бачыць рэкету), базары паўсюль выглядаюць падобна, наведваць польскія крамы ці хоць бы заскочыць у іх ніхто ня мае ні часу, ні ахвоты. Тавар ідзе па‑рознаму, трэба ўважна слухаць, што ўласна добра прадаецца, каб не змарнаваць грошай. Ня маю паняцьця, якім цудам, аплаціўшы білеты, начлегі і зборы, наогул можна зарабіць на адной валізцы барахла – відаць, усё ж можна. Капейкі, канечне, але заўсёды нешта, дадатак да пэнсій, стыпэндый і г.д., што абясцэньваюцца на вачах. Ага, няма рамантыкі ў гэтых паездках за грош. Ну, можа адна гісторыйка пра чалавека, які адразу пасьля пераезду мяжы адкінуўся праз сэрца, а паколькі людзі не хацелі вяртацца, труп запакавалі ў мяшок у багажнік і спакойна паехалі гандляваць. Наогул

паездкі ў агульных рысах выглядаюць так, як іх сабе уяўляюць палякі: брудныя «гатэлі», брудныя аўтобусы, няспынны пералік грошай, гарэлка, выпадковы сэкс (напр., са «старшым» групы – нават не для нейкай канкрэтнай выгады, а хутчэй ад нуды).

Сябры Вовы з Магілёва даюць сабе рады па‑рознаму. Большасьць надалей загразае ў маразьме, але, напрыклад, нейкі Гура круціць інтарэсы ў Польшчы (рэкет, як пазьней аказваецца) і досыць няблага з гэтага жыве – мае машыну (напаўразвалены форд), здымае кватэру ў цэнтры ў зьбяднелага навукоўца, п’е і чапляе цэлыя касякі аглужджаных ягонай тачылай дзяўчат. Для бацькоў Вовы – ён звыклы бандыт. З аднаго боку, цяжка зьдзіўляцца іхнаму падыходу, з другога, Гура – адзіны зь нямногіх хлопцаў у Магілёве, якія наогул спрабуюць нешта зрабіць са сваім жыцьцём. Так дрэнна і так нядобра.

Празь некалькі паездак «у Польшчу» Вова вырашае пашукаць сталай працы ў Менску і як‑небудзь выкарыстаць сваё веданьне ангельскай. Зачапіўся за фірму, якая займаецца сыгналізацыяй для машын (ненадоўга, бо фірму абкрадаюць і яна банкрутуе); пазьней у турыстычным агенцтве. Грошы невялікія, але агенцтва – гэта ўжо цывілізаваная мадэль бізнэсу: яе уладальнік‑энтузіяст доўгія гады арганізоўваў краязнаўчыя экскурсіі, заплывы на байдарках і г.д., ён ня робіць «падстаў», «выстаўляецца» на турыстычных кірмашах, падпісвае кантракты з замежнымі бюро. Агенцтва сур’ёзна зьмяняе ўспрыняцьце ўсяе кнігі: сьпярша яна чытаецца як твор пра сучасную Беларусь, пазьней – нечакана – пачынаецца параўнаньне з пачаткам 90‑тых у Польшчы…

І яшчэ:

Беларусь стала незалежнай дзяржавай, што Вову і большасьць яго знаёмых мала цешыць.
«Раньше Масква была сталица, и усе знали, а тяпер? Тяпер што, Минск — столица? Гауно этат Минск, гауно» – кажуць людзі і нават ня думаюць пераходзіць на беларускую мову, хоць яна ўжо зьяўляецца ў мэтро, рэкляме і мас‑мэдыях. Нешматлікія (пераважна старыя і неадукаваныя) карыстаюцца трасянкай, па‑беларуску раптам загаварыў адзін унівэрсытэцкі выкладчык, і на кожным кроку патэтычна ў гэтым апраўдваецца.
Пэнсіянэрка Ніна, у якой жыве Вова, наракае на трасянцы, што ва ўсім вінаватыя «Усё гэтые паляки паганые зрабили – Шушкевич и Кебич.
Ня любять яны беларусау...».
П’яны мужык у цягніку:

А чего сейчас па радио гаварят «паважаныя спадары»? Вот ты мне объясни, чего эта я ‑‑ и «спадар»? Был усю жызнь таварищ, а сейчас, на хуй, спадар.

На гэтым фоне часам зьяўляецца нейкая маніфэстацыя нацыяналістаў, якую падазрона ўспрымаюць мінакі (зноў лезуць невядома нашто). Маразм, нестабільнасьць і перадусім уражаньне, то «здабыцьцё незалежнасьці» – гэта нейкая маніпуляцыя, пераапрананьне, за якім стаяць цёмныя інтарэсы намэнклятуры.

Вова ўсё жыцьцё плыў па цячэньні і неяк гэта выходзіла, аднак цяпер нават пры яго сьціплых патрабаваньняў – жыцьцё па здымных кватэрах, харчаваньне ў дабітых сталоўках, старыя шмоткі, часам нейкае піва – грошы са стыпэндыі не хапае нават, каб проста выжыць. Бацькі няўклюдна спрабуюць дапамагчы, ва ўсякім разе робячы выгляд, што дапамагаюць, хоць самі, пэўна, у гэта ня вераць: бацька пэрыядычна ўрачыста ўручае сыну памятыя пяць даляраў (якраз столькі каштуюць два напоі ў менскім клюбе ці порцыя травы на пяць касякоў) і абяцае «ў разе чаго» прадаць сабраны за гады «крышталь» (маці пратэстуе:

Не дам я тебе его продавать — еще, может, на хлеб придется менять. Раз завертелось ‑‑ не остановится. Хоть бы гражданской войны не было.

«Вучыся, вучэньне найважнейшае», – гучыць у ягоных вуснах недарэчна, бо самі яны ў гэта ня вераць. Менскія знаёмыя бацькоў, добра выхаваныя, стараюцца трымаць планку, але бядуюць: ім не стае на асноўныя рэчы, яны эканомяць нават на сьвятле ў прыбіральні. Вова са сваёй вучобай застаецца абсалютна самотны, старэйшае пакаленьне дэзарыентаванае і ў роспачы, даюць сабе рады толькі прайдзісьветы з тых, што выжывуць ва ўсякіх умовах. Сустрэты ў псыхіятрычнай клініцы (лекар канстатаваў у Вовы «агульнае псіхічнае вычарпаньне») бізнэсмэн кажа, што толькі адзін чалавек з тысячы мае талент да бізнэсу, а рэшта раней ці пазьней завальвае справу. Пэўна, мае рацыю, Вова адназначна ня той адзін з тысячы.

Зь дзяўчатамі ў яго таксама ня ладзіцца.
Большасьць, асабліва прыежджыя, разглядаюць хлопцаў як спонсараў, дабіваючыся ад першага спатканьня выпіўкі на дарагіх (хоць і паганых) дыскатэках, а калі «ў фраера канчаецца бабло» без тлумачэньня перасядаюць да іншага століка. Прыежджыя заляцаюцца да арабаў, залятаюць і робяць аборты, спрабуючы «падчапіць» добра забясьпечаных «круцікаў». Дзяўчаты зь Менску – гэта, у сваю чаргу, іншы сьвет: яны на ўтрыманьні бацькоў, у іх нібыта ўсё ёсьць, але яны мараць зьехаць на Захад, на стыпэндыі ці да сваякоў, і практычна робяць уражаньне, што пастаянна сядзяць на валізках. Вяршыня мараў адных і другіх дзяўчат – гэта, зразумела, шлюб з «иностранцем».

Ва ўсёй кнізе, а дакладней, у жыцьці Вовы, не стае цясьнейшых міжасабовых адносін, дружбы, любові, гутарак. Вельмі прыгнятальная атмасфэра адчужэньня. Выпадковыя спатканьні, пустыя размовы пра цэны і задумы на дробны бізнэс (накшталт зборкі тэлевізараў у гаражы ці гандлю на стадыёне), у інтэрнаце практычна тое самае. Адна гэтая пустка не прэтэндуе на «знак часоў» – выразна відаць, што яе крыніца – гэта сам Вова: безрэфлексійны, пазбаўлены зацікаўленьняў, замкнёны ў сабе і пасыўны (дакладна такі, як герой «Школы»). Большасьць людзей вакол яго жыве падобна. Аднак здараюцца выключэньні, з пэрспэктывы якіх Менск пачатку 90‑х выглядаў цалкам іначай: дзяўчаты‑панкі ў каляровых шмотках, якія слухалі добрую музыку на першых плэерах, студэнты, якія зьяжджалі ў ЗША на летнія лягеры (зразумела, як абслуга, за невялікія грошы, але з надзеяй наладзіць кантакты і для моўнай практыкі) і шукалі стыпэндый у эўрапейскіх унівэрсытэтах. Калі нехта хоча, то здолее. Вова ня здолее і папросту ня ведае, што можа чагосьці хацець. Пад самы канец кнігі едзе аўтобусам у Бэрлін, наведаць Волю, сяброўку з унівэрсытэту. Брыдзе крыху па горадзе, п’е мясцовае піва, не захапляецца – для яго гэта хутчэй «крыжык» у графе «пабыць на Захадзе». Размова з Воляй:

– Лепей застанься яшчэ на пару дзён. Куды ты так сьпяшаесься, назад у «савок»?

– А што тут такога асаблівага? Краіна як краіна.

– Ты што, ня бачыш, наколькі тут лепш?

– Бачу. Грошай болей.

– Ня толькі грошай. Тут – зручней, утульней неяк. Няма ўсяго гэтага гаўна …

– А што ёсьць?

– Ды ўсё, што хочаш, усё, што заўгодна.

– Як пры камунізьме?

– Можна і так сказаць.

Варшава, якая дала назву кнізе, – гэта хутчэй архетып «блізкага Ўсходу», чым горад. Зьяўляецца ў творы двойчы: раз як стадыён Дзесяцігодзьдзя падчас хуткаплыннага шоп‑туру (маланкавы шопінг у «down town», бо на стадыёне, кажуць, шмат рэкетэраў), другі раз – пралётам, калі Вова вяртаецца з Бэрліну зь беларускім перагоншчыкам машын Генам. Бачаць Палац культуры і навукі. Гена пытаецца:

– Як табе наогул Эўропа?

– Нармальна. Цікава, у цэлым.

– А чаму не захацеў застацца? Замацаваўся б…

– А каму я ў гэтай Эўропе патрэбны?

– Тожа правільна.

Казлоў піша вельмі праўдападобна. Няма тут жорсткасьці і псэўдарамантыкі «гопнікаў», наркаманаў ці кантрабандыстаў, няма ніякіх асаблівых падзей і рэфлексій. Пэўна, таму кнігі такія моцныя – плоскія, поўныя і моцныя, як іх мова.
Супэраскетычная форма і сюжэт тыпу «дзень за днём», абсалютна празрыстая проза, нешта накшталт мэдузы. Антытэза «Чароўнай Гары» Томаса Мана (героі ва ўзросьце Ганса Касторпа) і любой энэргічнай, экзальтаванай, інтэлектуальнай, візіянэрскай і г.д. літаратуры, напісанай для людзей у гэтым узросьце. Вельмі ашчадная мова: простыя, кароткія, эскізныя сказы, мноства дыялёгаў, лексыкон моцна абмежаваны (падобна, слоўнік адносна адукаванага чалавека складаецца з 10‑20 тысяч слоў, але ёсьць такія, якім для жыцьця хапае 2 тысячы – і тут менавіта другі выпадак). Зацягвае, як добры дакумэнтальны фільм.

Пры чытаньні «Школа» і «Варшава» не выклікаюць па сутнасьці ніякіх эмоцый. Хутчэй прымушаць разважаць: дакладней зазірнуць у выпадковыя адрэзкі жыцьця хлопца родам з панэльных дамоў – прычым не абавязкова магілёўскіх, бо

панэльныя раёны хіба па ўсім сьвеце падобныя і населеныя падобным тыпам людзей.
У даўжэйшай пэрспэктыве трохі палохаюць.
Вэгетацыя, якая ня ведае, што ёсьць толькі вэгетацыяй.
У спакойным рытме нават аб’ектыўна жорсткія сцэны (напр., групавое згвалтаваньне п’янай, разумова адсталай дзяўчыны) упісваецца ў канву маральнай абыякавасьці. Атмасфэра досыць цяжкая, паўсюль нейкія дзіравыя калготы, прышчы, абасцаныя сьцены. Людзі буркочуць адзін на аднаго, лаюцца без дай прычыны. Наратар увесь час апавядае, што ён цяпер бачыць (таму часта пракручваюцца выпадковыя нумары тэлефонаў, вагонаў мэтро, нейкія дробязі), ніяк не ператраўляючы вобразаў ці акцыі. Грызе і ператраўляе чытач. І ёсьць што грызьці. Вельмі адкрытая формула тэксту, па‑свойму інтэрактыўная. І
зонд, запушчаны ў сьвет, якога ня ведаем.

* * *

З польскай мовы пераклаў Алесь Кузьміч паводле аўтарскага арыгіналу.

* * *

Выданьні, якія абмяркоўваюцца ў аглядзе:

Козлов В. Школа. – Москва: Ад Маргинем, 2003. – 288 с.

Козлов В. Варшава. – Москва: Ад Маргинем, 2004. – 240 с.

* * *

Малгажата Бухалік – польская перакладчыца, крытык. Пераклала на польскую мову творы Артура Клінава, Барыса Акуніна, Ігара Бабкова, Віктара Ерафеева, Віктара Пялевіна, Аксаны Робскі і др. культавых беларускіх і расейскіх пісьменьнікаў. На пачатку 2009 г. у яе перакладзе мае выйсьці раман Наталкі Бабінай «Рыбін горад».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0