Выйшаў CD з запісамі ўсіх удзельнікаў леташняга, 18-га паводле ліку, фэсту «Басовішча». Сярод зуброў — «Палац» (з фальклёрыстай «Хай месяц»), «Крамбамбуля» (з ракенролістай «Усё нармальна, мама!»), «Нэўра Дзюбель» (з крыкам душы «Сукі») і «Крама» (з працягам супэрбаевіка «Стэфка» — «Стэфкай праз 20 год»). Сярод маладых хочацца адзначыць IQ48 зь іх «Марсіянамі». Гэтым разам гурт з высокаінтэлектуальнай назвай сьцьвярджае, што марсіяне даўно ўжо тут.
Бонусамі да дыску — фоты і відэа «Зыг Загу» — «Тры расейскія літары».
«Гэты дыск для тых, хто ня здолеў трапіць на фэст ці трапіў, але нічога ня памятае», — кажа кіраўнік творчай суполкі «Осмас» Павал Юрцэвіч, якая і выдала гэты дыск.
Басовішча XVIII, «ОСМАС», 2008