З‑за ўмоў надвор’я перанесена правядзенне следчага эксперымента ў рамках крымінальнай справы ў дачыненні да двух маладых людзей, затрыманых у Курапатах 1 лістапада, якія падазраюцца ў знішчэнні памятных крыжоў.

Як паведаміла БелаПАН следчы Бараўлянскага аддзела Мінскага РУУС Алена Хільчук, запланаваны на гэты тыдзень следчы эксперымент перанесены на дзень, калі ўмовы надвор’я будуць адпавядаць метэаралагічнай абстаноўцы на 1 лістапада. Следчы лічыць, што эксперымент будзе праведзены ў найбліжэйшы час, для чаго накіраваны запыт у Гідраметэацэнтр.

Як зазначыла А.Хільчук, тэрмін расследавання па гэтай крымінальнай справе згодна з Крымінальна‑працэсуальным кодэксам складае два месяцы. Такім чынам, расследаванне павінна завяршыцца не пазней за 11 студзеня 2009 года.

Увечары 1 лістапада прадстаўнікі грамадскасці Аляксандр Макаў і Алег Свірыдаў затрымалі падазроных у Курапатах і перадалі іх супрацоўнікам міліцыі. 11 лістапада Бараўлянскім аддзелам распачата справа па частцы 2 артыкула 346 КК (зневажанне гісторыка‑культурных каштоўнасцяў), згодна з якой прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу, або арышту на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін. Неабходнасць правядзення следчага эксперымента супрацоўнікі міліцыі матывуюць тым, што маладыя людзі актыўна аспрэчваюць падазрэнні ва ўчыненні злачынства.

За апошнія тры гады па фактах вандалізму ў Курапатах, з 1993 года ўнесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка‑культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік гісторыі міжнароднага значэння «Месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940‑х гадоў ва ўрочышчы Курапаты», трэці раз распачынаецца крымінальная справа. Упершыню справу адкрыў Мінскі РУУС у снежні 2005 года па артыкуле 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці), другі раз — у сакавіку 2008 года па частцы 1 артыкула 339 КК (хуліганства). У абодвух выпадках злачынцы не былі ўстаноўлены.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0